Мемуары на развітанне

Лямпачны настрой

 

 

- І як ні круці, радасць мая, а ўсё наша жыццё – суцэльная трагікамедыя. Не разумею драматургаў, якія прыдумалі жанр менавіта “трагікамедыя”, дастаткова старажытнагрэчаскага тэрміна “драма”, каб вызначыць ход падзей твора. А падзеі гэтыя заўжды неадназначныя, часцяком тое, што для аднаго бяда, для другога смеху варта. Вось хоць бы медыцыну ўзяць для прыкладу. Каб ты ведала колькі смешных гісторый ведаюць урачы і медсёстры. Ім смешна, а для пацыентаў жа гэта боль і пакуты.

Быў у мяне харошы сябрук, хірург “залатыя рукі”. Колькі ж ён ведаў камічных гісторый са сваёй практыкі! Найлепшы фантаст не прыдумае таго, на што варта фантазія нашых людзей. Шкадую цяпер, што не запісваў усіх яго аповедаў некалі. Вось толькі адзін захаваўся, то паслухай.

Сацыяльны работнік Зіначка працягвала мыць вокны ў гасцёўні, а Язэп Фядосавіч пачаў чытаць чарговы свой твор пад шум гарадскога транспарту, што навязліва гудзеў за сценамі дома.

 

“Сёння былі на пікніку ў сяброў. Як заўжды, Сяргей Іванавіч весяліў нас, даводзячы да істэрычнага смеху сваімі байкамі пра дурасць асобных пацыентаў. Ён упэўнены, што большая частка траўміраваных людзей самі вінаваты ў атрыманых пашкоджаннях. Вінаваты праз самаўпэўненасць, неабачлівасць і проста праз элементарную тупасць. Па сведчанні нашага траўматолага, штогод паўтараецца па некалькі разоў адна і тая ж гісторыя з лямпачкай. Здавалася б, адэская гісторыя пра розыгрыш з прасоўваннем лямпачкі ў рот і немагчымасцю яе выцягнуць назад, абляцела ўсе куткі краіны. І ўсё роўна штогод знойдуцца “эксперыментатары”, якія на сабе правераць рэфлекторнае сцісканне сківіцы. Асабліва абвастраецца схільнасць да падобных вопытаў у людзей “пад шафэ”. Ін’екцыя “Рэланіўму” ў медустанове расслабляе сківіцы і лямпачку медыкі лёгка дастаюць з ратавой поласці. Аднак знаходзяцца такія, хто саромеюцца звяртацца па дапамогу да ўрача і спрабуюць самі рашыць праблему часам дзікунскімі метадамі.

Як прызнаўся сам Сяргей Іванавіч, яго меркаванне наконт таго, што ён бачыў у гэтым свеце ўсё, ну ці амаль усё, было вельмі далёкім ад ісціны. Асабліва памыляўся ён наконт ініцыятывы неадукаваных вынаходнікаў. Гэтага пацыента – чарговага глытальніка лямпачак, прывезлі ў прыёмны пакой на машыне хуткай дапамогі. Пасля безвыніковых спроб расціснуць сківіцы няшчасную ахвяру даставілі амаль знепрытомленую. Дзяжурная медсястра была ў шоку ад убачанага, а сябры, якія суправаджалі небараку, рагаталі так, што іх саміх хацелі шпіталізаваць, прычым клініку для псіхічна хворых. Укол не дапамог пацярпеламу, таму што скронева-чэлюсны сустаў быў зрушаны – галоўка чэлюсці выпала з сустава. Сяргею Іванавічу ўдалося дапамагчы, але потым, калі сябры пацыента расказалі пра свае метады, у яго ад смеху не хапіла сілы нават злавацца.

Спачатку выцягнуць лямпачку хацелі з дапамогай пыласоса. Тое, што апарат мыючы, надавала ўпэўненасці – вільготны і намылены прадмет лягчэй выскачыць. Не атрымаўшы станоўчага выніку, вырашылі раструшчыць лямпачку прама ў роце. Але спачатку, каб пазбегнуць парэзаў, намерваліся “апрануць” яе ў паветраны шарык. Шарыка не было, і ў гэты позні час купіць яго не было дзе. Затое ў аднаго з сябрукоў знайшоўся ў кішэні прэзерватыў. Некалькі разоў яго надзьмувалі і здзьмувалі, некалькі разоў імкнуліся прапіхнуць у рот, каб нацягнуць на яго лямпачку – нічога не атрымлівалася. Яшчэ і таму, што “эскулапы” рагаталі і адпускалі розныя непрыстойныя жарты. Не рагатаў толькі глытальнік – ён плакаў, але ўсім здавалася, быццам плача той ад смеху. Вядома ж, сыты галоднага, а здаровы хворага, не разумеюць.

Чарговым этапам выратавальнай кампаніі было працягванне ўздоўж нёба насоўкі, якой было вырашана ахутаць шкляны прадмет, перад тым як разбіць яго. Чым разбіваць, ніхто не думаў, але мяркавалася адпіліць цокаль і, прапіхнуўшы ўнутр шкляной сферы нейкі металічны прадмет, біць пакуль не трэсне. Калі ўшчэнт змэнчылі бедную ахвяру ды яшчэ зрушылі чэлюсць, спужаліся і выклікала “хуткую дапамогу”.

Завяршаючы свой расказ Сяргей Іванавіч выказаў без асаблівага аптымізму меркаванне, што, магчыма, хоць цяпер глытальнікаў паменшае.”

Ала КЛЕМЯНОК.