Водзывы, рэцэнзіі, агляды…
Пра жыццё не ў “нябесных высях”
Аповесць Людмілы Кебіч “Сама, сама, сама, сама, сама…” прачытаў ужо тады,
калі яна толькі-толькі была надрукавана ў часопісе “Полымя” (№ 9, 2013), і
парадаваўся, што ў нашай беларускай літаратуры з’явіўся такі дыхтоўны твор пра
жыццё не ў “нябесных высях”, а, як гаворыцца, на грэшнай зямлі.
І ў нас, у
Беларусі, апошнім часам “сурёзную літаратуру” пакрышачу пацясняе белетрыстыка,
гэта значыць, творы для “лёгкага,
займальнага чытання”. Не ведаю, як чыя чытацкая душа, а мая супраціўляецца
ўспрымаць, так бы мовіць, туманы абстрактных мар, ляпункі, малатанкі, фабульна-сюжэтныя
“хітрыкі” праз дзеі персанажаў, уласна кажучы, у пустэчы, па-за чалавечай
цывілізацыяй, па-за жыццёвай рэчаіснасцю.
Маючы крыху ўласнага ўяўлення пра тое, што гэта такое —
Літаратура, стаяў і стаю на тым, што
сапраўдная, ісцінная задача літаратуры, яе прызначэнне, як і вызначалі классікі
ўсіх часоў і народаў, — свет рабіць лепшым! Не грошы (гранты, прэміі) зарабляць!
Не служыць гаспадару, а — чалавецтву!
Каб яно не самазнішчылася.
А як, якім чынам літаратуры ажыццяўляць сваю місію?
“Рэцэпт” які? Канешне ж, праз жыццяпіс “героя нашага часу”!
Аповесць “Сама, сама, сама, сама, сама…” амаль што ўся
цалкам “саткана” з гісторый звычайнага чалавечага побыту, з тыповай
паўсядзёншчыны персанажаў. Што ні радок твора, то гучыць сама праўда жыцця.
Чытаеш старонку за старонкай — думаеш, разважаеш, а не шпарчэй перагортваеш.
У вобразах
гераінь аповесці пісьменніца, як у “Замест прадмовы” на гэта і звяртае ўвагу, “пастаралася адлюстраваць тыповыя рысы
паводзін і абставін жыцця ўсіх жанчын, якія замужам (або былі) за мужчынамі,
народжанымі пад пэўным задыякальным знакам”, але пры гэтым — з кожным
эпізодам, рыскай, мазком ствараючы, выпісваючы, падаючы і характар часу, які,
несумненна, накладвае адбітак (і, пэўна ж, найперш, чым задыякальныя знакі) на
жыццё, учынкі персанажаў твора.
Менавіта
характар часу — стрыжань аповесці Людмілы Кебіч. А які ён пануе (на дварэ) — у
агульных рысах яго акрэсліваюць удзельнікі гутаркі на радыё псіхолаг Алена
Громчык, доктар-псіхатэрапеўт Ірма Васількова і Айцец Павел (гл. ч. III “Ірма, або Якія
нашы гады”).
Хаця размова ў
радыеперадачы ідзе пра тое, як сучаснаму чалавеку захаваць псіхічнае здароўе,
навучыцца жыць у гармоніі з сабою і навакольным светам, Алена Громчык разам з
тым зазначае, што “сучасная рэальнасць з
усімі яе парадоксамі і грымасамі і прывяла многіх да страты сэнсу жыцця. Да
таго ж мараль сёння часта носіць дэкларатыўны, слоўны характар, што ставіць пад
сумненне існаванне яе як гэтакай. У выніку свядомасць многіх людзей
раздвойваецца, і яны робяцца інфантыльнымі, не развіваюцца. А жыццё не даруе ні хвіліны застою. Не паспееш
азірнуцца, як яно абярнулася цяжкімі няўдачамі ў асабістым, сямейным,
грамадскім, рознымі разладамі і хваробамі. А тут недалёка ўжо і да крыміналу”.
Святар Павел,
адказваючы на пытанне вядучай “што рабіць”, таксама з горыччу канстатуе: “Мішура, шуміха, зласлоўе, інтрыгі
становяцца звыклымі ў паўсядзённым жыцці. Не могуць быць здаровыя людзі, калі ў
жыцці суцэльныя інфляцыі і дэвальвацыі; шматлікія эканамічныя эксперыменты
каштуюць сучаснаму чалавеку не толькі здароўя, але і бесперспектыўнай будучыні.
Людзям няма калі займацца сабой, каб паставіць усё ў жыцці на сваё месца.
Калі ж ім нестае сіл, яны звяртаюцца да
святара, псіхолага, а часцей, на жаль, да варажбіткі. А ўсё значна прасцей,
калі прытрымлівацца дзесяці запаведзей. Але гэтаму супрацьстаіць свет зла,
разбурэнняў, насілле на тэлебачанні, лёгкае чытанне, якія блакіруюць свядомасць
людзей. Ад гэтага чалавек і робіцца несвядомым. Яму ж прасцей жыць бяздумна «ў
чорта на кулічках», чым «у Хрыста за пазухай”.
Эпізод за эпізодам
у творы змяняюцца натуральна, у логіцы падзей і пачуццяў персанажаў. Сэксу і
крыві ў аповесці няма. Пра іх толькі тады-сяды ўсплывае гаворка. І тая ў русле
сэнсу жыцця, місіі жанчыны. З удалым упляценнем у галоўную ніць расповяду таго,
што ёсць у душы той ці другой гераіні.
Аповесць
Людмілы Кебіч — не надумана значная, не надумана глыбокадумная. У ёй скрозь адлюстроўваюцца
простыя будні, рэчы, дзеі насельнікаў твора, ды гэта не калькаванне жыцця, гэта
даследаванне яго. Яно ў творы паўстае не нудным адвольным “малюнкам алоўкам”, а
такім, якім ёсць.
Можна смела
сцвярджаць, што гэтая літаратурна-мастацкая праца пісьменніцы Людмілы Кебіч —
свайго роду эксклюзіўны мастацка-філасофскі агляд жыцця пакалення перыяду
драматычна-трагічнага абвастрэння ў свеце гібрыднай вайны, асновай якой зяўляецца
інфармацыйная.
Адным з асобных
аб’ектаў гібрыднай вайны ўвогуле, інфармацыйных атак на грамадства ў
прыватнасці, канешне ж, не можа не быць жанчына. Бо якая яна, такое
грамадства. Каб у сваім жыцці, ва ўчынках мадам
не апусцілася да ўзроўню інстынкту і рэфлексу ды ўмення ўсяго толькі гаварыць,
разважаць крыху, а не розуму набірацца і жыць розумам, — менавіта найперш аб
гэтым у гутарцы па радыё псіхолагам Аленай Громчык і святаром Паўлам і выказваюцца
заклапочанасць, трывога.
Таленту,
ведання, разумення аўтарам сучаснай рэчаіснасці хапіла, каб нават у рамках
жанру кароткай аповесці стварыць даволі шырокую ў сацыяльным сэнсе панараму
звычайнага, паўсядзённага жыцця чалавечага. Прычым у адным эпізодзе падкрэсліць
стойкасць, непрыняцце неўласцівага чалавеку разумнаму (homo sapiens)
нечага, у другім — паказаць рашучае змаганне ім з усім не гожым, не вартым яго,
а ў трэцім — нават даць карцінку дэгрэдацыі, маральнага разлажэння і
неразумення мэтанакіраванага знешняга ўздзеяння на асобу па расчалавечванню,
разкультурванню, абыдліванню, у чацвёртым — даволі пераканаўча паказаць
бездапаможнасць у супрацьстаянні ў адзіночку бездухоўнасці, пошласці.
Скарыстойваючы пры гэтым розныя сродкі і прыёмы – абазначэнні з’яў сімваламі,
падачу ў агульных рысах, кароткіх сцэнках і інш.
У
раздзеле “Ірма, або Якія нашы гады?”
чытаем:
“— Дык ты што, вырашыла яго апярэдзіць? Загуляць, каб
потым не так балюча было, калі што якое і з яго боку? — аслупянела Алена. — Ой,
глядзі, Ірма, а то, шукаючы пірага, і хлеб згубіш!
— Во, нарэшце, дайшло! А што, чакаць, калі ён мяне кіне,
старую і аблезлую? Не, я да такога не дапушчуся! — жартаўліва-ўзбуджана
разважала Ірма.
— Ага, ты, значыць, па прынцыпе: лепшы спосаб абароны —
атака! А ці ведаеш ты, што здрада — гэта ж прамое пападанне ў будучае
нешчаслівае жыццё твайго нашчадства, у дзяцей і ўнукаў?! Ты згубіла галаву! —
Алена сутаргава шукала найбольш пераканаўчыя словы.
— Перастань, Алёнка! Я не малая і не дурная. На жаль. Бо
вельмі цяжка быць разумнай у гэтым свеце. Глянеш на чалавека — і ўсё бачыш, усё
пра ўсё разумееш. — І раптам, калі да яе вярнуўся добры настрой, вырашыла:
«Так, хопіць, як кажуць, колькі таго жыцця». — Дык ты знойдзеш мне хату ці не?
Усё роўна я буду з ім сустракацца!
Алена разгубілася, паабяцала, што падумае, хоць наперад ведала — няма ў яе
такіх знаёмых, каб пусцілі каханкаў на спатканне. Але яна — псіхолаг, а
псіхолаг можа ўсё. Адмаўляць толькі пакуль не навучылася.
«Цікава, а чаму ж гэта Ірма не хоча зняць кватэру за
грошы? Такіх прапаноў з адрасамі ў апошнія гады ў кожнай рэкламнай газеце
процьма. На гадзіны і суткі здаюць. Нешта сяброўка не дагаворвае, мусіць… А
хутчэй за ўсё ні на якую здраду яна не адважыцца. Гэта сёння крыўда жаночая,
назапашаная за гады сямейнага жыцця, яе вусны адамкнула, а заўтра жанчына
прачнецца зусім у іншым гуморы… Ды і не зможа яна здрадзіць мужу, нікому не
зможа, я ж ведаю Ірму», — адпрэчыўшы развагі, прыйшла да думкі Алена, пасля
таго, як развіталася з Ірмай і, перайшоўшы на другі бок вуліцы, накіравалася да
месца працы — каледжа”.
За
радкамі свайго твора Людміла Кебіч бачыцца ўдумлівым, дасведчаным, з багатым
жыццёвым вопытам пісьменнікам. Аўтар
аповесці “Сама, сама, сама, сама, сама…”
усім зместам свайго твора б’е трывогу: што робіцца з людзьмі, у што ператворана,
у прыватнасці, сучасная жанчына?
“Кваліфікаваны
чытач”, раздумваючы над гэткімі пытаннямі, канешне ж, не можа не даразважацца да
вытокаў, прычын, прычынна-выніковых сувязяў. Мне, як “некваліфікаванаму”, напрыклад,
на памяць прышлі злавесныя радкі стаўшага шырока вядомым, дзякуючы растыражыраванню прэсай, пасля пабурэння
Савецкага Саюза аднаго цікавага дакумента (цытата з тэксту на рускай мове):
“Из литературы и искусства, например, мы постепенно вытравим их социальную сущность, отучим художников, отобьём у
них охоту заниматься изображением… исследованием, что ли, тех процессов,
которые происходят в глубинах народных масс. Литература, театры, кино — все
будет изображать и прославлять самые низменные человеческие чувства. Мы будем
всячески поддерживать и поднимать так называемых художников, которые станут
насаждать и вдалбливать в человеческое сознание культ секса, насилия, садизма,
предательства— словом, всякой безнравственности. В
управлении государством мы создадим хаос и неразбериху. Мы будем незаметно, но
активно и постоянно способствовать самодурству
чиновников, взяточников, беспринципности. Бюрократизм и волокита будут
возводиться в добродетель. Честность и порядочность будут осмеиваться и никому
не станут нужны, превратятся в пережиток прошлого. Хамство
и наглость, ложь и обман, пьянство и наркомания, животный страх друг перед
другом и беззастенчивость, предательство, национализм и вражду народов, прежде
всего вражду и ненависть к русскому народу - все это мы будем ловко и незаметно
культивировать, все это расцветёт махровым цветом. И лишь немногие, очень
немногие будут догадываться или даже понимать, что происходит. Но таких людей
мы поставим в беспомощное положение, превратим в посмешище, найдём способ их оболгать и объявить отбросами общества. Будем
вырывать духовные корни, опошлять и уничтожать основы народной нравственности.
Мы будем расшатывать таким образом поколение за
поколением. Будем браться за людей с детских, юношеских лет, главную ставку
всегда будем делать на молодёжь, станем разлагать, развращать, растлевать её. Мы сделаем из них циников, пошляков,
космополитов. Вот так мы это и сделаем”.
Як гаворыцца, якое-небудзь каменціраванне
тут яўна лішняе. Акрым, хіба, толькі таго, каб сказаць: назва ў гэтага дакумента — “Директива Совета Национальной Безопасности США 20/1 от 18
августа 1948 г”…
Аповесць
Людмілы Кебіч “Сама, сама, сама, сама, сама…”, гэта варта асабліва адзначыць, твор
спелы ў мастацкіх адносінах. Пісьменніца ўмее не толькі ўдала саструктурыраваць
расповяд, але і зачараваць словам. Мова аповесці — літаратурная з гутарковай
народнай. Некаторыя эпізоды падаюцца нават у народна-паэтычнай манеры. Каларыт
прастаты і мудрасці прысутнічае скрозь. Малой колькасцю слоў аўтарка абуджае
шмат эмоцый (вось пара такіх прыкладаў: “пра
цыгана гамана, а ён і тут”, “скачаш-скачаш, на цувырлах ходзіш”). У творы
нярэдка і ўсяго два словы ствараюць малюнак, вобраз. Характар. Кожны персанаж таму
выяўляецца выпукла, поўна, шматгранна.
Выбіраю для прывядзення
цытаты ў доказ сказанага старонку наўгад. Трапілася з раздзела “Вера Іванаўна,
або З песні слова не выкінеш”.
“— Вера Іванаўна, а ў Вас муж ёсць? — раптам пацікавілася
Ірма.
— Ды ёсць, каб ён, калі быў маленькі, у плоце задушыўся!
— уздыхнула жанчына.
— А што, такі дрэнны?
— Ды не, быццам. Не п’е, не курыць. Але без нажа зарэжа.
Разумееш, не магу дагадзіць, што б ні рабіла... Бубніць і плявузгае... На
старасці сквапны зрабіўся, унукі яго раздражняюць, нікому ў хату не зайсці.
Пакуль дзяцей гадавалі, працавалі, няма калі было задумвацца. А як дзеці
выраслі, сышлі, дык высветлілася, што не ўмеем мы жыць удваіх, спачатку трэба
вучыцца, а сілы ўжо няма, адна стома. Канечне, хацелася б прытуліцца да моцнага
мужчынскага пляча, адчуць падтрымку, якая асабліва патрэбна ў мае, бурштынавыя,
гады. Але, на жаль, няма яе, той падтрымкі, як няма ні пяшчоты, ні любасці.
— А як жа вы тады жывяцё? Так пакутаваць немагчыма! —
узрушана прамовіла Ірма.
— А-а, — махнула рукой Вера Іванаўна, — прызвычаілася.
Нічога не чакаю і не хачу. Жывём кожны сам па сабе. З мяне сяброўкі смяюцца,
калі я запрашаю іх да сябе на каву і кажу, што сёння ў мяне шчасце №1, гэта
значыць, мужа няма дома. А папраўдзе, так яно і ёсць, хоць і прыкра гэта
прызнаць. Часам нават думаю: «Можа й добра, што мы так аддаліліся пад старасць?
Памрэ — дык хоць меней плакаць буду». «Госпадзі, — падумала Ірма, — а я па сваім ужо не плачу».
А ўголас спыталася:
— А ваш муж, выпадкова, не Цялец?
— Так, а чаму ты пытаеш?
— Дык і мой пад гэтым знакам задыяка нарадзіўся! —
усклікнула Ірма. — Я-такі думаю: шмат рысаў падобных праглядаецца”.
Пісьменніца
абходзіцца без стандартаў і клішэ класічнай літаратуры. Старыя каноны для яе як
бы і не існуюць. Гераіні жывуць і дзейнічаюць не ў абжытай добра мастацкай
прасторы (іх тэрыторыя, так бы мовіць, аблуду ёсць “дом — праца — крама”) , і яны — не вядомыя ўжо вобразы.
Гераіні
аповесці “Сама, сама, сама, сама, сама…”, несумненна, асобы. Добрыя, станоўчыя
ці адмоўныя ў сваіх паводзінах, настроях, памкненнях, жыццёвых стратэгіях ці
тактыках. Асобныя з іх момантамі падаюцца як бы крыху з глузду з’ехаўшымі, у
боязні — у няўпэўненасці ў дні заўтрашнім. Слабейшыя (Мілана, Ірма)
спакушаюцца. Моцныя (Алена) змагаюцца.
“Пасля Алена занялася хатнімі справамі.
Раманчык адпрасіўся на вуліцу — пакатацца на веласіпедзе. А Лявон,
патэлефанаваўшы аднаму свайму знаёмаму — Васілю, падаўся да таго. Вярнуўся
апоўначы, п’яны і смешны. Зваліўся на ложак у спальні і захроп так, што закалаціліся
сцены.
І, вядома ж, Алена, якая
мела магчымасць выспацца толькі ў гэтую ноч, з суботы на нядзелю, не звяла
вачэй. Яна была занятая тым, што тузала мужа і прасіла яго павярнуцца на бок,
або заціскала яму нос, каб перакрыць на момант дыханне. Тады ён, мармычучы,
паварочваўся і на некалькі хвілін сціхаў.
«Скачаш-скачаш, на цувырлах
ходзіш! — злавалася Алена сама на сябе. — Вось і атрымлівай цяпер асалоду ад
сваёй дабрачыннасці дома, адна, у суботу вечарам».
Як ні круці, а першы шлюбны
закон адпавядае праўдзе: у ложку замужняй жанчыны заўсёды прысутнічае іншы
чалавек, які з ёю абсалютна несумяшчальны”.
Надоўга “засядаюць” у чытацкай галаве таксама ўражлівыя
эпізоды камедыі Ромкі, сына Алены Громчык, з жыватом і народзінамі, мужа Лявона
з шэрымі трусамі ў кропачкі, знойдзены Ромкам “скарб” бацькі, расповяды Міланы
пра распусту свайго мужа-пінгвіна ў клімаксе і іншыя.
Лагічна “класічнае,
але банальнае пытанне Алены” у канцоўцы аповесці”:
“— І што ж рабіць?”
Самая
ўмудроная з усіх жанчын у творы масажыстка Вера Іванаўна дае параду: “Жыць і
цешыцца! Любіць сябе, людзей, родных і блізкіх! Рэалізавацца ў працы, у
творчасці, як жанчына, як маці, як чалавек, нарэшце!.. А на астатняе, што
замінае, — пляваць з дваццатай вышкі без перадышкі!”
У жанчыны для
памнажэння сваіх жыццёвых сіл, знаходжання спосабаў прыстойнага выйсця з любой
сітуацыі ў рэзерве заўсёды ёсць чароўнае слова “сама”. Самой усё зрабіць і ва
ўсім паспець. Сама, сама, сама, сама, сама… , паводле зместу аповесці, гэта любіць
тое, што жанчыну як чалавека робіць сапраўднай у самым шырокім узвышаным сэнсе…
Аповесць Людмілы
Кебіч “Сама, сама, сама, сама, сама…” — сумленнае слова ў беларускай
літаратуры. Менавіта так падагуліў бы
свае ўражанні і развагі аб гэтым дыхтоўным творы і тады, у 2013 годзе, калі
нечакана-негадана напаткаў яго ў “Полымі” і з цікавасцю, як гаворыцца, за адзін
прысест адолеў. Але… Неўзабаве, а дакладней у 10-м нумары за 2014 год часопіса
“Беларуская думка”, аб гэтай аповесці прачытаў, у прыватнасці, і такое
катэгарычнае: “Квалифицированному читателю здесь нечем полакомиться”, — так
выказалася ў артыкуле “…Плевать с двадцатой вышкі”, или Улыбка Ангела” Ірына
Шатыронак. І не менш рэзка яшчэ: “В нашем
случае литература
не поднимает, не зовет, а опускает читателя”…
Справядліва,
лічу, назвала наведзеную Ірынай Шатыронак на аповесць Людмілы Кебіч крытыку калючай,
злой, несяброўскай у сваім водзыве на твор пісьменніцы (гл. газ. “Літаратура і
Мастацтва”, № 17 ад 30 красавіка 2015 г)
нехта Галіна Андрэева. Сціплы артыкул гэтай гэтай аўтаркі “Ці вінавата
люстэрка?” — у асноўным сціслы пераказ
зместу аповесці, завастрэнне ўвагі на яе актуальнасці, некаторыя асабістыя
ацэнкі твора. Сярод апошніх самая бяспрэчная: “яна (аўтар аповесці) праўдзіва паказала тое, што ёсць у сучасным
жыцці”.
І гэта,
безумоўна, так. Чытаю і перачытваю асобныя месцы аповесці “Сама, сама, сама,
сама, сама…” і зраз — душа, як той казаў, баліць, шчыміць, ледзь трывае… і
адначасова дужэе, гартуецца, узвышаецца…
Чытайце, хто
яшчэ не прачытаў, гэты твор! Не пашкадуеце…
Антон ПІЛІПЧЫК