Род і народ

 

Замова

 

"Сапраўдная мова беларуская ёсць вельмі цікавая, якую нашы навукоўцы павінны старанна вывучыць, таму што яна шмат тлумачыць у рускіх летапісах і філалогіі нашай мовы: яе можна назваць маці вялікарасійскаму маўленню. Гэта, верагодна, тая самая мова, якой гаварылі ў Пскове і Ноўгарадзе пры варагах. Ухіленая своечасова ад уплыву мангалізму і дагэтуль не спазнаўшая ўздзеяння вялікарасійскага маўлення, яна захавала ў многіх адносінах свой старадаўні выгляд і характар і менш пацярпела ад формы польскай мовы, чым думаюць".

Гэта выказванне належыць вядомаму расійскаму навукоўцу 19 стагоддзя, гісторыку, перакладчыку, ганароваму члену Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук, дырэктару дэпартамента міністэрства народнай асветы Дзмітрыю Языкаву. Вядома ж, за два стагоддзі, што прамінулі з таго часу, мова наша прыцярпела шмалікія ўплывы і рэформы. Але актуальнасць выказвання канчаткова не страчана, бо яно сёння ўспрымаецца як доказ самадастатковасці беларускай мовы і расстаўляе прыярытэты на карысць яе першараднасці перад сучаснай рускай мовай, што ўзнікла, як маўленне, з якога штучным чынам утваралася літаратурная мова, стаўшая, дзякуючы пісьменнікам і лінгвістам, “великим и могучим русским языком».

Нельга сцвярджаць, што сапраўдная мова тутэйшага народа знікла канчаткова, пераробленая пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу і розных палітычных момантаў. А найбольш яна захавалася ў вуснай народнай творчасці, асабліва ў так званых замовах, як самым кансерватыўнам літаратурным жанры.

 

“Ячмень, ячмень,

Вазьмі рубель,

Ідзі на базар, купі сабе тапарок,

Сячы сябе папярок, папярок, папярок.”

 

Гэту замову аднойчы пачула ад сваёй смаргонскай заловіцы і тады прыгадалася мне, што такім жа чынам мая бабуля Алена лячыла дзіцячыя вочы ад заразных высыпанняў на вейках. Ці не ад свайго знакамітага дзядзькі, лекара Баслыка, вядомага на ўвесь Віленскі край, пераняла яна шматлікія веды, якія сёння адносяць да нетрадыцыйнай медыцыны. Хоць мяне заўжды смяшыла гэта выказванне – нетрадыцыйнай, і я больш схільная называць яе альтэрнатыўнай. А наконт традыцый можна і паспрачацца, параўноўваючы ўзрост лекарскай справы народнай і прафесійнай. Толькі гаворка тут не пра тое. Я пра моўную спадчыну і пра замовы як помнікі, што найбольш захавалі архаізмы, спрадвечную лексіку, вобразы.

Аб кансерватыўнасці тэкстаў рознага роду гаючых нашэптванняў згадалася пасля таго, як замова супраць ячменю ўпершыню не спрацавала. Дапамагала многім маім знаёмым, нават тым, якія вельмі іранічна глядзелі на мае памкненні крыжовым жагнаннем і сакральным тэкстам “пасячы” балючы ячмень, і раптам – не дапамагло. А справа была такая. Патэлефанавала мая стрыечная сястра з Масквы з просьбай прадыктаваць тэкст замовы, а запісала яе па-руску. Шчыра прызнаюся, што мне нават цяжка ўявіць сабе, якім чынам яна гучала. І не спрацавала. Давялося маёй сястры ўспамінаць родную мову з яе правільным вымаўленнем. На гэты раз хвароба знікла. Нікога ні ў чым не хачу пераконваць, але, пагадзіцеся, што праз вякі выжывае толькі тое, што мае вартасць.

Найбольш старажытныя замовы датуюцца ХІІ стагоддзем, і выяўлены яны былі пры раскопках старажытнага Ноўгарада на берасцяным скрутку. Але, па сведчанні гісторыкаў-навукоўцаў, існавалі яны задоўга да пісьмовай фіксацыі. Даследчык гісторыі славянскай культуры, археолаг Барыс Рыбакоў схільны лічыць, што замовы існуюць з часоў палеаліту, а гэта 20-40 тысяч гадоў таму. Уяўляеце сабе – колькі стагоддзяў мове тутэйшага люду?! А якая моцная энергетыка ўтрымліваецца ў словах, сэнс якіх гарманізуе прастору і душу.

Напярэдадні Калядаў і Новага года ў многіх народаў ёсць звычка ачысціць свой дом, двор, душу ад бруду. Чыстыя думкі і добрыя словы ствараюць атмасферу, якая спрыяе ладу ў сям’і і дабрабыту ў хаце. Прамаўляючы тосты за святочным сталом, не забывайцеся пра тое, што словы могуць матэрыялізавацца. У якасці абярэгу хачу вам падарыць вось гэту парачку замоў.

 

“Хай дзяцей маіх доля міне смак гарэлкі адчуць, утапіцца ў віне”.

“Верабейка-пташка, як бы ні было табе цяжка,

Нясі злое ліха за сіне мора, за белы хвалі, за далёкія далі”.

 

Ала КЛЕМЯНОК.