Святлана ТАРАСАВА

 

ЖАНРАВА-СТЫЛЁВЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ПАЭМ ЛЮДМІЛЫ КЕБІЧ

(на прыкладзе зборніка

«Рай для адзіноты»)

       

          Імя беларускай паэткі Людмілы Кебіч з пакалення «сямідзясятнікаў» стала прапісалася сярод вядомых  творцаў сучаснай Гродзеншчыны. Аўтар паэтычных зборнікаў ««Па музычных законах» (1996), «Зялёная рутвіца» (2001), «На беразе белай ракі» (2003), «Ключы ад неба» (2005), «Непераможны колер охры» (2008),  празаік, музычны педагог, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі  - такі  значны творчы набытак мае сёння  далёка не кожны аўтар. Тым не менш, нягледзячы на свае заслугі, Людміла Кебіч застаецца чалавекам няўрымслівым, летуценным, душэўным, што  непасрэдна выяўляецца ў яе шматлікіх паэтычных творах.

У 2016 годзе  выдавецтва «Народная асвета» прадставіла чытачам чарговы зборнік Людмілы Кебіч «Рай для адзіноты». Гэта аб'ёмнае і важкае выданне, здаецца, ставіла на мэце ўвабраць ў сябе ўсё самае лепшае, чым сёння прываблівае творчасць гродзенскай паэткі. Зборнік, які склалі творы розных гадоў,  аказаўся  і разнатэмным, і жанраваразнастайным. Акрамя вершаў ( а іх каля 700) у зборніку прадстаўлены тэксты песень Людмілы Кебіч, што яшчэ раз даказвае непарыўнае адзінства паэзіі і музыкі ў яе творчасці.

Можна заўважыць у зборніку яшчэ адзін жанр, які прызнаны майстрамі слова за асаблівы ўзор дасканаласці і майстэрства, - жанр паэмы. У зборнік Л. Кебіч  уключаны 4 паэмы: творы ў змесце  кнігі вылучаны аўтарам  асобна, нібыта ў  самастойны раздзел, але, відавочна, кожная паэма – гэта асобы варыянт погляду пісьменніка на свет і рэчаіснасць.

Натуральна, мастацкія адзнакі паэм Людмілы Кебіч многім абавязаны яе паэтычным творам, і таму можна сцвярджаць, што многія нюансы паэтычнай творчасці знайшлі працяг і ўвасабленне ў творах новага жанру – паэмнага.

Па сваіх характэрных адзнаках паэзію Л. Кебіч мажліва аднесці да лірыка-апавядальнай плыні (паводле класіфікацыі У.Гніламёдава). Так ім заўважана, што «вершы лірыка-апавядальнага характару здольныя несці ў сабе багаты чалавечы змест, чаруюць сваёй прастатой – і ў вобразе, і ў рытме… «традыцыйная» прастата  - адна з характэрных рыс у мастацкім мысленні многіх беларускіх паэтаў, у стылістычным малюнку верша» [1, с.154].

Згаданыя адзнакі  вызначаюць і паэтычны свет гродзенскай паэткі, у вершах якой многа прыватнага, адзінкавага, але тым часам раскрываецца і агульназначнае, чалавечае, што прадвызначыла  разнастайнасць матываў, вобразаў, настрояў. Рэаліі свету, які акружае паэтку, канкрэтныя, у многім дакладныя, звязаныя з асабістым жыццёвым вопытам.  Паэтку хвалююць пытанні маральнага зместу, духоўныя запатрабаванні сучаснага чалавека, праблема гістарычнай памяці. Выяўленню глыбінных думак і эмоцый  спрыяе  асобы рытмічны малюнак вершаў, які  грунтуецца на музычна-песеннай аснове.

 Названыя асаблівасці знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне і ў творах паэмнага жанру, што сталі арганічнай часткай творчасці Людмілы Кебіч. Больш таго, мастацкія адзнакі паэзіі сфарміравалі  і адпаведны тып жанру паэмы.

Першая паэма Людмілы Кебіч «Запалі лучыну, маці» (2006) адсылае да нацыянальнай гісторыі пачатку ХХ стагоддзя. У  цэнтры  ўвагі аўтара  рэальная асоба – беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч, якую вы звыкла ўспрымаем пад псеўданімам Цётка.  У раздзелах паэмы аўтарка мадэлюе шлях жыцця і  станаўлення паэткі, паказвае, як фарміруецца яе асоба, яе светапогляд.  Па ўсіх названых параметрах перад намі гісторыка-біяграфічная паэма – твор у якім дамінантным матэрыялам выступаюць дэталі біяграфіі вядомай гістарычнай асобы. Лёс беларускай  паэткі  аўтарка  паэмы  асэнсоўвае  па-свойму: гэта не разгорнуты і дакладны пераказ  жыцця, а згадка пра яго вузлавыя моманты, тыя, што  даюць падставу для роздуму над жаночай доляй, прызначэннем чалавека, адносінамі асобы і радзімы, асобы і народа. Л.Кебіч не ставіць на мэце захаваць максімум гістарычнай дакладнасці, яе цікавяць духоўныя, маральныя аспекты жыцця Цёткі. Яны становяцца адпраўной кропкай роздуму для самога аўтара твора.

 Кампазіцыйна паэма падзяляецца на 6 частак,  дакладнаму раскрыццю іх ідэйнага  зместу  дапамагаюць красамоўныя эпіграфы з вядомых твораў самой Цёткі.   Падзеі, што складаюць знешнюю сюжэтную лінію паэмы, цесна злучаны з лініяй эмацыйнай, суб’ектыўнай, лірычнай. Заўважана, што  менавіта гэта другая плынь  непасрэдна, глыбінна ўздзейнічае на  першую, дыктуе напрамкі яе развіцця. А па сутнасці яны ўяўляюць сабой непарыўнае кампазіцыйнае цэлае ў кожным з вызначальных момантаў. Паказальна, што мастацкі час у паэме  не абмежаваны толькі падзеямі мінулага жыцця, укладзеных у пэўныя храналагічныя рамкі. Час мае сваю працягласць і для будучыні. Так сюжэтнае дзеянне паэмы завяршаецца не звыклай развязкай, а па сутнасці адкрытым фіналам (частка «Ліст да Цёткі ад моладзі ХХІ стагоддзя»):

 

У рытмах новых і вясёлых

арліны чуецца размах.

але па скрыпцы тваёй сола

Мы вызначаем слушна шлях [2, с.469].

 

 Гэта яшчэ раз падкрэслівае ў паэме дамінанту лірычнага над эпічным. Тым не менш, указаныя адзнакі дазваляюць жанр паэмы «Запалі лучыну, маці» вызначыць як ліра-эпічны.

Скразным вобразам-сімвалам у паэме выступае вобраз лучынкі. Напачатку твора гэта рэальны атрыбут вясковага жыцця беларусаў даўняга часу, звыклы ў сялянскай хаце. У кранальным дыялогу паміж дачкой і маці ўсяго толькі гучыць просьба дзяўчыны запаліць трошачкі святла. Але паступова згаданая рэалістычная дэталь набывае больш адцягненае значэнне, сімвалізуе  асвету, пробліск новага:

 

Хай лучына её пасвеціць

у зімову ночку,

з той лучынаю па свеце

пойдзе твая дочка [2, с.463].

 

У паэме рэалістычная дэталізацыя спалучаецца з мастацкай умоўнасцю, бясконцасцю мастацкага часу і прасторы. Так ліра-эпічная форма   спрыяе адлюстраванню спрадвечнага, заўсёднага ў праявах штодзённага, імгненнага.

Паэма «Одум пра песню»  (2007) выявіла новую грань жанру паэмы ў творчасці Л. Кебіч. Зборнік «Рай для адзіноты» дакладна прадэманстраваў цікавасць паэткі да розных паэтычных формаў (верлібры, трыялеты, тэрцыны, рандэлі). Але не меншае месца займае ў паэтычнай творчасці Л.Кебіч жанр песні, якія вылучаны ў названым зборніку нават у асобны раздзел. Песні Л. Кебіч маюць ярка выражаную арыентацыю на  жанравыя формы, кампазіцыйны лад і паэтыку вуснай народнай творчасці. Дасведчанасць у музыкальным рэчышчы не ў меншай ступені  спрыяла стварэнню ўласных арыгінальных музычна-паэтычных твораў.

Вызначаныя якасці маюць месца і ў паэме «Одум пра песню», у якой паэтка выяўляе сваё бачанне месца даўняга фальклорнага жанру – лірычнай песні – у жыцці народа, асобы.

Прайшоўшы па храналогіі па гадавым коле жыцця чалавека-беларуса, Л. Кебіч паказала, у якіх сітуацыях, момантах прысутнічае песня.

Падзел паэмы на фрагменты-часткі (уступ, 7 раздзелаў, заключэнне) дазваляюць аўтару перадаць шматграннасць жыцця беларускага народа, паказаць неардынарнасць яго культуры, вызначыць маральныя прыярытэты, а галоўнае, паказаць эстэтычную вартасць народнай песні, яе глыбокую змястоўнасць, вобразны лад, інтанацыйнае багацце. У змест паэмы ўключаны тэксты 8 песень, якія суадносяцца з пэўным этапам жыцця і дзейнасці чалавека («Гуканне вясны», «Купальская песня», «Жніўная песня» і інш.).  Знешне песні нагадваюць фальклорны тэкст, але ніводная з іх не мае непасрэднага аналагу ў народнай творчасці. Па сведчанні самой Л. Кебіч, толькі  матывы калыханкі з Заключнай часткі паэмы маюць блізкае падабенства з тым, што яна сама чула ў маленстве. Думаецца, сваю задачу паэтка бачыла не ў тым, каб стварыць падабенства на фальклорны матэрыял, выкарыстаўшы яркія народныя вобразы. Надаючы сваім песням рысы, адпаведныя фальклору, Л. Кебіч спрабуе звярнуць увагу сучасніка на той выключны патэнцыял, якім валодае народная творчасць. Новыя варыянты песень, створаных нашай сучасніцай, дапамагаюць лепш адчуць сілу і ўнікальнасць паэтычнага багацця народа, зрабіць яго больш даступным і ўжывальным.

Так аўтарам ствараецца адмысловая сінтэзаваная форма паэмы, якая з’яўляецца  ўзорам арыгінальнага камбінавання аўтарскага і фальклорнага матэрыялу, якія арганічна дапаўняюць адзін аднаго. Галоўнае,  пісьменніку ўдаецца, стварыць сваю унікальную паэмную  канструкцыю, у якой два ўспрыманні свету  выступаюць як выяўленне мастацкага цэлага, захаваўшы пры гэтым адметнасць жанраў народнай творчасці, іх стылёвыя адзнакі.

Функцыя фальклорнай «цытаты» ў паэме Л. Кебіч дастаткова разнастайная: гэта і спосаб раскрыцця характару лірычнага героя, асобы паэтычнай, бясконца ўлюбёнай у свой край і яго культуру; гэта і перадача эмацыйнага стану, перажыванняў асобы ў пэўнай жыццёвай сітуацыі; выяўленне выключнай сілы хараства беларускага песеннага мастацтва.

Паэма «Одум пра песню»  вылучаецца  ярка выражанай лірычнасцю, якую ствараюць думкі і разважанні лірычнага героя, і якая ўзмацняецца эмацыйнай плынню народнай песні.

Сваёй адметнай жанравай формай вылучаецца невялікая паэма Л. Кебіч «Стрый і Опер» (2008), змест якой быў навеяны падарожжам па маляўнічых мясцінах Закарпацця.

У адрозненні ад папярэдніх твораў новая паэма дакладна выяўляе дамінанту эпічнага над лірычным. У аснову твора пакладзены варыянт легенды пра дзве магутныя і прыгожыя ракі Стрый і Опер, што ва Украіне. Легенда апавядае пра двух братоў, якіх разлучылі складаныя перыпетыі лёсу. Але братняя любоў аказалася мацнейшай за жыццёвыя нягоды. Ператварыўшыся ў прыгожыя рэкі, браты злучаюцца і разам імкнуцца да магутнага Днястра.

Аўтарская апрацоўка легенды  складае сюжэтны план паэмы, але эпічнасць  у творы не прысутнічае  ў чыстым выглядзе, яна прасякнута тонкім лірычным перажываннем, пачуццямі, якімі дзеліцца герой-апавядальнік. Так праз даўняе паданне паэтка  ўдала злучыла розныя часы і эпохі:  мінулая гісторыя пераплятаецца з думкамі пра чалавечы лёс і наканаванне, віну і пакаранне, пра свабоду  выбару, пра след, які застаецца ад людскіх спраў на зямлі. На падобным перазове мінулага і сучаснага асэнсоўваецца праблема чалавечага існавання, разумення сваіх уласных маральных прыярытэтаў.

Усе падзеі і эпізоды паэмы злучаны ў адзіную структуру вобразам героя-апавядальніка, асобы, якая зачараваная красой далёкага краю,  узрушаная драматызмам падзей, пра якія захавалася паданне.  Больш таго,  падзеі даўніны становяцца для апавядальніка адпраўной кропкай у разважаннях пра час і чалавека, пра сябе. Так  асабовае, індывідуальнае афарбоўвае лірызмам эпічную плынь паэмы.

Форма паэмы-падання мае ў беларускай літаратуры даўнюю традыцыю, якая была запачаткавана яшчэ самім Янкам Купалам («Бандароўна», «Магіла льва»). Пазней да апрацоўкі легендарнага матэрыялу звярнуліся ў сваіх паэмах М.Мятліцкі «Вяртанне нарачанкі», М.Скобла «Герадотава мора» і інш. Названы тып паэмы вылучаецца асобымі адзнакамі: наяўнасць рамантычнага матыву, храналагічнае разгортванне сюжэту, і ў той жа час яго лаканічнасць і сцісласць, фальклорна-міфалагічны стыль.  Такія паэмы фарміруюцца на аснове эпічнага пачатку, лірыка, у сваю чаргу, дапамагае раскрываць унутраны, пачуццёвы план твора. Наяўнасць традыцыі ў творах названай паэтычнай формы не выключае аўтарскага пошуку, яркіх мастацкіх знаходак. Паэма Л. Кебіч «Стрый і Опер»  дакладна выяўляе як агульныя рысы, так і свае ўласныя адзнакі: наяўнасць пейзажных малюнкаў, перадача душэўнага стану герояў, выяўленчыя сродкі паэмы ўключаюць і элементы паэтыкі фальклорных твораў.

Некаторымі сваім адзнакамі да названай паэмы набліжаецца і адна з апошніх па часе напісання паэм «Бакаляраўшчына» (2008). Новы твор будуецца ў апавядальнай форме, бо ў ім расказваецца пра маляўнічы куток Беларусі, што знаходзіцца на радзіме самой паэткі, які яна так шчымліва-пяшчотна назыве Бакаляраўшчынай.  Успамін пра родныя мясціны дазваляе напоўніць паэму  цікавымі побытавымі дэталямі, апісаннямі маляўнічых куточкаў каля ракі Баклашы і возера Баклярка. Апісальнасць мяжуе часам з гумарам і дасціпнымі заўвагамі-дэталямі:

 

Паўночны бок – для закаханых,

старанна замаскіраваных

багном, высокаю травою,

пякучкай-злючкай крапівою [2, с.494].

 

Прыродная прастора, якую апісвае аўтарка, дапаўняецца дзедавым аповедам-легендай пра паходжанне возера. У аўтарскай інтэрпрэтацыі паданне  пра закаханых юнака і дзяўчыну, якіх напаткала неспадзяваная ростань, гучыць рамантычна і павучальна. Так  у структуры паэмы ўдала спалучаюцца фальклорны матэрыял, выяўленчыя сродкі вуснай народнай творчасці  і індывідуальна-аўтарскія сюжэтныя сітуацыі, апісанні, дэталі,  якія і дэманструюць моўную, стылістычную і  выяўленчую разнастайнасць твора:

 

Сюды і сем’ямі прыходзяць,

«уік-энд» кароткі свой праводзяць.

Тады ідуць на бераг правы,

дзе пышна разрасліся травы,

 

дзе так прыемна дыхаць, нюхаць

баркун, крываўнік, медавуху,

ды назіраць з лагоднай цішы,

як ветрык возера калыша [2, с.494].

 

Усе дэталі, дзеянні, падзеі ў паэме пададзены праз ацэнку героя-апавядальніка, які такім чынам выяўляе характэрныя маральныя пазіцыі, блізкія самаму аўтару. Лірычны герой паэмы Л.Кебіч выступае не проста як апавядальнік, ён  носьбіт тых поглядаў  і  пазіцый, якія арыентуюцца на агульначалавечыя каштоўнасці. Эпічнае і лірычнае ў паэме «Бакаляраўшчына» падаюцца ў непарыўным адзінстве.

    Паэмы Людмілы Кебіч з’яўляюцца важнай складовай часткай яе творчасці і адпаведна  сучаснай беларускай літаратуры. Аўтар адлюстроўвае  ў творах шырокае кола праблем: ад асэнсавання гістарычнага мінулага да сучаснасці, даследуе духоўны свет асобы ў яго станаўленні і найвышэйшых праявах, вылучае  комплекс маральна-этычных канонаў, на якія павінен арыентавацца чалавек у сваім жыцці. Выяўленню ідэйнага зместу спрыяе адметная  жанравая форма паэм. У паэзіі Л. Кебіч  пераважае  лірыка-апавядальная плынь, дзякуючы якой фарміруецца  жанр ліра-эпічнай паэмы.  У той жа час аўтарка не цураецца эксперыменту, вынікам якога  з’яўляецца  асобая форма, якая яднае ў сабе як адзнакі кананічнай паэмы, так і элементы іншых жанраў, характэрных для народнай творчасці. Такім чынам ствараецца асобая сінтэзаваная форма паэмы. Спалучэнне ў творах элементаў розных стыляў, жанраў становіцца аўтарскім спосабам выяўлення рэчаіснасці. Паэмы Л.Кебіч   з’яўляюцца красамоўным узорам актыўнага працэсу  жанравай сінтэзацыі, што адбываецца ў сучаснай беларускай літаратуры.

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1.                Гніламёдаў Ул. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію / У.Гніламёдаў. – Мінск, 2001. – 246с.

2.                                     Кебіч  Л.А. Рай для адзіноты : Кніга паэзіі / Л.А. Кебіч. - Мінск : Народная асвета, 2016 . – 574 с.