Малой радзімы
песняры
У пошуках кветкі папараць
Да 65-годдзя Аляксандра Быкава
“Я недзе пачуў: мы згараем у полымі лёсу,
І ён, ненажэрны, чарговы адлік пачынае…
Ды дробезі гэта, калі пасылаюць нябёсы
Каханне і дом, дзе заўсёды гарбата чакае.”
7 вераня сустракае свой прыгожы
65-гадовы жыццёвы юбілей таленавіты і вельмі лірычны паэт, сябра Саюза
пісьменнікаў Беларусі, аўтар шасці кніжак Аляксандр Быкаў. Яго кніга “За межы
круга” стала пераможцай Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў 2014 годзе, а
сам аўтар атрымаў прэстыжнага “Залатога купідона”.
ДАСЬЕ. Нарадзіўся
Аляксандр Быкаў у Барысаве, там закончыў сярэднюю школу №11. Працаваў
трактарыстам у аб’яднанні “Барысаўдрэў”, карэспандэнтам у шматтыражцы “Трыбуна
наватара” завода БАТЭ, кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Бярэзіна”. З 1985 года
жыве ў Мядзелі, дзе пэўны час працаваў загадчыкам аддзела эканомікі ў раённай
газеце “Нарачанская зара”.
Першы вершаваны зборнік паэта
“Кветка папараць” выйшаў у выдавецтве “Тэхнапрынт” у 2005 годзе з прысвячэннем
жонцы Таццяне. Мала хто ведае, што раней быў самвыдатаўскі зборнічак па-руску,
дзе большасць светла-душэўных лірычных вершаў таксама прысвячаліся яго вернай
пажыццёвай музе Таццяне.
З паэтам Аляксандрам Быкавым мы разам вучыліся на факультэце журналістыкі
БДУ. Тады мала хто ведаў пра яго паэтычныя здольнасці, ды і, як мне помніцца,
“вершаплёцтва” не дужа віталася на журфаку (за выключэннем прыязных да
літаратурных эксперыментаў выкладчыкаў-філолагаў). З кагорты аднакашнікаў Саня
вылучаўся сваімі камунікабельнасцю, яскравым трапным гумарам, іранічнымі
каментарамі, якія нікога не крыўдзілі, а вельмі часта спрошчвалі напружаную
сітуацыю. Сёння, чытаючы і перачытваючы кніжкі паэта, я адчуваю іранічныя
матывы бадай у кожным вершы. Ці не таму вельмі лагічным працягам яго творчых
пошукаў сталі пародыі на вершы калег па пяру.
Паэзія Аляксандра Быкава мае свой асабісты голас, сваю мелодыку і, што
адметна – афарыстычную выснову, своеасаблівую мараль у завяршальных радках
літаральна кожнага верша. Так мала сёння творцаў, якія асмельваюцца зрабіць
выснову напісанаму, падвесці рысу і нават даць параду. А ён рызыкуе, хаця ні
разу не перайшоў той мяжы, за якой небяспечна ператварыцца ў занудлівага
чытальніка натацый. Нават яго імкненне вырвацца за межы круга ў аднайменнай
кніжачцы вершаў - не прыклад уседазволенасці, а пакутлівыя пошукі свайго шляху,
сцвярджэнне сваіх ідэалаў, перакананняў, якія ніякім чынам не павінны ўшчамляць
інтарэсаў іншых людзей. У гэтай сваёй далікатнасці, тактоўнасці, не яго
адступства, а самасцвярджэнне аўтара і лірычнага героя.
Абагаўленне чалавека стваральнай працы – гэта так па-журналісцку, асабліва
калі журналіст працаваў шмат гадоў у “раёнцы” поруч з героямі сваіх публікацый,
ведае іх штодзённыя клопаты аб хлебе надзенным, іх занепакоенасць заўтрашнім
днём сваіх дзяцей, лёсам шматпакутлівай сваёй малой радзімы. Яго патрыятызм не
пафасны, а вельмі канкрэтны. Гэта не ідэалогія, а пачуцці. Матывы малой радзімы
з яе спрадвечнымі праблемамі, прагучалі ў ранніх вершах:
Вёска справы не пакіне,
Хай абрынецца Сусвет.
Па адвечнай каляіне
Там усё ідзе як след…
А затым настойліва і ўжо мацнейшым гукам з’яўляюцца ў новых, выспелых, з
набыткамі вопыту і прафесійнага пісьменніцкага майстэрства радках:
І недзе там, дзе зорак стос
Хавае тайны,
Шлях пракладзе зноў да нябёс
Араты дбайны.
Яшчэ адно захапленне, якому да нядаўняга часу Аляксандр аддаваўся з
апантанасцю – марафон. Ці не таму ён некалі абраў менавіта бег, што ў гэтым
відзе спорту яму бачыліся агульныя з паэтычнай творчасцю пакуты і агульная
асалода ад чарговай перамогі. Вось такую выснову ён зрабіў у вершы “Марафонец”:
…Такая доля марафонца:
Ісці на жылах і цярпець
І праклінаць спачатку сонца,
Каб потым гімн яму прапець.
Найбольш праяўляецца паэтычны талент Аляксандра Быкава ў яго любоўнай
лірыцы. Напэўна, мала знойдзецца творцаў, якія так узнёсла і пяшчотна пішуць пра
шчаслівае каханне. Хаця іншы раз узнікаюць матывы непаразумення, расчаравання і
тым не менш у яго творчасці, як і аднайменнай кнізе “І тым не менш”, каханне
перамагае і дае надзею ўсім закаханым у сваю неўміручасць:
Яшчэ нас напаткаюць крыгаломы
І ў небе заспяваюць жаўрукі.
І недзе там, за рысай невядомай,
Ізноў тваёй я папрашу рукі!
Чарговы юбілей, як чарговая жыццёвая справаздача. Таму напярэдадні ў
Аляксандра Быкава выйшла новая кніжка вершаў “Барысаўскі тракт”. Гэта даніна
ўдзячнасці месцу свайго нараджэння, гораду, дзе прайшлі лепшыя гады дзяцінства,
юнацтва. Павіншуем паэта з юбілеем і будзем чытаць яго новыя творы, прасякнутыя
любоўю, верай, надзеяй.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.