Званок каровы ў Нідэрланды

 

 - Шкада, што ты не купіла мне малака мясцовага завода. Што ні кажы, а нашанскае – самае лепшае! Мне даспадобы яшчэ і тое, што кароў, ад якіх гэта малако, дояць робаты. А робат – не чалавек, на што запраграмаваны, тое абавязкова зробіць: накорміць жывёлу, вымя памые, памасажыруе… А ведаеш, з якімі праблемамі ўкаранялася гэта ноу хау ў нашым раёне? Я і пра гэта напісаў некалі. Комі-трагічная гісторыя атрымалася. Хаця многім бокам павылазілі наступствы айчыннай бесталковасці і шалапайства. А як даярачкі плакалі, калі з калгасных фермаў на комплекс забіралі самых лепшых дойных кароў! Але пра ўсё па-парадку. Слухай.

“Выпівалі сёння з суседам па дачы. Ён – галоўны заатэхнік раёна. Чалавек памяркоўны, гаспадарлівы, маўчун і аднаасобнік. А тут раптам прыйшоў з бутэлькай гарэлкі і кажа, што не ўмее піць у адзіноце. А выпіўшы, пачаў жаліцца на жыццё-быццё і тое, як “загубілі ірады ўвесь дойны статак”.

Я і раней чытаў у мясцовай прэсе, што ў нас будуецца нейкі “Астранаўт”. Гэта малочна-таварны комплекс з аўтаматызаваным кармленнем і робатызаванай дойкай. Абсталяванне закупілі ў Нідэрландах, мантаж яго правялі іншаземцы. Наш абслугоўваючы персанал прайшоў спецыяльнае навучанне. А нашы кіраўнікі, выкарыстаўшы момант, з’ездзілі за мяжу. Праўда, у прадстаўнічую дэлегацыю не ўключылі ніводнага спецыяліста жывёлагадоўлі. Таму падчас экскурсій па галандскіх фермах незацікаўленыя людзі не зважалі на многае, дакладней – ні на што. Глазелі на сытых чысценькіх каровак, захапляліся ўмовамі працы, частаваліся малочнымі прадуктамі і галандскімі сырамі. А як жа без шопінгу!? Для многіх паездка ўдалася. Вось толькі ніхто з “экскурсантаў” не звярнуў увагу на тую акалічнасць, што да новых умоў дойкі буронак трэба прывучаць з цялячага ўзросту – ціпа дрэсіраваць іх.

У нас жа як заўсёды: спачатку падключаем і выпрабоўваем апарат, а пасля пачынаем чытаць інструкцыю. Спачатку загадам з усіх гаспадарак сагналі на “Астранаўт” кароў з найбольшымі надоямі, выпусцілі іх у залу і пачалі чакаць рэкордных паказчыкаў па малаку.

Тут я мушу растлумачыць, што каб карова падыйшла да даільнага апарата, там было прыстасаванне з прыемнай на густ патакай. Жывёла злізвала дэлікатэс, а робат у гэты час мыў, масажыраваў і даіў яе. Што да тэхнікі, то яна працавала спраўна: кармы падаваліся своечасова і адпаведнай якасці, ачыстка і дэзынфекцыя памяшкання праводзілася рэгулярна, салодкая патака каля робата-дояра не заканчвалася, а робатызаваная сістэма даіла і даіла бесперапынна. Вось толькі позна разабраліся, што доіць яна адну і тую ж карову, а іншыя стаяць з перапоўненым вымем і равуць дзікімі галасамі. Знайшлася нейкая адна, што, не дачакаўшыся чаргі да патакі, пачала тыкацца пысай у абсталяванне. Работнікі комплекса, якіх зусім мала было і тыя, увераваўшы ва ўсемагутнасць “Астранаўта”, не дужа ўнікалі ў працэс. А сістэма бяспекі спрацавала такім чынам, што аб непаладках на ферме першымі дазналіся аператары ў Нідэрландах. Цісканула наша Буронка на аварыйную кнопку, пасля чаго званок прагучаў недзе пад Амстэрдамам, і на пытанне дзяжурнага галандца паступіла працяглае мычанне.

Разборкі, што праводзіў потым старшыня выканкама, некаму каштавалі пасады, некаму прэміяльных. Нават майго знаёмага заатэхніка пакінулі без прагрэсіўкі. Але ён перажываў не з-за гэтага. Яму было крыўдна, што статак самых дойных кароў быў адпраўлены на мясакамбінат, бо ўсе яны кажучы па-простаму, зарвалі. А праблема ў тым, што кожнай трэба бало, перш чым выпускаць у даільную залу, прымацаваць спецыяльны чып, які сігналізаваў робату і той адключайся, калі падоеная жывёла ў другі раз падыходзіла да апарата даення. Было яшчэ шмат якіх нюансаў, пра якія не ведалі тыя, хто працаваў на “Астранаўце”, але не быў дапушчаны да спакуслівай паездкі ў Эўропу.”

- І ведаеш, мая радасць, я так хачу верыць, што там цяпер парадак і малако атрымліваецца з прысмакам патакі…