Смаргонскія гісторыі

 

Як Барсучыха агуркі прадавала

 

У народзе кажуць: “Сей агуркі на Пахом – будзеш цягаць мяхом!”

Барсучыха разам са сваёй суседкай Мінчучыхай якраз на Пахома высадзілі расаду агуркоў пад плёнку. Добра расада прыжылася, хутка ў рост пайшла, заквітнела, а потым і агурочкі з’явіліся. Ці то вясна добрая была, ці сапраўды святы Пахом дапамог, толькі ўраджаю такога багатага жанчыны колькі жывуць не мелі. Усіх агуркамі забяспечылі: і сыноў, і дачок, і сабе насалілі ды намарынавалі. А гуркам канца няма, усё растуць ды растуць.

Вырашылі жанчыны адвезці на базар мех-другі ды й падзарабіць: глядзіш на цукар лішні рубель будзе, бо ўжо хутка варэнні варыць.

Надвячоркам у пятніцу абабралі кабеты агуркі – якраз у кожнай па два мяхі набралася. Вось толькі як зацягнуць гэтулькі на базар? Абмяркавалі два варыянты: адвязе на машыне сын Мінчучыхі, а калі ў таго не атрымаецца – будуць прасіць кватаранта Барсучыхі, каб дацягнуў тачку з агуркамі да смаргонскага базарчыка, што побач з музычнай школай. На тым і разышліся.

Цэлы вечар тэлефанавала Мінчучыха сыну, а таго ўсё не было дома. Калі ўжо добра сцямнела, пазваніла нявестка і паведаміла, што машына зламалася і муж заначуе ў Маладзечне. Расчараваная жанчына пайшла да суседкі, каб папярэдзіць яе і кватаранта аб правале першага варыянта.

Барсучыха ўжо спала. Кватаранта дома не было – вядома ж, хлопец малады, недзе на танцы ці ў кіно падаўся. Пабразгаўшы ў шыбіну і пабудзіўшы сваю напарніцу, Мінчучыха паведаміла, што машына зламалася, таму няхай кватарант дапаможа. Паведаміла і падалася дадому спаць. А Барсучыха?..

Не разабраўшыся спрасоння, якая часіна на дварэ, жанчына хуценька пачала збірацца на базар. Зазірнула ў пакойчык да кватаранта, пабурчэла, што зусім хлопец разбэсціўся – і начаваць дамоў не прыходзіць, а ёй цяпер самой грузі ды цягні мяшкі на базар. Пачакала крыху каля хлеўчыка: можа суседка падыдзе, усё ж разам лягчэй грузіць. Той не было.

“Напэўна, папёрлася наперад, хаця ж каб першай быць,” – пазлавалася жанчына на Мінчучыху. Ды рабіць няма чаго: усцягнула мех, а затым другі на тачку і шпарка падалася на базар.

Не спаткаўшы на сваім шляху ніводнай жывой душы, Барсучыха крыху збянтэжылася, убачыўшы ў цэнтры горада людскі натоўп. Але яна не здагадалася, што людзі ідуць пасля апошняга сеансу ў кінатэатры. Вельмі ж карцела захапіць выгаднае месца для гандлю і быць першай пакуль яшчэ не развіднела.

На базарчыку было пуста і цёмна, ні табе Мінчучыхі, ні табе іншых канкурэнтаў. Пасядзеўшы і супакоіўшы дыханне, Барсучыха нарэшце здагадалася глянуць на гадзіннік. Пры святле адзінокага вулічнага ліхтара яна з цяжкасцю разгледзела, што стрэлкі паказваюць поўнач…

Ала КЛЕМЯНОК.