з творчай біяграфіі:
Друкавацца пачала з 1977 года ў мясцовай маладзечанскай газеце і ў рэспубліканскай прэсе. Вершы змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Куфэрак Віленшчыны», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Аўтар чатырох кніг «Яны не ведалі мяне», «Бывай, Альба Рутэнія», «Рэфлексіі», «Не пускайце ў сэрца адзіноту». Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў намінацыі «Паэзія», пераможца абласнога конкурсу рукапісаў і лаўрэат абласной прэміі імя Цёткі.
e-mail: alaklemianok@bk.ru
Гэта толькі здаецца, што наша жыццё аднастайнае і шэрае. У кожным дні ёсць нешта прыемнае, прыгожае, а калі і адмоўнае, то ўсё адно - карыснае для асабістага развіцця. Каб зразумець гэта, проста трэба расплюшчыць вочы, глядзець не пад ногі, а навокал. Навострыць вушы і слухаць. Знаходзіць свае “разынкі” сярод будзёных спраў. Адчуваць, як атуляе нябачная энергія Космасу наваколле, уліваючыся ў нашы целы і душы зямнымі радасцямі.
У той дзень, калі я вырашыла, што сваю жыццёвую місію выканала з ліхвой, стомлены анёл-ахоўнік склаў свае крылы, патрапаныя ў маіх бясконцых вандроўках, поўных рызыкоўных прыгод і бесперапынных пошукаў ісціны. Больш ён не ляцеў навыперадкі з маімі марамі і памкненнямі, падсцілаючы саломку там, дзе я магу паваліцца, і не перакрываючы бураломам дарогу, якая вядзе да багны. Час ад часу ён па старой звычцы пасылаў нейкія знакі перасцярогі ў сны, што трывожылі маю свядомасць няпэўнымі вобразамі і страшылкамі. Мог пракрычаць дзікім голасам балотнай птушкі або скінуць яркі метэор з начнога неба, папярэджваючы пра небяспеку. Але рабіў гэта ўсё радзей і радзей, пакуль супакоены не заняўся сваёй любімай справай: ляпіць скульптуры з нябесных аблокаў.
Мой анёл-ахоўнік спачываў на пышных аблоках сіняга вераснёўскага неба, грэючыся ў цёплых аксамітных промнях восеньскага сонца, калі я, збіраючы грыбы ў незнаёмым лесе, забылася пра асцярожнасць, адыходзіла ўсё далей і далей ад старой дарогі... чытаць...
Кульбака-паэта, Кульбака-празаіка і драматурга ведалі і любілі ў Мінску, Маскве, Варшаве, Вільні, Коўне, Адэсе, Берліне, нават у далёкім Брукліне. Любілі і паважалі за яго неардынарную творчасць, за жыццялюбства, за талент педагога і наватара. Яго творчае жыццё ад першага апублікаванага верша “Зорачка” і да апошняй п’есы ахоплівае толькі два дзесяцігоддзі. Творы Машэ Кульбака перакладзены на беларускую, літоўскую, польскую, нямецкую, англійскую, французскую мовы.
Яго забілі і доўгі час хавалі гэта, выкрэслілі яго імя, спалілі кнігі. Толькі, як вядома, рукапісы не гараць, а надрукаванае і выдадзенае - тым больш. Аднаму Богу дадзена права вырашаць, якім творам жыць, а якія павінны знікнуць. ....чытаць...
Я нарадзілася ў казцы. Яе насельнікі прыклалі шмат намаганняў, каб задаволіць маю дзіцячую смагу дзівосаў, каб загартаваць маю свядомасць ад наступстваў рэзкіх перападаў тэмпературы энтузіязму ў грамадстве, каб прышчапіць вакцынай народнага гумару мой густ, прывіўшы імунітэту трываласць супраць усяго нізкаякаснага, шкоднага для душы і псіхікі. Казка існавала не на нейкай пэўнай тэрыторыі, а ў вымярэннях часу. Таму і мая малая радзіма – не гістарычная Віленшчына, працятая вірлівай Вяллёй, а паралельны свет, што існаваў па-над гэтымі тэрыторыямі з іх этнічнымі лучнасцямі, хутарамі, дзяржавамі. Цудоўны свет, нават Сусвет, маёй казачнай Бацькаўшчыны быў знітаваны сотнямі ручаёў, рачулак, рэк, што імкнуліся да сваёй сталіцы, - Вяллі, якая насамрэч выконвала ролю культурнага, эканамічнага, навуковага, гандлёвага цэнтра. ....чытаць...
....Не трэба мець вялікага таленту, каб проста расказваць пра тыя ці іншыя дзеі, здарэнні, выпадкі. Для таго чалавек і надзелены ўменнем размаўляць, каб даносіць інфармацыю да іншых з дапамогай слоў маўлення. Не спатрэбіцца геніяльных здольнасцей, каб словамі апісаць вусна ці пісьмова як падзеі, так і абстаноўку або свае ўражанні ад убачанага. І толькі ўвасобленыя ў слове пачуцці – вось той крытэрый, якім, на маю думку, вымяраецца ўзровень таленавітасці і адоранасці пісьменніка. .. чытаць...
Адразу шчыра прызнаюся, што да ўсялякіх замежных “імплантантаў” у нашу нацыянальную культуру стаўлюся без асаблівага энтузіязму. Таму з пэўнай доляй іроніі паўдзельнічала ў конкурсе да Дня закаханых, абвешчанага мінскім літаратурным музеем Пятруся Броўкі. Проста была даволі працяглая рэпрыза паміж мерапрыемствамі і справаздачамі з іх у газету, і я вырашыла крыху павесяліць музейных работнікаў, даслаўшы ім, як таго патрабавалі ўмовы конкурсу, наш з мужам фотаздымак і верш Броўкі з адпаведным зместам да яго.....
Шаноўны карэктар або рэдактар, калі вы паспяшаліся перакрэсліць у маім загалоўку слова “свет” і замяніць яго на “святло”, то аднавіце, калі ласка, першы варыянт. Таму што насамрэч я маю на ўвазе не электрамагнітнае выпраменьванне, успрымаемае чалавечым вокам, а філасофскае паняцце ўсяго існага, напрыклад, быццё чалавека. Каб зразумець ход маёй думкі, трэба прачытаць творы з новай кнігі Ніны Рыбік “Скрыжаванні”. Кніга пра жаночыя лёсы, але прачытаць яе будзе цікава і мужчынам, таму што аповесці і апавяданні з яе, наогул пра асабістыя стасункі, пра памылкі юнацтва, пра расплату за свае грахі і глупствы, пра імкненне да шчаслівага жыцця. Надзея на шчасце вядзе герояў кнігі праз змрочны тунэль здрад, расчараванняў, беднасці, душэўных страт у новы свет, які існуе паралельна з пакутлівым шляхам, але выйсце з якога - толькі ў канцы тунэля. ....чытаць...
Такое сабе нават уявіць немагчыма, таму што такога не можа быць наогул. Тым не менш, паспрабуйце сабе ўявіць, што прафесію …, напрыклад, урача абвясцілі не прафесіяй, а хобі - захапленнем нейкай часткі грамадзян, што маюць сярод іншых сваіх талентаў і схільнасцей прыроджаныя ці набытыя з цягам часу здольнасці ў лекаванні людзей..чытаць...