Рупліва кінутае зерне на
гарадзенскай зямлі:
да Сусветнага дня Паэзіі
Паэзія – дзіўная музыка
слоў,
Ігранне пачуццяў на ліры.
І голас прываблівы, шчыры:
Паэзія – дзіўная музыка
слоў.
Жывымі радкамі кіруе
любоў,
І тыя радкі – канваіры.
Паэзія – дзіўная музыка
слоў,
Ігранне пачуццяў на ліры.
Р.Крушына
Сапраўднае, жыватворна-трапяткое ігранне пачуццяў на ліры
ПАЭЗІІ, МУЗЫКІ, ДАРУ гучала ў гродзенскім Доме творчасці ў Сусветны дзень
паэзіі. Утульная гацінная зала сабрала шмат прыхільнікаў прыгожага
пісьменніцкага радка: аматараў творчасці з самой Гародні і Прынямоння,
навучэнцаў, выкладчыкаў каледжа мастацтваў і студэнтаў-філолагаў Гродзенскага
дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, журналістаў, рэдактараў перыядычных выданняў
і, нарэшце, саміх пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі. Сюды
прыйшлі менавіта тыя, хто па жыцці шукае
Красу і Светласць. А творчасць, як вядома, гэта і дар, і пакута. І надзвычай
адказна несці Богам дадзены дар і быць пачутым. Жыццё ў мастацтве і мастацтва ў жыцці – такая цана і плата, такі
смак МАСТАЦТВА, супярэчлівага і суровага, ахвярнага, дзе, са слоў паэта
Р.Барадуліна, “Паэзія – хвароба ўсіх
вякоў. // Паэзія – служанка й каралева”. Яе Вялікасць Паэзія адорвае
цудатворным уменнем тварыць Хараство і чараваць Хараством, знаходзіць апірышча
ў вечным, светлым і святым.
Паэзія і Жанчына – з’ява неардынарная. Сто гадоў таму
наша слаўная зямлячка Алаіза Пашкевіч – Цётка – голасна, прароча заяўляла: “Жыве мая ліра нанова!”, або “Стану песняй у
народзе!”. Памяць пра Яе жыве ў кожнага беларуса, які неабыякавы да
будучыні Беларусі. Сённяшняе ўганараванне гродзенскіх творцаў прэміяй імя Цёткі
– пачэсны доўг перад жанчынай-легендай Беларусі, якая стагоддзе таму надзіва
прароча заклікала:
Наш палетак не араты,
Палынаміцвіценіва.
Ну-ка, братцы, кумы, сваты,
За работу станьма жыва!
Вялікая беларуская паэтэса-будзіцелька, асветніца шчыра
дбала пра тое, каб засеяць наш палетак
адборным зернем – Зернем Дабра, Мудрасці, Спагады.
А як араты наш палетак сёння?
Так, пасеяныя зямлячкай Цёткай зярняты далі прыгожыя,
каштоўныя ўсходы на ўрадлівай гарадзенскай зямлі. Рупліва кінутае зерне прычакала багатага, спелага жніва.
Пераможцамі першага абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі выступілі Ала Клемянок і Аляксандр Слашчоў (у
намінацыі “Паэзія”) і галоўны рэдактар Астравецкай раённай газеты, член СБП Ніна Рыбік (у намінацыі “Проза”). Урачыста,
мудра і годна ліліся паэтычныя радкі “Пагавары
са мной на роднай мове” Алы Клемянок і тонка-эстэтычнаае,
кранальна-летуценнае “Нарисуй мне музыку
Шопена лёгким поворотом головы” Аляксандра Слашчова. Пераканаўча, нават
спакушальна пражытым і перажытым робіць разлік на інтэлектуальнага чытача аўтар
кнігі “Скрыжаванні” Ніна Рыбік… У гонар шаноўных пераможцаў ансамбль “Раскоша”
каледжа мастацтваў падарыў песню “О, бацька Нёман, дай мне сіл” на словы
гродзенскай паэтэсы, члена СПБ Марыі Цітарчук. Дарэчы, выкананне менавіта
гэтага твора прынесла ансамблю перамогу ў сёлетнім абласным конкурсе
патрыятычнай песні. Думаецца, высокапафасная і адначасна
малітоўна-заклікальная, меладычная песня “О, бацька Нёман, дай мне сіл” была і
будзе натхняльнай у будучым для ўсіх паэтаў Прынёмання.
Гарачымі апладысментамі адарыла зала гродзенскіх паэтаў
Тамару Мазур і Анатоля Апанасевіча, Людмілу Кебіч і Браніслава Ермашкевіча,
Марыю Цітарчук і Алу Нікіпорчык, Георгія Кісялёва, Людмілу Шаўчэнка, Дзмітрыя Радзівончыка, а таксама іншых. Праз Музыку, Песню пачуццё
паэзіі выглядае надзіва жывым і датклівым. Ранішняй свежасцю і некранутай
непасрэднасцю была ахутана песня “Незабудкі” на словы Л.Кебіч (пераможцы
рэспубліканскага конкурса “Залаты Купідон” ў намінацыі “Песенны жанр”) у
выкананні вучаніцы 4-га класа Лышчык Віялеты. На словы тонка адчувальнай
паэтэсы Алы Нікіпорчык прагучаў інтымны, раніма-спавядальны раманс “Расскажи
мне обо мне”, музыку напісала Ірына Траццяк, а выканала Алена Палейчык –навучэнка
каледжа мастацтваў. Пасля пафаснага гучання прэлюдыі Клода Дэбюсі “Лунный свет”
з “Бергамаскай сюіты” зайздросна разняволіў слухачоў Пётр Сямінскі – паэт,
празаік, парадыст і майстар бурымэ (дарэчы, складаннем і выкананнем апошняга
свайго шэдэўра аўтар асабліва заваражыў аматараў слоўнага мастацтва).
Гродзенскае свята – узор таго, што сапраўднае мастацтва –
гэта зладжаная гармонія ліній, рухаў, гукаў, фарбаў. Уражвала тое, што
большасць вершаў суправаджалася музыкай. Светлай, гаючай, цудатворнай. Гэта
стварала атмасферу чароўнасці і ўрачыстасці. Здавалася, што вабны,
таемна-загадкавы дух панаваў у Храме творчасці, аберагаў святасць кожнага
творцы. Безумоўна, то плён прыгожага гаспадарання (тут абласному аддзяленню СПБ
асабліва пашанцавала) Людмілы Антонаўны Кебіч, якая надзвычай суладна
супрацоўнічае з каледжам мастацтваў і моладдзю. На словы паэтэсы з вуснаў
вядучых і прагучалі развітальныя, але такія мажорныя, вітальныя радкі:
Я думаю, што дзень быў не апошні,
Што развітанню, пэўна, не настаць.
Я думаю, яшчэ не раз Гародня
Такія святы будзе святкаваць.
І будуць зоркі віснуць над сталамі,
Натхненне голаў віраваць, бы млын.
І што надоўга застанецца з вамі
Сяброўскі, шчыры, паэтычны ўспамін.
Сапраўды, хараство апраўдваецца хараством: і ўспамін застаўся, і натхненне
віруе, і свята Гародня будзе святкаваць новымі кнігамі і ўдзячнымі чытачамі.
Каб рунела святам свянцонае роднае слова ў беларускай кнізе.
Аліна
Сабуць,
дацэнт кафедры
беларускай літаратуры
ГрДУ імя Янкі Купалы
27.03.2013