Алена РУЦКАЯ

 

Ад вытокаў да сённяшніх дзён:

вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе

 

        Літаратурная адукацыя заўсёды залежала ад змен, якія адбываліся і адбываюцца ў сацыяльным і культурным развіцці нашага грамадства. Гэтыя змены вымагаюць абнаўлення і структуры, і зместу, і прачытання літаратурнага матэрыялу, а таксама ўдасканалення тэхналогіі навучання. І хоць сёння нават цяжка сабе ўявіць школьныя падручнікі без трох “зорак першай велічыні”, як называе Купалу, Коласа і Багдановіча ў сваёй кнізе “Вяршыні”(1991г.) Вячаслаў Рагойша,  знаходжанне іх твораў у вучэбных праграмах розных гадоў  часамі было пад вялікім пытаннем.

        У перыяд нацыянальнага адраджэння 20-х годоў мінулага стагоддзя выдатныя метадысты той пары – І. Замоцін, І. Пратасевіч, І. Самковіч акрэслілі магістральны напрамак літаратурнай адукацыі.  Іван Замоцін настойваў, каб у школьныя праграмы былі ўключаны творы айчыннай класічнай літаратуры ХІХ-ХХ стагоддзяў, творы пісьменнікаў-сучаснікаў, а таксама лепшыя творы замежных аўтараў у перакладах на беларускую мову. Заўважым, што якраз Замоцін, па ўспамінах Марыі Мікітаўны Барсток (стваральніцы метадычных выданняў па вывучэнні багдановічаўскай творчасці), у шэрагу першых літаратараў, якіх прапаноўвалі на ўключэнне ў падручнікі, назваў імя Максіма Багдановіча. М. Барсток адзначала, што значных пярэчанняў, як сведчылі прааналізаваныя ёй крыніцы, па асобе паэта не было, бо, па-першае, яшчэ былі ў асяродку адукацыі тыя, хто ведаў пра працу Багдановіча ў Мінску ў Камітэце дапамогі ахвярам вайны, па-другое, вершы для разгляду камісіяй Наркамата асветы абачліва адабралі адпаведна тагачасным палітычным устаноўкам.

      Беларуская літаратура як навучальны прадмет была ўведзена ў школах усіх тыпаў у 1923 годзе. Асноўным тыпам школ у той час у БССР была сямігодка. Праграма па беларускай літаратуры, асабліва для VVІ класаў, была вельмі палітызавана. У тэмах ключавымі словамі былі “барацьба з прыгнятальнікамі”, “класавы ўціск”, “рэвалюцыйны рух”, “роля пралетарскага класа” і г.д. Вось як выглядала тэматычнае размеркаванне літаратурнага матэрыялу ў пятым класе:

      1. Вёска ў літаратурна-мастацкіх творах (праца і быт сялянства ў часы паншчыны, новая вёска).

      2. Горад у літаратурна-мастацкіх творах(стары горад, новы горад).

      Зыходзячы з такіх накірункаў, сацыяльна-грамадская тэма вылучалася як дамінуючая і ў дачыненні да творчасці Максіма Багдановіча, адзначалася, што паэта глыбока хвалююць грамадскія пытанні, сацыяльнае і палітычнае бяспраўе народа. Ілюстравалася гэта вершамі – “З песняў беларускага мужыка”, “Доля мужыка”, “Край мой родны! Як выкляты богам…”, “Народ, Беларускі Народ!”.

       Згодна з комплекснымі праграмамі па літаратуры была падрыхтавана чытанка. Яна мела назву “Родныя шляхі”, а складальнікамі яе былі І. Самковіч і І. Пратасевіч. У чытанцы было змешчана 146 твораў, з іх 121 – беларускіх пісьменнікаў: К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Цёткі, К. Каганца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ядвігіна Ш., М. Багдановіча, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, М. Чарота, З. Верас, У. Галубка, Е. Міровіча. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што аўтарам даводзілася пераадольваць значныя цяжкасці, каб не дапусціць ператварэння літаратуры ў ілюстрацыю да грамадазнаўства. І нават пад уціскам палітызаваных патрабаванняў ім удалося ўключыць многа твораў, якія яскравым мастацкім словам знаёмілі дзяцей з жыццём сваёй роднай старонкі, з нацыянальным характарам беларуса. Сярод такіх твораў былі і творы Багдановіча. На жаль, аўтарам не ўдалося  ў гэты падручнік уключыць ні народныя, ні літаратурныя казкі. Не патрапіла да пяцікласнікаў (як не намагаліся ўкладальнікі) і Багдановічава “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”, таму што ў рэзалюцыі з’езда па дашкольным навучанні (1924) было запісана, што казка з’яўляецца “тормазам у развіцці матэрыялістычнага мыслення дзяцей”.  “Родныя шляхі” вытрымалі чатыры перавыданні. З кожным новым выданнем і Замоцін, і Самковіч настойліва імкнуліся давесці, што нельга вывучаць літаратуру без уліку яе спецыфікі як мастацтва слова, прапаноўвалі ўключыць новыя творы таго ж Багдановіча, каб паказаць шматграннасць яго творчай палітры.  Свае погляды ім больш удалося рэалізаваць праз праграму па беларускай літаратуры для VІІ класа і падручнік, які склаў У. Дзяржынскі. Быў ажыццёўлены зварот  да фальклору.  Такім чынам, вучні знаёміліся з вуснай народнай творчасцю як падмуркам мастацкай літаратуры. У гэтым рэчышчы вялася размова пра вершы Максіма Багдановіча (“Не кувай ты, шэрая зязюля”, “Чуеш гул? – гэта сумны маркотны лясун” і інш.).  Праз творы паэта паказваліся класічныя формы верша (пентаметры, санеты, трыялеты і інш.) Увогуле ў VІІ класе ў той час вывучаліся 34 вершы паэта. Варта зазначыць, што метадысты ўжо тады імкнуліся пашырыць веды вучняў пра беларускую літаратуру. Было ўзнята пытанне пра неабхаднасць арганізацыі пазакласнага чытання. Іван Замоцін, вызначаючы пісьменнікаў, якіх варта найперш выдаць у “Школьнай бібліятэцы”, называе Купалу, Коласа і Багдановіча. У абарону сваіх пазіцый ён падкрэсліваў, што неабходна выхоўваць культуру чытання на творах, якія здольны фарміраваць эстэтычны густ, пачуцці, ідэалы.  Цікава, што вывучэнне чытацкіх інтарэсаў, якое правёў В. Самцэвіч і адлюстраваў у артыкуле “Літаратурныя інтарэсы нашай вучнёўскай моладзі” (Асвета. 1929.№1), пацвердзіла выбар вучанага-метадыста – школьнікі ў ліку першых назвалі Максіма Багдановіча. Але паралельна з гэтай грунтоўнай публікацыяй ўжо друкаваліся крыклівыя наскокі  і на названых намі метадыстаў, і на аўтараў падручнікаў, і на пісьменнікаў. У 1929/30 навучальным годзе, як піша прафесар В.Я. Ляшук у сваім гісторыка-метадычным нарысе "Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе"(1994), са школ “забралі амаль усе падручнікі, распрацаваныя ў папярэднія гады, або таму, што былі арыштаваны іх аўтары”, або таму, што творы  некаторых пісьменнікаў “аказаліся непрыдатнымі ў час сацыялістычнага будаўніцтва”. Да выразнікаў буржуазных ідэй, тугі па еўрапейскай буржуазнай культуры, апявальнікаў нейкай “чыстай красы”, далёкай ад інтарэсаў працоўнага народа, быў прылічаны і Максім Багдановіч. Вульгарызатарскі крытык   Лукаш Бэндэ называў паэта “песняром буржуазіі”, а крытык, які схаваўся пад крыптонімам А. Ш-а, у артыкуле “Пра падручнікі і іх выданне”(Кам. выхаванне. 1930. №5) сцвярджаў думку, што вучням шкодна слухаць плаксівыя, “часам нэндзныя матывы” творчасці нашаніўскай пары. Ён пісаў: “Машыннае жыццё сённяшняга дня, з яго волатамі-заводамі …. , з яго нябачным нідзе і нікім гіганцкім уздымам пралетарскае культуры – усё гэта адсунула, пакінула ззаду сябе далёка, не на дзесяткі, а на тысячы гадоў, гэту нудную творчасць”. Калі ўчытваешся ў гэтыя радкі, становіцца відавочным, што гэты бязлікі “А.Ш-а”, сам таго не хочучы, здзекліва пасмяяўся з сябе, бо той  “уздым”, які ўзносіў ён, сапраўды нябачны нідзе і нікім і згадваецца сёння толькі таму, што мае дачыненне да прадстаўнікоў той велічнай літаратурнай спадчыны,  якую ён так заўзята крытыкаваў. На той жа час з-за  гэтага палітычнага наступу са школьных праграм былі выкінуты многія імёны, безумоўна, і імя Максіма Багдановіча.  А тое, што было прапанавана для вывучэння, не вызначалася мастацкасцю. Гэта былі гімны сацыялістычнаму будаўніцтву, правадырам, газетныя замалёўкі, зарыфмаваныя рэпартажы тыпу: “Дом новы, цагляны, шматпавярховы быў збудаваны датэрмінова”.

    У найгоршым становішчы аказаліся вучні V класаў, дзе амаль зусім не вывучаліся высокамастацкія творы. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова проста паглядзець на назвы з праграмы – М. Чарот “Заводаў гудкі”, А. Александровіч “Гудкі”, А. Куляшоў “Пяцігодка” і т.д.

     З-за палітычных змен, па непрадказальнай гістарычнай іроніі, новыя хвалі рэпрэсій паглыналі ўжо  і некаторых энтузіястаў пралетарскай культуры.  Новыя ж падручнікі ўжо ўключалі Купалу і Коласа (да іх пачала выкарыстоўвацца палітыка “перніка”) як пісьменнікаў эпохі буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый,  якія эвалюцыянавалі і пачалі пісаць па-новаму. Напрыклад, купалаўскую творчасць пачалі прадстаўляць вершы “Табе, правадыр”, “Беларусі ардэнаноснай”, паэма "Над ракой Арэсай" і іншыя ў гэтым рэчышчы. Максім Багдановіч пачаў падавацца як прадстаўнік дакастрычніцкай літаратуры.  Тагачасным шасцікласнікам прапаноўвалася ідэйна дастасаваная трактоўка творчасці паэта. В.Я. Ляшук падкрэслівала, што Бэндэ пісаў наступнае: ”Паступовая згуба ўсялякіх перспектыў, песімізм, містыка, заклік адмовіцца ад усякага змагання, выспяванне “зачарованага царства” – мастацтва для мастацтва – гэта праява своеасаблівай формы класавай барацьбы”. Так моладзі прышчаплялася негатыўнае стаўленне да лепшых прадстаўнікоў нацыянальнага пісьменства і іх твораў. Але, як адзначала М. Барсток, відаць, для апраўдання вывучэння творчасці прадстаўніка буржуазнай літаратуры ў друку, у некаторых крытычных артыкулах з’явілася  “гіпотэза”, што з прычыны "няспеласці" светапогляду Багдановіча, яму было цяжка ўзняцца да ўсведамлення неабходнасці рэвалюцыйнай барацьбы,  а некаторыя демакратычныя погляды паэта, каб ён дажыў да перамогі кастрычніцкай рэвалюцыі, дапамаглі б яму ўключыцца ў рады змагароў за новы лад. І на думку даследчыцы, лепшыя метадысты таго часу разумелі неабходнасць знаёміць вучняў з высокамастацкай творчасцю паэта, і гэта быў ход з мэтай абараніць яго творчасць ад выключэння з падручнікаў. Так ці інакш але пытанне аб месцы паэта ў школьных падручніках пасля амаль не паўставала. А ў другой частцы падручніка для VІІ класа (1930) творчасць М. Багдановіча была прадстаўлена досыць шырока (9 вершаў).  Вучням прапаноўваліся вершы “Летапісец”, “Кніга”, “Тырцыны”, “Я хацеў бы спаткацца з вамі…”, “Слуцкія ткачыхі” і інш.

        У канцы 30-х гадоў, калі рэпрэсіі 1936-1937 гадоў амаль вынішчылі пісьменніцкую арганізацыю Беларусі, пачалася праца па падрыхтоўцы трэцяга пакалення падручнікаў па беларускай літаратуры, але завяршыць яе не ўдалося.  Дапісаны яны будуць ужо ў пасляваенны час.

       У 50-я гады пачынаюць выходзіць не толькі падручнікі, але і дапаможнікі да вывучэння творчасці асобных пісьменнікаў. Першы з такіх дапаможнікаў, які меў назву “Максім Багдановіч (Жыццё і творчасць)”, быў напісаны Сцяпанам Майхровічам у 1958 годзе.  Аўтар пастараўся пазбавіць асобу паэта ад рэакцыйных даваенных ацэнак: дарэчна знайшоў уплывы Бялінскага і Чарнышэўскага, даказаў станоўчасць сімвалізму і нават зрабіў рэвалюцыянерам, які (цытуецца па ўжо згаданай намі кнізе В.Я. Ляшук) “праводзіў масава-палітычную работу, накіраваную на звяржэнне нікалаеўскага дэспатызму”.

      На доўгі час эстафету ад С. Майхровіча пераняла М. Барсток. Яна выдала тры дапаможнікі па вывучэнні творчасці Багдановіча ў школе (1-е выданне -  1961 г., 2-е – 1974г., 3-е – 1991г.). У кожным з іх прапаноўваўся глыбокі аналіз творчасці паэта. Галоўная ўвага ўдзялялася творам, вывучэнне якіх прадугледжвалася школьнай праграмай. Па прызнанні самой даследчыцы, кожнае новае выданне  яна старалася пазбавіць ад патрабуемых установак пра недастатковае следаванне Багдановічам перадавым (што значыла сацрэалізм) творчым прынцыпам, пашырала навымі раздзеламі, новымі даследваннямі, поглядамі, дадатковымі звесткамі. Барсток збірала шмат ілюстрацыйнага матэрыялу, але яго з эканоміі не ўключалі. З асаблівым задавальненнем рыхтавала трэцяе выданне, калі атрымала магчымаць працаваць "без уціску і бясконцыга кантролю". Гэта выданне карысталася попытам у настаўнікаў.

  Апошні дапаможнік выйшаў у 2001 годзе. Аўтары яго І.Я. Навуменка і Т.І. Мароз. Апроч новых цікавых літаратуразнаўчых матэрыялаў пра паэта, новых знаходак з яго спадчыны, паэтычных прысвячэнняў, метадычных парад, вялікую цікавасць выклікаюць уключаныя у дапаможнік,  дастасаваныя тэматычна, творы сумежных відаў мастацтва. Гэта дае магчымасць усебаковага і глыбокага вывучэння творчасці геніяльнага класіка нашай літаратуры.

        Па сучасных праграмах творы Максіма Багдановіча вывучаюцца    з 5-га па 9-ты класы. Вучнямі яны ўспрымаюцца з цікавасцю, як усё, што далучае да духоўных каштоўнасцей, што непадуладна часу. І хаця ўсё тое, што зрабіў выдатны паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, даследчык гісторыі роднай літаратуры, уклалася ў часавыя рамкі пачатку ХХ стагоддзя – гэтых рамак не адчуваецца. Бо  усё, што ім стваралася, з самага пачатку прадвызначыла веліч яго таленту, наватарства яго як творцы, які далучыў беларускае паэтычнае слова да скарбніцы сусветнай паэзіі.