Пра жаночае сяброўства
- Сёння
з раніцы было добрае надвор’е і я сам схадзіў у аптэку. Ты ведаеш, каго я там
сустрэў? Ах, адкуль табе ведаць, ты ж зусім яшчэ маладая! Але гэта начальніца
аб сабе пакінула-такі памяць. І вось, стаю я за лекамі і тут заходзіць у аптэку
Ліса! На самой справе яе імя – Лізавета Пятроўна. Але за вочы яе звалі хто
Лізкай, хто Ліскай, а ўрэшце ў памяці сучаснікаў яна засталася Лісой. Ёй я
таксама прысвяціў пару старонах сваіх мемуараў. Нейкі час нават сімпатыю
адчуваў да яе – колер вачэй прыгожы мела і вершы шпарыла напамяць. Артыстка! А
запіс гэты я зрабіў напачатку нулявых…
“Атрымаў
запрашэнне на святочны “Агеньчык” у РДК. Пайшоў, бо там меліся быць людзі, якія
мне цікавыя для развіцця майго бізнесу. Як звычайна, пераважная большасць прысутных
– жанчыны бальзакаўскага ўзросту і старэй. Не паспеў азірнуцца, як трапіў у
моцныя камісарскія рукі Лісы. Пасадзіла мяне за столік, дзе пакорліва чакалі
пачатку імрэзы яе сяброўкі. Хоць сябровак у такіх асоб не можа быць a priori. Аднак у пэўных колах ведалі, што тры былыя калегі па
райкаму камсамола найбольш набліжаны да Лізаветы Пятроўны, і кожнай з іх яна
знайшла вартасную пасаду пад сваім пільным наглядам.
З трох жанчын
толькі адна, Зоя Анатольеўна, трымалася больш-менш незалежна. Дзве іншыя ўсяляк
дэманстравалі сваю адданасць і памкненне па аднаму толькі погляду чыноўніцы
выканаць любы яе капрыз. Яны смяяліся, калі рагатала яна, сурова насупліваліся
ці замілавана ківалі галавой, салідарныя з яе выразам твару. Пасля традыцыйнага
прывітання, багата нашпігаванага паэтычнымі радкамі, і артыстычна прамоўленага
Лісой, палілося ракой шампанскае і мясцовыя спявачкі, дэманструючы свае
вакальныя дадзеныя, праспявалі ці не палову рэпертуару Веркі Сярдзючкі. Ужо на
другім куплеце першай песні ўсе кінуліся ў скокі. Не танцавала толькі Зоя
Анатольеўна, і як мне здалося, шампанскага яна таксама не піла. Загучала
павольная музыка, і я запрасіў яе на танец. Бакавым зрокам заўважыў, як
пачырванеў твар Лізаветы Пятроўны. Напэўна, дзеля захавання субардзінацыі я
павінен быў запрасіць яе, але на той момант у атмасферы разняволенасці хіба я
мог думаць пра субардзінацыю.
Праз некалькі
дзён выпадкова сустрэў Зою Анатольеўну на чыгуначным вакзале. Яна тэрмінова
была адклікана з камандзіроўкі, бо яе сяброўка Ліса загадала праставіць прагулы
за ўсе дні яе знаходжання на рэспубліканскай канферэнцыі. Адчуваючы сябе
ўскосна вінаватым у гэтай жаночай разборцы, я перазваніў праз нейкі час
Анатольеўне. Трубку падняў яе сын і паведаміў, што маці звольнілася і пераехала
ў Мінск. Мой статус паспяховага бізнесоўца і партнёра ў многіх праектах
выканкама дазваляў мне без цырымоніі зайсці ў любы кабінет, што я і зрабіў,
наведаўшыся да Пятроўны. Калі гутарка зайшла пра яе сяброўку, Ліса ажно
пабарвавела: “Яна мяне так падставіла! Яна аказалася апазіцыянеркай! Працуе
цяпер недзе ў апазіцыйных выданнях, а я ж для яе – і пасаду, і грошы па-за
бюджэтныя, і пуцёўку ў лепшы санаторый, і кватэру без чаргі!”
Сітуацыя, у
якой апынулася маё прыватнае прадпрыемства якраз і вымушала мяне шукаць
падтрымкі ў апазіцыйных колах. Таму я прыклаў шмат намаганняў, каб даведацца
нумар тэлефона трапіўшай у няміласць жанчыны. Калі ж дазваніўся і прызнаўся пра
мэту тэлефанавання, то пачуў у трубцы звонкі смех Зоі Анатольеўна: “Ну калі вы
лічыце міністэрства адукацыі апазіцыйнай арганізацыяй – міласці прашу! Толькі
баюся, што не ў нашай кампетэнцыі вырашаць прамысловыя пытанні. І дазвольце
параду адну дам: ніколі не ўспрымайце ў сур’ёз усё тое, пра што хлусіць Ліса.”
Язэп Фядосавіч
замаўчаў хоць вочы яшчэ нейкі час бегалі па радках дзённіка. Напэўна, там быў
занатаваны спіс іншых расчараванняў у паводзінах Лізаветы Пятроўны, але
агучваць іх ён не рашыўся. Зіначка хацела пайсці, але яе спынілі разважанні
падапечнага:
- Вось скажы ты
мне, радасць мая, ці ёсць яно – жаночае сяброўства? У цябе асабіста ёсць? Вось
і ў маёй нябожчыцы жонкі была адзіная сяброўка і то, толькі да таго часу як
выйшла замуж за багатага банкіра. Пасля гэтага да маёй яна прыходзіла толькі
паплакацца іншы раз, а на банкеты, юбілеі ды і проста на гарбату ніводнага разу
не запрасіла. Мая Вольга прыгожая была, то, можа, баялася, што адаб’е мужа, які
і так часцяком налева скасабочваў. Дарэчы, Ліса, калі ў аптэцы са мной
сустрэлася, вельмі ўзрадавалася і доўга мне расказвала пра сваё жыццё. Так
доўга любяць утрымліваць увагу абсалютна чужога чалавека толькі вельмі
адзінокія людзі.