Род і народ
Ад Спаса да Спажы
“А
Макрына - у каралях чырвоных, у туфлях атласных, у сукенцы сіняй - ідзе да
ракі. Як галіна вярбы гнуткая. У правай руцэ ў яе вузельчык з жытнімі ды
пшанічнымі каласкамі. Вось яна ля вады спыняецца. Развязвае вузел, кідае ў раку
каласкі. На беразе застаюцца атласныя туфлікі, каралі. Уваходзіць у ваду рачную
Макрына. "Расступіся і сыдзіся вада, адступі, сухая бяда, ад поля, ад
зямелькі ўзаранай, ад падворка, ад хлебнага кораня".
Бабуля Макрына
слухае дзядуляў аповед, схіліўшы на бок галаву, усміхаючыся кончыкамі вуснаў і
прыжмурыўшы свае блакітныя непадуладныя старасці вочы. Дзядуля Фядось для нас,
унукаў, – сапраўдны Бай, ён столькі ўсяго ведае, а чаго ня ведае, тое
дапрыдумвае. Бабуля не ўмее казкі расказваць, затое яна – геніяльны слухач. Не
тое, што ўнукі, якія ўвесь час перабіваюць Бая, закідваючы пытаннямі, як на
допыце. Перабіваюць адзін аднаго, не даючы дарасказаць, чаму бабулю назвалі
Макрынай, хоць нарадзілася яна не 1 жніўня, пазначанага ў праваслаўным
календары гэтым імем, а 28 жніўня, на Прачыстую, або па-іншаму Унебаўзяцце Маці
Божай. Ізноў распачынае дзядуля тлумачыць:
- Хрысціяне
святкуюць тры Спасы: Мядовы, Яблычны, Хлебны або Палатняны. З першага Мядовага,
які яшчэ называюць Спасам на вадзе, пачынаецца Успенскі пост. І доўжыца ён ажно
да Прачыстай, калі і нарадзілася ваша бабуля Макрына. У вялікае свята
нарадзілася, па-нашаму на Спажу. Да Спажы заканчваецца жніво, дажынкі святкуюцца
з новым ураджайным караваем. Людзі кажуць, што чалавек, народжаны на Прачыстую,
усё жыццё пад аховай самой Дзевы Марыі знаходзіцца, аніякія беды яму
нястрашныя.
Гэтым часам
бабуля сумна ўздыхае і пераводзіць погляд за акно, дзе пад яблыняй-ранеткай
поўна ападу ляжыць. Дзеці даўно ад’еліся свежых яблыкаў, а бабуля чакае
яблычнага Спасу, прытрымліваючыся традыцыі: жанчыне, у якой дзеці паміралі, забаронена
каштаваць яблыкі да Спасу.
- Дык вось
чаму ты, дзядуля, Марыляй бабулю клічаш, а не Макрынай, - узрадавана заяўляе
старэйшая ўнучка. – А чаму Мядовы Спас яшчэ вадзяным называюць? Таму што
Макрына ў рэчцы купаецца?
- Таму што з
гэтага дня Вялікі князь Уладзімір, прыняўшы хрысціянства, пачаў хрысціць
жыхароў свайго княства Кіеўскага ў рацэ Днепр, усяляк распаўсюджваў новую веру.
У Кіеве ён пабудаваў на месцы смерці першапакутнікаў Феадора і Іаана
дзесяцінную царкву, асвечаную ў гонар Небаўзяцця Божай Маці.
- Дзядуля, -
не суцішаецца з пытаннямі ўнучка, - а цябе назвалі ў гонар таго самага
першапакутніка Феадора? А ў царквы як і ў бабулі адзін дзень нараджэння?….
Ах, колькі ж
часу праляцела з той пары! Шмат чаго з памяці сцёрлася, шмат што набыло іншы
сэнс пад прэсам савецкай прапаганды. Але ні настаўнікам гісторыі ў школе, ні
выкладчыкам універсітэта не ўдалося пахіснуць маіх перакананняў, выспеўшых на
галінках хрысціянскай веры, гісторыі і маралі.
Жнівень з
дзіцячых гадоў застаўся ў памяці як самы багаты летні месяц. Хоць і пазначаны
ён Успенскім постам, але не абмяжоўваў ніякімі рамкамі ўжыванне ягад, садавіны,
агародніны, мёду, арэхаў. А якія смачныя піражкі з трускалкамі, пончыкі з
грыбамі, варэнне, вішнёвую бабку гатавалі напрыканцы лета нашы мамы і бабулі!
Новае
разуменне паняцця “Спас” неяк даў мой сын, калі пачаў вывучаць англійскую мову.
Ён скептычна ўспрыняў маё тлумачанне назвы свята ад слова «спаситель», гучна і
пераканаўча прамовіўшы: “А мне здаецца, што “спас” ад англійскага “space”
(“космас”). І ў сувязі з гэтым вельмі лагічная назва хрысціянскага свята “Шлях
Марыі дадому”, якое вядома яшчэ з VI стагоддзя.
Можна было
спрачацца, адстойваючы сваё, мясцовае, традыцыйнае. Але нельга процістаяць
сусветнаму працэсу і не заўважаць, што свет змяніўся, нашы дзеці іншыя.
Галоўнае, каб яны захавалі ў сабе чысціню душы і ўдзячнасць продкам, што збераглі
веру і веды, нягледзячы на ўсе д’ябальскія правакацыі.
Ала КЛЕМЯНОК.