Дзесяць пытанняў да паэта
Інтэрвью з Мар'янам Дуксам:
-Сучасная паэзія - якая яна?
- Многа фармалізму, запазычанасці,
мала глыбіні думкі, поўная адсутнасць праўдзівасці. Паэзія мусіць быць
праўдзівай да цынізму!
-Ахвяраваць зместам дзеля формы
або наадварот?
- Паэзія - мастацтва, таму павінна
быць эстэтычная "упакоўка". Але мець прываблівы знешні выгляд - мала
для твора. Паэзія - сястра філасофіі, без гэтага "напаўняльніка" няма
мастацтва.
- Паэты - прарокі?
- Калі прарочаць за грошы, на заказ
або дзеля ўласнага піяру - то гэты дар прападае...
- Калісьці ты прызнаўся, што
марыў стаць святаром. Гэта пакліканне ці жаданне мець сваю слухацкую аўдыторыю?
- Ніколі не разлічваў на шырокую
аўдыторыю. Пішу для тых, хто разумее паэзію. Не люблю павучаць, а святар
павучае. Таму сёння ўжо не хачу быць святаром.
- Але ты заўжды быў чалавекам
глыбока веруючым. Да таго ж , католікам. Ці не шкодзіла гэта ў жыцці за
савецкім часам?
- Як і многія, быў пад пільным кантролем адпаведных службаў. Тады наогул
многія паэты, незалежна ад веравызнання, былі, шчыра кажучы, “пад каўпаком”.
Аднойчы ў дыскусіі з мясцовым начальнікам я задаў яму пытанне: “Дзе браць сілы
чалавеку без веры, калі ён, напрыклад, калека? Як такому не страціць сэнс
жыцця?” На што мой суразмоўца не знайшоў чаго адказаць. А чым маглі мне,
вясковаму настаўніку, нашкодзіць тыя людзі, што нейкім чынам аказаліся ў пэўных
структурах? Вялікіх амбіцый я не меў, проста рабіў тую справу, якая прыносіла
мне задавальненне, аблягчала душу.
- А ці былі прапановы для кар’ернага
росту? Многія члены саюза пісьменнікаў атрымалі кватэры і добрыя пасады ў
сталіцы. А ты ж яшчэ студэнтам быў прыняты ў саюз.
- Я вельмі не любіў дзяржаўную
службу. Калі мне прапанавалі працу ў адной са смаргонскіх школ, і я нават
прыйшоў на ўрачыстую лінейку, там стаў сведкай нейкай тыраніі ў адносінах да
вучняў і да настаўнікаў. Маю душу заўжды адварочвала ад сітуацый, дзе пануе
прыніжэнне чалавечай годнасці, дзе людзей прымушаюць прыстасоўвацца пад нечыя
самадурныя амбіцыі. Гэта – не для мяне.
Была магчымасць прыпісацца ў Мінску, некаторыя сябры прапаноўвалі свае
квадратныя метры для прапіскі. Штосьці мяне спыняла, а пазней наогул не
хацелася ў вялікі шумны горад, бо ён мяне не натхняў на творчасць.
- Ты нарадзіўся на хутары. Неяк
Данута Бічэль выказалася, што хутаране – людзі са своеасаблівай ментальнасцю.
Ці адчуваў ты калі гэту сваю асаблівасць?
- Крыху смешна нават. Можа толькі
тады адчуваў, калі маці ўспамінала, як іх раскулачвалі і хацелі па загаду
партыі “знішчыць як клас”. Выратаваў тады маіх родных моцны мароз. Дзякуючы
жудаснаму надвор’ю, яны не з’явіліся ў пункт прызначэння. Іншыя ж, загінулі або
ў дарозе, або ў высылцы. А хіба яны былі кулакамі-міраедамі? Звычайныя сяляне,
што сваім гарбом і мазалямі стваралі свой дабрабыт. Пазней, тых, каго не
здолелі фізічна знішчыць, абкладалі неверагодна высокімі падаткамі. Тата мусіў
прадаць новую, толькі пабудаваную хату, каб заплаціць за зямлю, якую набыў за
ўласныя грошы. А праз месяц інспектары запатрабавалі ізноў такую ж суму. Ніякіх
разумных і гуманных законаў тады не існавала. Новую краіну стваралі на людской
крыві і слязах сірот.
- Ты любіш мора?
- Мора вучыць глабальна мысліць і
адначасова адчуваць сваю мізэрнасць перад стыхіяй. Яно вучыць быць мудрым.
- Ці можна вывесці з раўнавагі Мар’яна Дуксу?
- Я належу да таго тыпу людзей, якія
па-філасофску глядзяць на свет, на падзеі, што ў ім адбываюцца. Таму лічу ніжэй
годнасці дэманстраваць свае нервы, а нястрыманых людзей не паважаю. Але ж, я
таксама жывы чалавек, і калі нехта “перагне палку”, я, шчыра скажу, не
зайздрошчу яму.
- Які свой верш хацеў бы зараз прачытаць?
-
Усе, усе шматлікія вякі
абшар жыццёвы
засявалі густа.
Без памяці мы
проста жабракі,
і ў торбе будзе
ветрана і пуста.
Без памяці на
новым рубяжы
адны прыпынкі і
адны паломкі…
Без памяці
збяднеем, як бамжы,
і страцім
радасць, нібы пустадомкі.
Без памяці –
скачы ты ні скачы –
нікчэмны рух,
сляпыя надта ногі.
Без памяці –
блуканне па начы
без адчування
пад сабой дарогі.
Без памяці нас
ці палюбіць Бог?
Без памяці нам
шчасце не сфарганіць…
Бо памяць наша –
гэта педагог,
што круціць вушы
тым, хто хуліганіць.
Пытанні задавала Ала КЛЕМЯНОК.