Купанне Настачкі

 

Першае купанне нованароджанага немаўляці – не проста працэдура. У беларусаў – гэта амаль што абрадавая падзея, накшталт першага прычасця. У даўнейшыя часы на першае купанне запрашалі найбольш дасведчаную і вопытную кабету, абавязкова добрую, чулую, незайздросную, каб, не прывядзі Божа, не сурочыла дзіцятка! За гэтую паслугу абавязкова належыла заплаціць, хоць невялікія грошы купальшчыцы, якую з гэтага часу называлі “бабкай”, нягледзячы на яе ўзрост.

Сёння гэтая традыцыя амаль што знікла. Маладыя мамачкі самі купаюць сваіх немаўлятак, бо вучацца гэтаму яшчэ да радзін у кансультацыях і паліклініках.

Настачка нарадзілася сямімесячнай. Хоць і пратрымалі яе ў бальніцы значны тэрмін, але ўсё роўна, яна больш нагадвала нейкага галавасціка, чым дзіця: вялікая галоўка, сплюшчаны, нібы печаны яблык, тварык, худзенькія і сінюшныя ручкі і ножкі. Маладыя бацькі не тое што купаць, спавіваць яе баяліся. Калі патранажная сястра амаль загадала тэрмінова пакупаць дзіця, бацькі толькі цяжка ўздыхнулі. Уздыхнулі і вырашылі звярнуцца па дапамогу да суседкі па пляцоўцы – бабы Валі. Ніхто не ведаў, ці былі ў бабы Валі свае дзеці, бо ніколі не бачылі іх, аднак усе суседзі ведалі, што Валянціна Пятроўна – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ды й што казаць, жанчына яна была энергічная, дзелавітая, напорыстая. Увесь дом звяртаўся да яе за парадамі, за дапамогай, і не было выпадку, каб яна каму-небудзь адмовіла. Толькі скажа: “Нічога – на фронце і не такое было!”

Не адмовіла баба Валя і нашым небаракам, адразу загадала: “Рыхтуйце начоўкі, - і дадала, - прарвёмся: на фронце і не такое было”.

Тата Вова наліў вады ажно па самыя берагі. Па загаду бабы Валі зафарбавалі ваду марганцоўкай, сыпануўшы каліва крышталікаў прама ў ванначку. Апусціўшы локаць у ваду, мама Вера праверыла ці не загарачая яна, а Ваялнціна Пятроўна, распавіўшы дзяўчынку, апусціла яе ў ваду амаль вертыкальна, падтрымліваючы пад падмышкі.

Галоўка немаўляці, якая спачатку хісталася ўправа-улева, то наперад, то назад, раптам зафіксавалася на паверхні вады, як паплавок; ножкі, якія да гэтага былі падціснуты пад жывоцік, раптам напрудзіліся і нібы пачалі шукаць дно, каб у што ўперціся. Настачка, відаць, упершыню за сваё кароткае жыццё шырока расплюшчыла вялікія шэрыя, нібы мышкі-палёўкі, вочкі і ўпершыню ўсміхнулася.

Па загаду Пятроўны Верачка пачала мыліць дачушцы галоўку і змываць мыльную пену, паліваючы цёплай вадой з імбрыка. Тым часам баба Валя памяняла дыспазіцыю, паклаўшы немаўля гарызантальна і падтрымліваючы абедзьвюма рукамі пад попачку і галоўку. А маладая мама ізноў пачала мыліць дачушцы жывоцік, грудачкі і ножкі.

Калі працэдура была завершана і дзяўчынку дасталі з цёплай вады, высветлілася, што бацькі не падрыхтавалі рушнік. “Каб не застудзіць” немаўля, баба Валя, нядоўга думаючы, пабегла з Настачкай з ваннага пакойчыка ў спальню, дзе на ложку ляжаў забыты рушнік…

Карацей, усё абышлося, дзіця не захварэла. Толькі Верачкіна свякроў, прыехаўшы пазней і слухаючы пра першае купанне, чамусьці войкала ды айкала і рабіла вялікія вочы.

А маладым мамам раім не выкарыстоўваць гэты вопыт пры купанні дзіцяці, бо Валянціна Пятроўна хоць і была на фронце, але не ў якасці медсястры, як лічылі ўсе суседзі, а ў якасці снайпера.

Ала КЛЕМЯНОК.