І вечнасць не за гарамі
Cвятлана Кошур у айчынным краязнаўстве чалавек вядомы. Кожная новая яе кніга – заўважная падзея для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй
і культурай роднага краю.
Не так даўно з’явіўся тэрмін «радзiмазнаўства». З чаго ж складаецца гэтая навука? Магчыма,
адказам паслужыць мой аповед пра кнігу
Святланы Кошур «Край запаветных мрояў».
Даследаванне айчыннай гісторыі Святлана Андрэеўна называе праектам даўжынёю ў жыццё. Прызнаецца, што яе заўсёды натхняюць
мясціны свіцязянскага і наднёманскага краю, помнікі прыроды, архітэктуры. Гэты край апеты многімі паэтамі. Цiкавым мясцiнам Гродзеншчыны пісьменніца прысвяціла дзве папярэднія кнігі: «Залатая падкова Свіцязі», «Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі». I вось чарговая кніга.
Яна прысвечана таленавiтым творчым людзям Прынёмання, таямнiцам старых фотаальбомаў, успамiнам з дзяцiнства. Сярод сюжэтаў – гісторыі маёнтка Чамброў i звязаныя з iм старонкi
памяцi аўтара; эпізоды жыцця асветнiцы
Марыі Карповiч, вядомага мастацтвазнаўцы даследчыка гісторыі мастацкай культуры і архітэктуры
XVII-XVIII ст ст. Марыуша Карповіча, ляснога кандуктара графа О’Рурка Фёдара Калiтоўскага, яго нашчадка Яўгенiя,
якi cябраваў з Янкам
Купалам, артысткі балета з мястэчка
Уселюб Клаўдзiі Калiтоўскай... Яшчэ нас чакаюць таямнічая гісторыя Шчорсаўскага палаца, што належаў графу Храптовічу, напамін пра знакаміты Лаўрышаўскі
манастыр. Цыклічную частку кампазіцыі выдання адкрываюць творы, прысвечаныя мясцовым мастакам: нарысы пра лёс мастачкі-прыгажуні
Тамары Стагановіч з вёскі Нясутычы, пра творчасць
і жыццё сучаснага мастака, галерэйшчыка з Навагрудка Кастуся Качана, жыццяпіс творцы Раісы Сіплевіч. Далей – гістарычны нарыс пад назвай
«Сейце разумнае, добрае, вечнае…», у якім адлюстравана гісторыя школы ў Карэлічах, дзе давялося вучыцца
і самой Святлане Кошур. Аўтар пачынае аповед
з сярэдзіны XIX ст., згадвае
гісторыю з’яўлення ў мястэчку гістарычнага будынка Карэліцкага гарадскога вучылішча, узведзенага на мяжы двух стагоддзяў, і шматлікіх рупліўцаў на асветніцкай ніве, людзей, што
вывелі на светлы жыццёвы
шлях вялікую колькасць вучняў.
Факты, сюжэты,
імёны… Жыццёвыя шляхі вызначаны часам. Подых яго адчуваецца
на старонках кнігі то лёгкімі павевамі, то парывамі разбуральных ураганаў гісторыі. Тэма ліхалецця разглядаецца аўтарам праз прызму жыцця
герояў кнігі (прыклад — раздзелы «Як школа
стала казармай» і «Як аднаўлялі
школу»). Вобраз земляка, простага
чалавека для Святланы Кошур з’яўляецца духоўным арыенцірам, цэнтрам сілы, прыкладам
працавітасці, мужнай барацьбы за сваю годнасць. Так ён і падносіцца чытацкай аўдыторыі. Паняцце «герой» міжволі набывае эпічны сэнс. Пры гэтым
не губляе сэнсу першапачатковага – у значэнні «дзеючая асоба», асоба, якая жыве, стварае, будуе, адстойвае свае каштоўнасці, абараняе ідэалы. Але таксама блукае, пакутуе, змагаецца за шчасце, дасягае мэт, нягледзячы ні на што. Дзеянне
ў кнізе «Край запаветных мрояў» – няўмольны рух часу, яго спробы
валадарыць чалавечай душой,
спробы балючыя, трагічныя, але, на шчасце, безвыніковыя.
Таксама ў гэтым падручніку па радзімазнаўстве дзейнічае чалавек: носьбіт культуры, жыццёвых прынцыпаў, светапогляду. Ён нават ніколі і не планаваў, не марыў увайсці ў гісторыю. Ён самадастатковы, просты і па-свойму сціплы, сумленны, шчыры беларус. Гаворыцца пра яго ў кнізе
адпаведна – па-народнаму немудрагеліста, без пафасу, але грунтоўна. Вобразы рэальных людзей ужо створаны іншым аўтарам, імя якому
жыццё. Аўтару кнігі пра людзей
роднага краю дасталася
задача пабудаваць складаную
канструкцыю з жыццяпісаў і ўспамінаў, з гістарычных фактаў і архіўных матэрыялаў. Гэты сімвалічны мост вядзе нас скрозь час, злучае мінулае з будучыняй, узбагачае новым зместам дзень сённяшні, а там і вечнасць не за гарамі…
Даніну павагі аддае пісьменніца таленавітым вучоным, што праславілі
Карэліччыну ў свеце. Гэта фізік-ядзершчык, акадэмік АН БССР Андрэй Богуш і яго
брат, Аляксандр Богуш – доктар ветэрынарных навук, Ганаровы прафесар Віцебскай
дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Буйны вучоны ў галіне будаўніцтва
аўтамабільных дарог, прафесар, доктар тэхнічных навук, акадэмік Беларускай
інжынернай акадэміі Мікалай Вырко. Яшчэ адзін выпускнік Карэліцкай школы,
прафесар, доктар філасофскіх навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Павел
Вадап’янаў. Сапраўды неардынарная па моцы духу асоба, былы палітвязень
сталінскіх лагераў Аляксандр Раковіч, які стаў доктарам навук, а за серыю
навуковых прац па аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні атрымаў
Дзяржаўную прэмію ў галіне навукі і тэхнікі. Выпускнік Карэліцкай школы, заслужаны работнік БДУ, доктар хімічных навук, прафесар Яўген Рахманько. Зямляк Святланы Андрэеўны – Уладзімір Еўтух –
«прайшоў шлях ад сялянскага
хлопчыка да кіраўніка высокага дзяржаўнага ўзроўню», працаваў у Савеце міністраў Беларусі.
Асобную порцыю ўвагі і павагі ў кнізе Святлана Кошур адводзіць постаці акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта. На прыкладзе гэтай гучнай і яркай біяграфіі пісьменніца дэманструе нам з’яву, якую навукоўцы называюць сацыяльным дэтэрмінізмам. У якім бы маленькім куточку свету ты ні нарадзіўся, незалежна ад становішча тваёй сям’і ў цябе
заўсёды ёсць шанц праславіцца на ўвесь свет, праславіць свой род і Айчыну.
Мроі пра асабістае шчасце непарыўна звязаны ў герояў кнігі з пачуццём
шчырай любові да Радзімы. Для аўтара, як і для герояў кнігі, «зямля, дзе мы
нарадзіліся, – гэта месца сілы, край запаветных мрояў, які нават далёка ад дома
немагчыма забыць». Такі запавет Святланы Кошур і яе роднага
краю пакладзены ў ідэйную аснову выдання. Даведацца пра запаветныя мроі герояў кнігі
дапаможа раздзел, што атрымаў назву
«Таямніцы старых фотаальбомаў».
Аўтар запрашае нас на змястоўную, займальную экскурсію па поўным цікавых сюжэтаў царстве сямейных фотаархіваў. Са старонак кнігі,
як у альбомах, на нас глядзяць адухоўленыя
твары. Пісьменніца імкнецца прыцягнуць да іх нашу ўвагу, каб дапамагчы ўбачыць
у вобразах землякоў сябе, даць магчымасць
паверыць у непераможнасць чалавечага духу, у прыгажосць чалавечай прыроды. Кніга праілюстравана вялікай колькасцю ўнікальных фотаздымкаў і дакументаў.
Унёсак маіх землякоў у кніжную скарбніцу Беларусі велізарны. Вымяраецца ён не паказчыкамі статыстыкі, накладамi ды ўзнагародамi.
Безумоўна, як і ва ўсіх, лепта гэтая характарызуецца пяшчотным стаўленнем да слова, павагай да чытача… Дзявятая па лiку кнiга Святланы
Кошур нараджалася па
законах навукі, не менш значнай за радзімазнаўства –
па законах грамадзянскага сумлення.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК
«Лiтаратура i мастацтва». № 41, 15
кастрычніка 2021