СІМВОЛІКА ВОБРАЗУ ВЯРБЫ Ў БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ПЕСНЯХ І АЎТАРСКІХ ПАЭТЫЧНЫХ ТВОРАХ

 

Назаўжды застаюцца ў нашай памяці дрэвы, пасаджаныя намі самімі ці разам з равеснікамі. У кожнага з нас – сваё любімае дрэва. А ёсць дрэвы-сімвалы, якія найбольш выразна перадаюць дух і характар жыхароў той ці іншай краіны.

 

Вобразы дрэў, лесу шырока прадстаўлены як у фальклоры, так і ў беларускай паэзіі. Славяне з даўніх часоў абагаўлялі дрэвы і верылі, што многія з іх дапамогуць ім у штодзённым жыцці. Дрэвы канкрэтнага вiду дзякуючы нейкiм адметным уласцiвасцям набывалі сваё сакральнае значэнне, пераўтвараючыся ў своеасаблівы сімвал. Сімвалічнае значэнне дрэва абавязкова замацоўвалася ў мiфалогii i адлюстроўвалася ў фальклорна-абрадавай практыцы. Многія з гэтых сімвалічных значэнняў захаваліся і па сённяшні дзень, знайшлі сваё ўвасабленне ў мастацтве.

 

З якімі ж дрэвамі-сімваламі звязаны лёс нашай Бацькаўшчыны? Адназначнага адказу пакуль няма. У творчасці дзеячаў культуры – літаратараў, мастакоў, кампазітараў, якія надзвычай тонка і вельмі абагульнена  адлюстроўваюць  духоўную сувязь свайго  народа  з  прыродаю, навакольнай прасторай, – розныя дрэвы выступаюць у якасці сімвалаў роднага  краю. Даследчыкі  духоўных  скарбаў беларусаў выказваюць таксама розныя меркаванні на гэты конт.

З усіх дрэў, што растуць на Беларусі, на першае месца могуць прэтэндаваць бяроза, вярба, дуб, сасна, явар.

 

Ад старажытных часоў да нашых дзён і ў практычна-гаспадарчым, і ў рытуальна-міфалагічным планах вылучаецца вярба. Вярба, як падае “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”,  – гэта  “дрэвавая і кустовая расліна сямейства вярбовых з разложыстымі галінамі і вузкім лісцем” [1, с. 143]. Паводле народных паданняў, вярба – тужлівае і самотнае дрэва, якое заўсёды  спрыяе  людзям, клапоціцца  пра  іх. Жыццяздольнасць і трываласць вярбы ўслаўлена як у фальклорных, так і ў паэтычных творах.   

 

Адзначым, што многія пытанні, звязаныя з даследаваннем сімвалаў дзікарослых дрэў як спецыфічным культурным (этнаграфічным, філалагічным, мастацтвазнаўчым, рэлігійным) феноменам, засталіся не дастаткова вывучанымі і, у прыватнасці, адсутнічае спецыяльнае даследаванне сімволікі вобразу вярбы у фальклорных тэкстах і аўтарскіх творах беларускіх паэтаў.

 

У час даследавання было разгледжана 18 беларускіх народных песень і 22 аўтарскія паэтычныя творы, у якіх надзвычай шырока апаэтызаваны вобраз вярбы. Вярба – гэта дрэва, якое ў асноўным расце па нізкіх мясцінах – над рэчкай, ручаём, каля вады, што адлюстравана і ў песнях, і ў вершах.

 

У народных беларускіх песнях вобраз вярбы – гэта сімвал:

- маладой дзяўчыны або нявесты, якая збіраецца да шлюбу (“А ў полі вярба нахілёная”, “Стаіць верба над вадою”, “Стаіць вярба ў канцы сяла”),

- замужняй жанчыны, няшчаснай ў сям’і і разлучанай са сваімі блізкімі (“Не стой, вербачка, над вадою”, “Ай, вярбіна, вярбінушка”, “Вясна красна к нам прыйшла”), 

- тугі, смутку, няшчасця (“Шумяць вербы каля грэблі”, “Ой, да выходзіла”),

- жыццёвай сілы, непатрабавальнасці да ўмоў, устойлівасці (“Пасярод двара стаяла вярба”).

 

У народных беларускіх песнях вярба “нахілёная”, “кучаравая”, “вілаватая”, “караністая”, “кудравая”. Да яе звяртаюцца словамі “вербачка”, “вярбіца”, “вярбіна”, “вярбінка”, “вярбінушка”.

Вярба часцей за іншыя дрэвы згадваецца ў беларускай паэзіі. Яе вобраз у творчасці беларускіх паэтаў – гэта вобраз маці, маладой дзяўчыны, бабулі, сястры, чараўніцы, часцей – прадстаўніцы жаночага полу (“Плакучая вярба” Максіма Танка, “Ручэй” Якуба Коласа, “Вясною” Максіма Танка, “Вярба і дзяўчына” Ірыны Касянковай, “Вярба над вадою” Петруся Броўкі і інш.).

 

Дрэва ў паэзіі выступае сведкам любоўных падзей (“Ручнікі” Веры Вярбы, , “У зялёным садочку” Янкі Купалы, “Прыціхнуў боль” Аркадзя Куляшова).

 

У вершах вярба – гэта сімвал тугі, журбы, плачу. Аб гэтым сведчаць эпітэты “смутная”, “знясіленая”, “самотныя”, “нямая”, “сумная”, “паніклыя”, “бедная” і інш. (“Вярба” Ніны Мацяш, “На адвітанне” і “Вярба” Янкі Купалы, “Пад вярбою я з журбою” Рыгора Крушыны).

 

Вярба – сімвал роднага краю. Да яе паэты ў сваіх творах звяртаюцца з просьбай і пытаннем (“Бунтуе рошчына ў дзяжы” Яўгеніі Янішчыц, “Паслухайце ластавак” Кастуся Кірэенка, “Край мой” Генадзя Бураўкіна, “Чароўны край” Зоські Верас і інш.).

 

Сёння вярба прарасла ўжо і ў свет святочна-сакральны, яна сімвал Вербнай нядзелі (“Вялікдзень” Ірыны Багдановіч, “Вербніца” Івана Чыгрына, “Як вярнуцца дахаты” Дануты Бічэль).

 

Такім чынам, у беларускіх народных песнях і аўтарскіх паэтычных творах вобраз вярбы мнагазначны.

 

 

 

 

Выкарыстаная літаратура:

 

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад рэд. К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). – Мінск, 1978. – Т. 1.

 

Аўтар:

Гуліда Ксенія Русланаўна, вучаніца 9 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №8 г.Гродна” (хатні адрас: 230002 г.Гродна, вул. Багуцкага, д.2а, кв. 48; тэл.: 8029-8892655).

Кіраўнік:

Лойша Таццяна Віктараўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №8 г.Гродна” (хатні адрас: 230017 г.Гродна, вул. Багушэвіча, д.38а, кв. 50; тэл.: 8029-5849222, е-mail: artish_tatiana@mail.ru ).