МАТЫЎ СНУ Ў ДРАМАТЫЧНАЙ ПАЭМЕ

МІКОЛЫ АРОЧКІ “КУРГАННЕ”

 

 

Аўтар: Якалцэвіч Алена, вучаніца 9 “Б” класа

ДУА “Сярэдняя школа № 28 г. Гродна.

 

Настаўнік: Пракопчык Марына Міхайлаўна

 

 

Сон для чалавека заўсёды быў таямніцай. Як любая таямніца, ён вельмі вабіць да сябе, нездарма вакол яго столькі ўсяго: і народныя паданні, і казкі, і прароцтвы, і нават чары. Сон  нярэдка прысутнічае і ў змесце літаратурнага твора. Пісьменнікі часта звярталіся да формы сну  для таго, каб адлюстраваць мары, імкненні сваіх герояў, а праз гэта і свае ўласныя. 

 

У новым часе беларускія пісьменнікі таксама паказваюць сваю зацікаўленасць сімволікай сну. Найперш, мы сустракаем гэта ў творчасці Янкі Купалы (“Раскіданае гняздо”) і іншых пісьменнікаў-рамантыкаў. У  пазнейшы  час матыў сну знаходзім у прозе М.Стральцова (“Сена на асфальце”), У.Арлова (“Сны імператара”) і інш.

 

Драматычныя паэмы Я. Купалы “Сон на кургане” і М. Арочкі  Курганнеў многіх выпадках разглядаюцца як творы ўнікальныя па форме і па шматзначным зместавым напаўненні.

 

Адметнай рысай, якая яднае гэтыя жанрава блізкія творы, з’яўляецца выкарыстанне пісьменнікамі матыву сну як адмысловага мастацкага прыёму.

 

На творчым шляху М. Арочкі, беларускага  паэта і літаратуразнаўцы, больш як дзесяць кніг паэзіі, шматлікія публікацыі ў перыёдыцы, якіх набралася не на адзін зборнік. Аднак нельга не прызнаць, што сталасцю светавыяўлення вызначаюцца найперш апошнія па часе выхаду кнігі: “Матчына хата” (1978), “Курганне. Крэва” (1982), “Падземныя замкі” (1986).

 

Як пісьменніку з пакалення “шасцідзясятнікаў”, М.Арочку была блізкай тэма вайны. Асабліва такі яе трагічны ракурс, як спаленыя ворагам вёскі і лёс дзяцей вайны. М.Арочка абраў сваю форму ў паказе народнай вайныдраматычную. Трагічны сэнс падзей, якія знаходзяцца на першым плане ў яго паэмеКурганне” (лёс спаленай фашыстамі вёскі), пераклікаецца з многавекавой гісторыяй народа.

 

Апісваючы трагедыю спаленай ворагам вёскі, аўтар пайшоў на ўзмацненне формаў умоўнасці - у гэтым ёсць вялікі выйгрыш: такое бачанне свету паэтам дазваляе і чытачу ўспрымаць свет у формах, яму прапанаваных, не адэкватных знешнему падабенству, але пераканаўчых мастацкай і жыццёвай праўдай.

 

Таму аўтар падае свайго героя, хлопчыка Янку, у дзвюх іпастасях: падлетка і вогненнага прывіда паэта. Гэта дазваляе абагульніць тую горкую сапраўднасць, што з многіх сотняў нашых спаленых вёсак не ўцалела, не выйшла з полымя ніводнага паэта, які б мог асабіста па-мастацку засведчыць перажытае:

 

У свет паэты з вогненных блакад

 

Дайшлі з маленстваз песняй уваскрэслі!

 

Ва мне ж спалілі сведчанні ўсе, песні,

 

Пусцілі іх, як іскры з дымных хат.

 

Вызначаны тэматычны план рэалізуецца пры дапамозе ўвядзення ў паэму матыву сну і паказу герояў у анейроідным стане. Доказам гэтага можа служыць той эпізод у сюжэце паэмы, калі Усціна, маці Янкі, рэжа хлеб і адначасова ўспамінае свайго мужа Сцяпана, замучанага фашыстамі. Успаміны настолькі былі моцныя, што гераіня быццам адчула побач з сабою дыханне блізкага чалавека, які з’яўляецца ў вобразе прывіда.

 

          Усціна

 

Сцяпанка!.. Ты – у крыві!

 

Але прыйшоў

 

Зноў да мяне вярнуўся!

 

Прэч, ліхія чуткі!.. Не

 

Жывы… Ты дома… Вось ты!

 

          Сцяпан

 

Навошта я ішоў сюды?..

 

Спяшаўся

 

На гэты дзіўны пах…

 

Ну чым цяпер

 

Тваю бяду суцішыць мне, Усціна?

 

Адбываецца фантастычнае змяшанне сну і явы, калі цяжка вызначыць, што з’яўляецца большай праўдай. Гэтым прыёмам аўтар узмацняе адчуванне болю і горычы страты, якія перажывае жанчына. А працяг дыялогу Усціны са Сцяпанам ўказвае на рознае разуменне героямі шляхоў для ратавання чалавецтва.

 

                Усціна

 

Ты хіба хлебу гэтаму не верыш?

 

               Сцяпан

 

Я болей зброі веру…

 

Толькі сілай

 

Злыдушнай сіле ўчынім мы канец.

 

                Усціна

 

          Ах, як не верыць

 

Таму, хто ў свет з дабром ідзе,

 

Хто прагне ўратаваць нас?

 

Як не перадаць

 

Сваю слязу, свой боль?..

 

Я іх сама –

 

Пайду, на ўслоне зыбкім замяшаю,

 

Заквашу ў дзяжы і жах, і стогн

 

На новым хлебе…

 

Сёння цэлай вёскай

 

Мы ўдовінае гора і любоў

 

Рашчынім!..

 

Такім чынам, паказ герояў у  стане напаўрэальным і напаўфантастычным падкрэслівае не толькі трагічнасць саміх герояў, але і  глыбокі трагізм  лёсаў  усіх людзей ваеннай пары.

 

Размаўляць з бацькам давядзецца і Янку, калі ён, паранены, акрываўлены, зняможаны, будзе паўзці ў бок вёскі, каб папярэдзіць людзей пра надыходзячую бяду. Ён шукае вачыма бацькаву магілу, кліча яго. Паміж Янкам і бацькам-прывідам адбываецца шчырая размова, у якой гучаць боль і адчай:

 

…Мой сыне,

 

Я благаслаўляю

 

Тваю пралітую ахвярна кроў.

 

Ды апраўдаць яе ўсё ж не магу

 

Ні перад богам,

 

Ні сваім сумленнем.

 

Вайна – не для дзяцей.

 

Вайнавіна

 

Усіх дарослых перад вамі, дзеці!

 

Што бачылі,

 

Апроч пажараў, слёз

 

Вы ў гэтым свеце,

 

Што ніяк для вас

 

Не можам мы ўлашчыць?

 

Кульмінацыйным раздзелам у паэмеКурганнелічыцца раздзел “У дзядоў”, у якім даследчыкі вызначаюць наследаванне традыцый Купалы: паэт выкарыстоўвае шырокія магчымасці умоўнага плану, як і аўтар “Сну на кургане”.

 

Праз выбраную форму М.Арочка імкнецца раскрыць сутнасць чалавека і часу, і адбываецца гэта наступным чынам: Сцяпан хавае сына, які перад гэтым заснуў, ад карнікаў на “тым свеце”, у продкаў. Але няма спакою і тут, бо адбываецца барацьба паміж дабром і злом, святлом і цемраю. Варожыя чалавеку сілы ўвасабляюцца ўцемнатворах”, такіх, як Тарквемада, якія імкнуцца знішчыць душы людзей, паслаць іх на новыя мукі. “Цемнатворыродняцца з тымі, хто арганізаваў на зямлі дзікае знішчэнне вёскі Курганне. Таму Янка, яго бацька і ўсе продкі на “тым свеце” не згаджаюцца са словамі Тарквемады. Тут прасочваецца сувязь часоў, настойліва праводзіцца думка, што ёсць і цяпер нашчадкі інквізіцыі, якія мараць распаліць на нашай зямлі агонь:

 

Ты напладзіў і так нямала

 

Наследнікаў, вялікі інквізітар!

 

Мо досыць іх

 

Для нашае Зямлі?

 

Ты чуеш, Як агонь на ёй шугае?

 

Зло, па думцы М.Арочкі, засяроджана ў самым чалавеку, пазбавіцца ад яго ён можа толькі сілаю розуму. Утрываць, здолеюць адбіцца ад цёмных сіл толькі тыя, “хто быў моцны духам”. Сярод такіхпершадрукар Францішак Скарына. Разважаючыз дзядамінад бедамі свету, ён  сцвярджае:

 

Я праракаваў

 

Вялікую высокасць чалавеку!

 

І ён такім адродзіцца яшчэ,

 

Калі засцеражэ ад цемнатвораў

 

Душу сваю…

 

Метафарычна пераасэнсоўваецца ў паэме і агонь, які перадаў людзям Праметэй. На першым плане тут не класічнае супрацьборства паміж тытанам і тыранам (калі перадача агню людзям разглядаецца як акт выключна гуманны), але маральная супярэчнасць, заключаная ў самім гэтым дзеянні.

 

Як і Купала, М. Арочка выкарыстоўвае фальклорныя народныя вобразы, але ў паэме русалка, у якую пераўвасобілася загінуўшая дзяўчына Ганя, з’яўляецца станоўчым персанажам і не шкодзіць герою, а папярэджвае яго пра небяспеку:

 

Не пі!

 

Вада цячэ цячэ тут мёртвая… А ты –

 

Жывы яшчэ!

 

Ты жыць павінен, Янка!

 

І яшчэ аголена балючы ракурс – карціна штодзённага зыходу ў небыццё спаленых вёсак:

 

Яшчэ такога

 

Не знала апраметная ніколі,

 

Каб з дня ў дзень, за вёскай вёска

 

Правальвалася, канула ў прадонне!

 

Сціралася агнём з зямлі бацькоўскай

 

Каб з дня ў дзень

 

І год… І два… І тры

 

Абвугленыя людзі, дрэвы, мары

 

У зараве плылі з зямлі айчыннай

 

На бераг смерці

 

Спалоханы Янка просіць бацьку разбудзіць яго, спадзяючыся, што гэта толькі жудасны сон, але гэта тое, што ён сапраўды бачыць на “тым свеце”, у продкаў.

 

                    Янка

 

          Маё Курганне

 

          Спускаецца ў водбліску пажару

 

          Ўніз

 

          З галошаннем жанок, дзяцей

 

          З апаленымі тварамі, рукамі

 

          Няўжо я гэта сню?!

 

          О, сон жахлівы!..

 

          Тата, разбудзі!

 

                    Сцяпан

 

Не, сынку… Ты не спіш.

 

Па фармальных прыкметах сон Янкі можна аднесці да групы сноў з парушанай структурнай цэласнасцю. Нягледзячы на наяўнасць сказу, які сігналізуе пра тое, што зараз будзе ісці пераказ сну (“Янка ўпадае ў сон-забыццё  [1, 46]), далей мы назіраем  невыразнасць намёку на тое, што адбыўся пераход ад рэчаіснасці да сну, бо ваенная ява больш страшная, чым сон. Тое, што бачыў Янка, сапраўды адбывалася падчас яго адсутнасці дома: карнікі палілі вёску разам з яе жыхарамі. Сімвалісцкая трактоўка такога сну прыводзіць М. Арочку да трагічнага асэнсавання рэчаіснасці.

 

 Момант абуджэння Янкі не апісваецца: мы толькі ведаем, што ёнпрагна п’е” “варыва апойнае”, каб хутчэй апынуцца ў роднай вёсцы і папярэдзіць усіх пра небяспеку, а затым апісваюцца падзеі ў вёсцы Курганне, у хаце Усціны, дзе ён з’яўляецца.

 

Сон Янкі падобны да анейроіднага стану: бачаннямі, фантастычнымі падарожжамі душы, выкліканымі часовым памутненнем свядомасці, звязаным з душэўнай і фізічнай траўмай (герой паранены і вельмі ўражаны падзеямі на хутары, дзе немцы зрабілі аблаву).

 

Містычная мешаніна сну і рэчаіснасці, калі робіцца цяжка разабраць, што ж больш рэальна, аказваецца прарочым бачаннем лёсу, які чакае самога героя. Таму па зместу гэты сон можна назваць сном-прароцтвам.

 

Зробленыя назіранні даюць падставу сцвярджаць, што М. Арочкам аказваецца творча задзейнічаны мастацкі вопыт яго папярэдніка ў жанры драматычнай паэмы Янкі Купалы. Тым не менш, пісьменнік падае ў сваёй паэмеКурганнеадметны пранцып выкарыстання матыву сну.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

 

1.    Арочка, М.М. Курганне /  М.М. Арочка // Курганне. КрэваМінск: Мастацкая літаратура, 1982. – 174 с.

 

2.    Гурская, А. «Выток і свет мой...»: Штрыхі да творчасці Міколы Арочкі / А.Гурская //  Роднае слова.- 2001. – № 7. – С. 5-11.

 

3.    Гурская, А. Эпас памяці: Драматычныя паэмы Міколы Арочкі / А.Гурская //   Роднае слова – 2001. – № 8. – С. 32-37.

 

4.    Харошка, Г.П. Трагедыя вайны ў беларускай драматычнай  паэме // Учёные записки УО ВГУ имени П.Машерова. — Т. 3. — Витебск, 2004. — С. 108-122.