КОСЕНКОВА
ИРИНА АНАТОЛЬЕВНА
Проживает в Дятловском р-не, г.п. Новоельня.
Стихотворения печатались: в районной газете «Перамога»,
в областных газетах «Гродзенская праўда»,
«Новогрудские
епархиальные ведомости» в республиканских «Настаўніцкай газеце», «Краязнаўчай газеце», «Література і мастацтва»
Калыханка
Прысвячаю свайму любаму ўнуку
Кірушы
Да мяне ты цягнеш ручкі,
Залаты анёлак мой.
Трэба спаць, мой любы ўнучак,
Сонца села за гарой.
Сон ідзе сцяжынкай гладкай
Калыханку запрашаць.
Месяц пухкаю аладкай
Будзе Ночку частаваць.
Люлі, люлі, мой маленькі,
Свае вочкі закрывай.
Заўтра дам цукерак жменьку,
Ну а зараз засынай.
Хай табе прысніцца казка,
Што нясе спакойны сон.
Спі, мой хлопчык, калі ласка,
Хай табе спрыяе ён.
“Баю, бай”, - спявае Ночка
Для маленькіх немаўлят,
А Дрымота склеіць вочкі,
Завядзе ў цудоўны сад.
Там ты будзеш весяліцца,
Феям песенькі спяваць,
Разам з добрай чараўніцай
Зоркі ў кошычак збіраць.
Усе знічкі на світанку
Зноў ў казку паляцяць.
Ну, а зараз калыханку
Для цябе буду спяваць.
Прыварот
Я прыгатую свой напой,
Бы ў час мінулы чараўніца.
Туды закіну смутак свой
І дам каханаму напіцца.
Ён вып’е зелля, бы вады,
Яму не справіцца з падманам.
І яго вочы назаўжды
Густым засцелюцца туманам.
Не ўспомніць ён сваё імя,
Сваю каханую забудзе.
Цяпер у думках буду я!
Мяне адну кахаць ён будзе.
Амаль гатовы прыварот,
Кіпіць жаданне ракавое,
Адпраўлю любаму зварот
Свайго адчаю, неспакою.
Але чаму душа гарыць?
Не хоча шчасця пад прымусам?
Мо, лепей мне яго забыць,
І не паддацца на спакусу?!
Вярба і дзяўчына
па матывах народных песень
Захісталася ад ветру
Кучаравая вярба.
Пакахаў, ды не мяне ты,
У сэрцы цяжкая журба.
Ну якая ў тым прычына,
Што каханы не са мной?!
А вярба, быццам дзяўчына,
Стаіць, плача над вадой.
Апусціла свае плечы,
Бы ад холаду дрыжыць.
У маркоце гэтай вечнай
Будзе слёзы свае ліць.
Клён прыгожы і высокі
Ноччу ліпу абдымаў.
У таемных чарах змроку
Пра каханне ёй шаптаў.
У вярбы такая ж доля,
Мусіць, як і ў мяне,
Бо каханне, як няволя,
Сэрца сціснула яе.
Можа ты, свавольнік вецер,
Забярэш з сабой журбу,
Паляціш па белым свеце
І раскажаш пра вярбу?...
Юная вясна
Хуліганіць, смяецца, бушуе,
Прыгажуня, гарэза вясна!
Можа,ўспомніць пра дзеўчынку тую,
Што калісьці чаромхай цвіла.
Ёй з пралескамі сукню падорыць
І раскрые кахання сакрэт.
Палюбуецца ноччу на зоры,
Затрымае світанкавы свет.
Распляце яе цяжкія косы,
Стужку белую кіне ў траву,
Стушыць жар яе ў чыстыя росы,
Упрыгожыць вянком галаву.
И рассыпле па твары рыжынкі,
Намалюе ружовы ўсход.
Вытра першага смутку слязінкі,
Зноў пакліча ў свой карагод.
Калаўродзіць,смяецца,бушуе,
Хуліганка, гарэза вясна!
Можа,ўспомніць пра дзеўчынку тую,
Што калісьці чаромхай цвіла.
Гуллівы вецер
Гляне месяц з-за хмары,
Бы юнак сарамлівы.
Прынясе з сабой чары
Лёгкі вецер гуллівы.
Тут зачэпіць галіну
Ці засвішча старанна,
Там закружыць каліну
Што квітнее, бы панна.
Палюбоўнік нясмела
Да чаромхі прыстане.
Так пяшчотна, умела
Цалаваць яе стане.
Пра каханне ёй скажа
І што лепшая ў свеце.
Ненадоўга прыляжа
На духмяным суквецці.
Ці прыгожай бярозе
(Ах, свавольнік, гарэза!)
Ён заблытае косы
І памкнецца да бэза.
Панясе яго водар
Кучаравай рабіне,
Што сумуе наводдаль
Прыгажуняй-дзяўчынай.
І амаль непрытомны,
Засмяецца,абдыме:
– Мяне ліхам не помні!
І з
палёгкаю згіне…
Супярэчнасць
Не хачу болей Вас кахаць.
Не магу і не буду, болей.
Толькі б сілы хапіла сказаць,
Што кахаю Вас паміж волі.
Вашы вусны – палын і мёд.
Не стрымаць мне сваю абарону.
Вашы рукі – агонь і лёд.
Як мне вырвацца з іх палону?!
Вашы вочы, бы два віры,
Закружылі мяне, зацягнулі.
Так віруе вясна на двары!
Ненадоўга ў яе зазірнулі.
На два сэрцы адзін магніт.
І такі, што не адарвацца.
Навальніца ў душы грыміць.
Плакаць хочацца і смяяцца.
Першы гром быў даўным-даўно.
Што цяпер – я не разумею.
Пачуццё? Ды адкуль яно?!
Я змагацца з такім не ўмею.
Не хачу болей Вас кахаць,
Не магу і не буду болей!
Толькі сілы не стане сказаць:
– Шчасця хопіць, кахання даволі.
Я і люстэрка
Стаю, з люстэркам размаўляю,
Як быццам каралеўна тая .
- Зірні, ужо ў цябе маршчыны!
- Мне сумаваць няма прычыны .
Іх шмат таму, што я жартую,
І ведаюць мяне такую.
Мацней люстэрка насядала:
-Шмат кілаграмаў ты набрала,
Пара мяняць свой гардэроб !-
Яно выпальвала мне ў лоб.
- Мне сумаваць няма прычыны ,
Я ж падабаюся мужчынам !
Ніяк не можа супыніцца:
-Глянь, не сыходзіцца спадніца!
І прапануе мне дыету ,
Сабраўшы ўсе рэцэпты свету.
Адно ў адказ смяюся я:
“Бо любіць дранікі сям,я,
З капустай пухненькі пірог ,
Ніхто б стрымацца тут не змог .
Прысмакі розныя гатую,
Сям,ю, сяброў сваіх частую,
А кілаграмы не лічу,
Жыву шчасліва, як хачу.”
Бубніць люстэрка і дылдоніць:
- А гэта што, сівыя скроні?!
Я і пра гэта не сумую,
Іх яркай фарбай замалюю.
- Глядзі , батфорты начапіла!-
Люстэрка , зазлаваўшы, кпіла -,-
- Ты ўжо бабуля, не дзяўчына,
Ну як не сорамна, Ірына !
А я аб гэтым не сумую -
Вясна ў душы маёй віруе.
Скажу, хвалюючыся дужа ,
Што закаханая ў мужа!
Мне кажуць ён і мае дзеці ,
Што я - найлепшая на свеце!
Са мной, люстэрка, не спрачайся,
Часцей мне лепей усміхайся.
Песня
Што робіць пошчак салаўіны
З маімі думкамі, душой!
Ён незвычайны, пераліўны
Ляціць прызыўна над Зямлёй .
У час вясны яскрава-зорны
Спявак, маэстра і паэт
Самазабыўна, непаўторна
Гучыць, хвалюючы сусвет .
У гэтай песні – абяцанне
Кахаць аддана, назаўжды,
Надзея першага спаткання
Пад свет чароўнае звязды,
Пачуццяў вір, надрыў сардэчны .
Ах, як залівіста пяе!
Што замірае нават вечнасць,
Імгненні сцішыўшы свае.
Сум
Ты не шукай сустрэч вясновым раннем.
Мяне ў палоне восень затрымала .
Сваім барвова-вогненным убраннем
Маё жыццё яна апанавала.
Ты не шукай мяне ў дзень вясновы,
Калі ў небе сонца ярка ззяе,
Апалым лісцем рэзана-кляновым
У край чужы ўспамінам адлятае.
Ты не блукай у час вясновай ночы,
Калі палыну пах яшчэ не горкі.
Бо мяне восень адпусціць не хоча,
А твае рукі не ўтрымалі зорку.
Ты не шукай вясновага спаткання,
Мы ў непагодзе пагублялі душы.
Гарыць у сэрцах вогнішча кахання,
Але ўсё роўна дождж яго патушыць.
Закаханыя
усхваляваная вершамі С. Ясеніна
Скучаравіць дрэвы вецер на ўзлеску.
Пацалуе сонца ломкую пралеску.
Я з табой да рання ў гаі заблукаю,
Як дайду да дому, нават і не знаю.
І не азірнуся, крочу незваротна.
Абдымай, каханы, і цалуй пяшчотна.
Быць хачу шчаслівай і кахаць без межы,
Разарваць умоўнасць, перакрысліць межы.
Сябра-лес схавае ад людскога вока.
Завядзі, мой любы, ты мяне далёка,
Кінуся ў пачуццяў віры з галавою,
Будзь што будзе потым, зараз ты са мною.
Можа, засумую, плакаць буду ўпотай,
Толькі гэта будзе не цапер, а потым.
Зараз – лашчыць дрэвы вецер на ўзлеску
І цалуе сонца ломкую пралеску.
Барбара Радзівіл
Шмат вякоў ты ляціш Чорнай зданню,
У Нясвіжы шукаеш кахання.
З-за якога злачынства, здарэння
Стала ты непрыкаянным ценем?
І чаму, быццам кветка, завяла
Жыгімонта калі пакахала?
Трапяткою была і сардэчнай.
Дык чаму ж ты пакутуеш вечна?
На чале тваім цяжар кароны.
Услед нясуцца нянавісць, праклёны
Ад тваёй свекрыві Боны Сфорцы.
Мо яна тваім стала забойцам?
Хто наліў табе страшнай атруты,
Што ты стогнеш у моры пакутаў?
Быў з табой да апошняй хвіліны
Твой кароль і каханы адзіны.
Быццам бачу, як Бога ён моліць,
Каб змагла ты хваробу адолець.
Твар прыгожы. Дзівосныя вочы.
Толькі ты ўжо пад вэлюмам ночы.
- Мая Басенька! - крыкне ў адчаі, -
Як мне жыць без цябе, я не знаю!
Нежывая. А ён абдымае.
Горка плача і не адпускае.
Доўга йдзе у журбе за труною.
-Устань, каханая, пойдзем са мною!
Глянь наўкола, вясна расцвітае!
Ты ж такая яшчэ маладая! …
Не хацела ты быць пахаванай
Там, дзе стала ахвярай падману.
На Радзіме хай будзе магіла,
У роднай Вільні - зямлі Радзівілаў…
Адкажы, ты чаму ў Беларусі
Чорнай дамай з,яўляцца нам мусіш,
У Нясвіжы па Замку блукаеш,
Жыгімонта так доўга чакаеш?
Астрабрамскі абраз. У капліцу
Маці Боскай ідуць памаліцца .
Гэта Барбары светлыя вочы
Праз вякі за каханымі сочаць.
І я ў Бога аб тым прасіць мушу,
Каб злучыліся бедныя душы,
Хай ім Неба падорыць спатканне,
Шчыра веру я ў сілу кахання!