Асліныя гонкі

 

Упершыню за ўвесь час, што працавала сацработнікам, Зіначка спазнілася. Ажно на дзве гадзіны пазней прыйшла да Язэпа Фядосавіча. Збірала сына-студэнта ў Мінск. Спачатку ён паедзе на сельгасработы. Жанчына завіхалася каля пліты: то смажыла катлеткі, то адварвала мясныя рулецікі і кілбаску. Як жа яна выправіць дзіцятка без ванзэлка з харчамі на два тыдні!? Яна меркавала, што менавіта на столькі ейнаму хлопцу хопіць ежы. Жанчына николі не жыла ў студэнцкім інтэрнаце, таму не магла ведаць пра законы грамады, калі ўсе прыпасы знішчаліся за дзень-два.

Фядосавіч сустрэў яе не столькі грозна, як трывожна. Даведаўшыся аб прычыне спазнення, выцягнуў свой самы стары, зашмальцаваны і выцвілы дзённік і, загадкава ўсміхаючыся, распачаў.

“Лета 1957 года. Мы на саўгасных палетках. Наш студэнцкі атрад Ташкенцкага політэхнічнага інстытута кінулі на ўборку хлопка. Давялі план – 70 кілаграмаў сырца за змену з чалавека. Дзяўчаты плачуць. Каб спыніць салёны паток слёз, дапамагаем ім. Не так цяжка збіраць гэтыя ватныя кветкі, вырываючы з бурых каробачак, як давалачы 20-кілаграмовыя цюкі да грузавіка. Праз пару тыдняў працы на палетках рукі ва ўсіх сталі карычневымі, нібы вэнджаная паляндвіца. Манатонная, аднастаная работа патрабуе нейкай разрадкі вечарамі. Грошы выплачваюць нам кожны тыдзень, але патраціць іх няма дзе. Адзіная крама не адрозневаецца шырокім асартыментам. Купіць тут можна хлеб, гарэлку, кансервы. На бляшанках надпіс з дарэформеннай літарай “яць” – сведчанне даўно сышоўшага тэрміну ўжывання гэтага прадукта, таму есці боязна.

Вырашэнне праблемы культурнага адпачынку і траты грошай прыйшло нечакана. Вакол бадзяецца шмат ішакоў. Пасля ўвядзення буйных падаткаў на хатнюю жывёлу, гаспадары проста павыганялі іх за межы кішлака. Ведаю, што ў нашых сваякоў з Беларусі такая праблема ўзнікла таксама, давялося карову Рабу здаваць на мяса. Тут жа ў пашане бараніна. Ніколі не чуў, каб хто прадаваў аслінае мяса. Ходзяць самапасам гэтыя бяздомныя жывёлы, паглядаюць нам услед сумнымі позіркамі.

Не помню, хто першым выказаў ідэю пра асліныя скачкі. У той жа дзень, вяртаючыся з поля, хлопцы прыцягнулі з сабой трох ішакоў. Жывёлы канчаткова яшчэ не здзічэлі, таму падатліва пайшлі за новымі гаспадарамі, што іх заманьвалі хлебнай скібай. Вечарам распачалася сапраўдная забава. Школьны стадыён быў абвешчаны іпадромам, доўгавухія спартсмены атрымалі свае мянушкі і нумары, гледачы зрабілі стаўкі. Ішак Горац пад першым нумарам ірвануў пасля гонга (гонгам у нас другакурснік Азіз, які выдатна ўмее імітаваць розныя гукі, у тым ліку і роў асліцы). Следам падаўся Мустанг, якому дастаўся нумар тры. І толькі бягун пад нумарам два па мянушцы Туз не скрануўся з месца. Яго “трэнер” спакушаў хлебам, падпіхваў упартую скаціну і лупцаваў нейкай хварасцінай, але Туз стаяў як укапаны. А я ж на яго паставіў свае грошы, упэўнены, што такая мянушка павінна паспрыяць перамозе.

На другі дзень замест дыскваліфікаванага Туза прыцягнулі на стадыён новага ўдзельніка гонак. Нейкага хударлявага аднавухага ішака я таксама прывёў і назваў яго Метэор. О! Дзіва! Мой Метэор прынёс мне найбольшую суму грошай. Але ўсе яны былі прайграныя на наступны вечар, бо свайго бегуна я не знайшоў, а той, на якога зрабіў стаўку, не вытрымаў спрынтарскага бегу сапернікаў.

Колькі прасадзіў грошай – не лічыў. Азарт захапіў і адключыў элементарную абачлівасць. Разумныя людзі адкладалі зарплату, каб набыць потым добрыя чаравікі ці вопратку. У мяне ж не хапіла мазгоў. Засталося яшчэ пару тыдняў работы на ўборцы хлопку. Але грошы плацяць не тыя, што напачатку, тлумачаць тым, што якасць сырца горшая. Можа яно і так. І што я маме раскажу?”