Ірына ФАМЯНКОВА

 

ДЫЯЛОГ У ЛІРЫЧНАЙ ТАНАЛЬНАСЦІ

 

«Дыялог літаратур – адзін са складнікаў культурна-эстэтычнага развіцця грамадства».  У гэтым класічным вызначэнні – гісторыя літаратуры розных эпох у пераклічцы ідэй, дасягненняў, адкрыццяў; у перапляценні пісьменніцкіх лёсаў і іх светапогляду; у працягу лепшых традыцый сусветнай і сваёй, нацыянальнай, у прыватнасці, рэгіянальнай літаратуры.

 

Дзясятага лютага абласная бібліятэка зноў сабрала аматараў кнігі. Ушаноўвалі пераможцаў ІV абласнога літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч), які дае магчымасць гродзенскім пісьменнікам не толькі заявіць пра свае творчыя дасягненні, але і рэалізаваць выданне кніг. Сярод лаўрэатаў конкурсу літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Эдмундаўна Сабуць – пераможца ў намінацыі «Літаратуразнаўства і крытыка» за прадстаўлены рукапіс кнігі «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ–ХХІ стагоддзяў: манаграфія. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2022. – 335 с.»

 

Як адзначаецца ў анатацыі да кнігі, гэта «даследаванне нацыянальнай самабытнасці айчыннай літаратуры, кантактных сувязей беларускай літаратуры са славянскай і сусветнай літаратурай», дзе «акцэнтуецца ўвага на творчых партрэтах, творах і праблемах, у ацэнцы якіх крытыка і чытач перакрыжоўваюць часам дыяметральна процілеглыя меркаванні… Гэта заканамерны працяг беларускай літаратурнай гісторыі, якую тварылі і твораць яе сведкі – класікі і сучаснікі».

 

Гэта кніга – падсумаванне шматгадовай працы аўтара А. Сабуць, дзе сканцэнтраваны прафесіяналізм, энцыклапедычнасць ведаў і шчырасць яе душы. Гэта фактычна новы вучэбна-метадычны дапаможнік не толькі для студэнтаў – будучых філолагаў, але і для ўсіх, хто звязвае свой лёс з літаратурнай творчасцю, хто любіць і чытае беларускую літаратуру.

 

Адзін з раздзелаў кнігі – «Літаратурная Гродзеншчына сёння» – запрашае чытача на традыцыйныя Купалаўскія чытанні – «для абмеркавання навуковых дасягненняў найперш у купалазнаўстве і філалогіі ўвогуле». Паглыбляючыся ў тэму, аўтар аддае даніну рэгіянальным пісьменнікам – найвышэйшым аўтарытэтам у беларускай філалогіі, вучоным, выкладчыкам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы І. Жуку і А. Пяткевічу. Кожны з іх па-свойму быў настаўнікам пісьменніцкага пасляваеннага пакалення Гродзеншчыны.

 

Ігар Васільевіч Жук – доктар філалагічных навук, прафесар, таленавіты тэарэтык літаратуры – у «Дыялогах» Аліны Сабуць паўстае перад намі найвялікшай духоўнай асобай: «Як паўнапраўны месія ў студэнцкай аўдыторыі, Ігар Васільевіч сакральна распавядаў пра сакрэты мастацкага слова… Кожныя яго заняткі адбываліся як набажэнства, як абрад…».

 

«Жыццё – дзівосна прыгожая рэч», – так казаў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, які нядаўна пайшоў з жыцця (дарэчы, і мой настаўнік у далёкія шасцідзесятыя мінулага стагоддзя) – «няўрымслівы падзвіжнік краязнаўчага руху, нястомны захавальнік культурнай спадчыны Гродзеншчыны». Як дакладна бачыць Аліна Эдмундаўна гэтага Чалавека! «Абаяльны і інтэлігентны. Сціплы і высакародны … з небаўзлётнай верай у святасць беларускага слова». Ён увайшоў у гісторыю літаратурнай Гродзеншчыны таксама глыбокімі даследаваннямі творчасці рэгіянальных пісьменнікаў, «дзяліўся ўсё свядомае жыццё арыгінальнымі думкамі пра літаратуру, яе ўчарашні, сённяшні і заўтрашні дзень».

 

У гэтым раздзеле кнігі А. Сабуць звяртаецца і да творчасці гродзенскай пісьменніцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Дануты Бічэль, аўтара больш за дваццаць паэтычных зборнікаў, у якіх падкрэслена глыбокае «далучэнне да нацыянальнай гісторыі», «культурная спадчына Гародні», «духоўнае ачышчэнне… праз святыню малітвы».

 

Мы не можам жыць  без Краю.

Мы не можам – хата з краю.

Наша хата – наш парог!

З намі Нёман, з намі Бог!

 

                                          Д. Бічэль

 

Далей А. Сабуць працягвае дыялог літаратур праз вытанчаны, ёмкі аналіз творчасці сучасных членаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: Людмілы Кебіч, Людмілы Шаўчэнкі, Анатоля Апанасевіча, Віктара Кудлачова і Ірыны Фамянковай. Гэта даніна лепшым традыцыям даследавання творчасці сучасных пісьменнікаў Гродзеншчыны.

 

Чытаю і бачу перш за ўсё вобраз аўтара манаграфіі. За кожным радком Аліны Эдмундаўны – найглыбокае пранікненне ў сутнасць асобы, творчасці, ладу мыслення. Здаецца, што аўтарка пісала кожным нервам свайго сэрца.

 

Лейтматывам лірычнага расповеду пра Людмілу Кебіч стала «суладдзе музыкі і паэзіі ў мастацкім почырку» вядомай беларускай паэтэсы, празаіка, публіцыста, перакладчыка, музычнага педагога. «Паэтычная філасофія музыкі ў мастацкім свеце Людмілы Кебіч, – адзначае Аліна Сабуць, – вельмі неардынарная і надзвычай гарманічная праява. Гэта дзівоснае выяўленне вершаванай музыкі, або музыкі слова ў паэзіі праз “гукавы пейзаж” верша (рытміка, інтанацыя, асацыяцыі), які “раствараецца” ў музычным “пейзажы душы”», «…ён рознакаляровы і шматгалосы, самавіты і непаўторны».

 

А гэтыя радкі вызначаюць жыццёвае крэда паэтэсы:

 

Не ружа я… Я палявая кветка,

і маю ўласны, гучны голас свой…

Я Прынямоння вечная паэтка

і тчэцца тут жыцця майго сувой!

 

                                                 Л. Кебіч

 

Лірычны вобраз жанчыны-паэта, філасофію жаночай душы Людмілы Шаўчэнкі Аліна Сабуць бачыць у працягу лепшых традыцый нацыянальнай літаратуры. Разгортваючы старонкі зборніка вершаў Л. Шаўчэнкі «Солирует жизни струна», даследчыца заўважае: «Здаецца, сама вокладка кнігі так далікатна спрабуе прадставіць партрэт аўтаркі. Яе асаблівы жаночы свет, які вымяраецца сваёй, адметнай сістэмай каардынат».

 

Когда я долго не пишу стихов,

Я не живу, а только существую…

Дай, Боже, мне поэзию такую,

Как в праздник перезвон колоколов!

          

                                     Л. Шевченко

 

Па меркаванні А. Сабуць, Людміла Шаўчэнка ўмее «не толькі дарыць, а сагрэць-ахінуць, ускалыхнуць, зрабіць паэзіяй само жыццё, дзе шмат імгненнасці і вечнасці, сцюдзёнасці і цеплыні…».

 

Філасофію мыслення Анатоля Апанасевіча літаратуразнаўца даследуе ў артыкуле пра яго новую кнігу афарызмаў «Красные фразы». «У атачэнні абраных, пакліканых герояў і гераінь, валадарыць і паэт, і спявак, і рытар, і філосаф… Іхнія воблікі – сугучныя і канкурэнтныя, гарманічныя і супярэчлівыя ў прасторы і часе (“В море слов и мысли канут…”, “Не поэт владеет словом, это слово владеет им”, “Есть слова, да сказа нет…”)».

 

У паэтычнай творчасці А. Апанасевіча прасочваецца яго «магія тварэння»: музыка, інтымнасць, інтэлектуальнасць, паэтычная філасофія: «Явились Вы – и гамма красок / Легла на жизни полотно. /Явились Вы средь мира масок…».

 

«“И лира громче зазвучит…”: лірычна-эпічны дуэт Віктара Кудлачова і Ірыны Фамянковай» – так называецца нарыс Аліны Сабуць аб маёй нядаўна выдадзенай біяграфічнай аповесці «Вдохновения луч» пра вядомага дзіцячага паэта Віктара Кудлачова. Да гэтага жанру я прыйшла, маючы ўжо значны досвед лірыка-дакументальных аповесцей і апавяданняў розных гадоў. Аліна Эдмундаўна піша: «Абодва аўтары – ганаровыя члены ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, сапраўдныя Педагогі з вялікай літары, мудрыя пісьменнікі з шырокай эрудыцыяй і высокай творчай культурай мыслення…». Здавалася б, які ўсплёск пачуццяў можа выклікаць дакументальна-біяграфічная аповесць? Але Аліна Эдмундаўна пранікнёна ўслед за сюжэтам аповесці даследавала лёс чалавека, які прайшоў гэтулькі цяжкасцяў і адначасова дала глыбокі літаратуразнаўчы аналіз майго аўтарскага бачання жыццёвага подзвігу чалавека. Віктар Кудлачоў страціў зрок ад выбуху фашысцкай міны, але ўсё жыццё сілай волі і духоўнага станаўлення прывяло яго да музыкі і паэзіі.

 

«Заўважым адразу, у тэксце аповесці аўтар Ірына Фамянкова з філасофскай заглыбленасцю часта лірызуе, запрашае дакрануцца да маляўнічага шматфарбнага свету мыслення свайго героя: “Маленький Витя жадно впитывал краски мира. Словно спешил всё запомнить… Вода, освещённая солнцем, делала Серебрянку ещё более серебристой и таинственной. А если всколыхнуть её ключевую прозрачность, камешки на дне загораются цветными огоньками. В этой игре красок жила своя сказка». «Прыслухаемся, як інтэлектуальна, аналітычна граматна аўтар уводзіць чытача ў мастацка-творчую лабораторыю Віктара Кудлачова, дзе ўзважваецца кожнае вобразна-экспрэсіўнае слоўца, аплодненае творчым духам, патрэбным рытмам, самой існасцю».

 

А я пад музыку натхнёнага слова аўтара нарыса зноў чытаю вершы Віктара Кудлачова:

 

Узенькие улочки – прошлого печать,

Я люблю по улочкам в поздний час гулять.

Я брожу и радуюсь сердцем и душой…

Наслаждаюсь прелестью старины живой.

                 

                                         («Нарисую город Гродно»)

 

Звучат старинные романсы,

Волнуя сердце мне и кровь.

О, эти ритмы, эти вальсы –

Непроходящая любовь.

                                   («Люблю»)

 

«Умець убачыць казку ў жыцці, чароўнае, вабна-прыгожае ў някідкім, нават змрочным, і паверыць у цудадзейства – вялікі дар Віктара Кудлачова», – адзначае А. Сабуць. Менавіта так я думала, калі пісала апошнія радкі аповесці, успамінаючы словы паэта: «Прошли годы, и я понял, что сказка есть всегда и во всём. Её надо только найти, как старатели находят золотой самородок».

 

Такім залатым самародкам сёння бачыца мне манаграфія «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ–ХХІ стагоддзяў» Аліны Сабуць.