Пра кнігу Анатоля Апанасевіча «ВЕЧЕРНИЙ ЛИСТОПАД»

                              Гродна, «Быстрый», 2010.

 

       Новая кніга гродзенскага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Апанасевіча, з’яўляецца другой сур’ёзнай кнігай паэта. Вершы, якія ўвайшлі ў новую кнігу, напісаны аўтарам у розныя гады. Некаторыя з іх належаць пяру яшчэ пачынаючага паэта, але нідзе раней не друкаваліся. Затое па іх можна меркаваць аб узрастанні майстэрства аўтара, калі ад адасобленай асабістай лірыкі ён уздымаецца  да грамадзянскага  і філасофскага гучання, калі кропка погляду  лірычнага героя вершаў пераходзяць ад сумневу да разумення, а затым і глыбокага суперажывання.

       Анатоль Апанасевіч рэалізуе свае творчыя здольнасці не толькі праз мастацкае слова. Гарадзенцы ведаюць яго як майстра цікавых афарызмаў, якімі, дарэчы, перасыпана і новая кніга. Акрамя таго, паэт захапляецца бардаўскай песняй, добра грае на гітары, валодае прыгожым спеўным голасам, піша музыку на ўласныя вершы і з задавальненнем выконвае іх для сяброў і калег. Непадробную цікавасць выклікаюць  мастацкія творы паэта – жывапісныя і скульптурныя, выкананыя  з розных матэрыялаў, напрыклад: з дрэва, гіпса, метала, ДВП, намаляваныя маслам. Рэпрадукцыі некаторых карцін і работ таксама змешчаны ў новай кнізе паэта.

      Кніга Анатоля Апанасевіча на самой справе з’явілася адкрыццём самога паэта як творча адоранага чалавека, высокадухоўнай асобы, цікавага суразмоўцы, неабыякавага да жыцця, па якім ён крочыць вельмі някідка, на беглы погляд. Магчыма, менавіта таму пры блізкім знаёмстве і заглыбленні ў яго паэтычна-мастацкі свет адкрываецца-выплёскваецца на цябе столькі святла, столькі мяккіх, нібы прыглушаных  восеньскім сутоннем, фарбаў і адценняў.

     

                                                                                                        Л. Кебіч