Нататкі вандроўніка

 

Пяцьдзясят адценняў карыцы

 

Наш самалёт даў нырца ў паветраны акіян пад назвай “Неба” і праз некалькі хвілін апынуўся над хвалямі суцэльнай воблачнасці. Далёка на гарызонце з’явілася тонкая чырвоная рыска. Узыход сонца на вышыні каля 10 тысяч метраў над зямлёй уражвае. Найперш тым, што там няма рэзкага кантрасту паміж цемрай і святлом напачатку новага дня. Брудна-блакітны цыклон пад ультрафіялетам верхніх слаёў атмасферы здаваўся застылым і шчыльным. Сонечныя промні сфакусіраваліся ў адну яркую стужку і толькі на ілюмінатары адлюстроўваліся сотнямі сонечных зайчыкаў-пухлячкоў.

Чуць-чуць дрогне, праліецца

Чырвань на усходзе –

Гэта неба усміхнецца

Людзям і прыродзе.

Аднекуль з глыбіняў памяці выскачылі шустрым чорцікам з куфэрачка гэтыя радкі Коласаўскага верша пра ўсход сонца. А неба сапраўды шырока “ўсміхнулася” на ўвесь далягляд перад тым момантам, калі вогненны сноп з мільёна коп урачыста ўзняўся над хмарамі, слепячы вочы тым, хто сустракаў свяціла, прыляпіўшыся поглядам да ілюмінатара. Нічога не заставалася, як толькі апусціць шторку і падрамаць колькі часу, пакуль наш “Боінг” возьме курс на поўднёвы захад і сонца адкоціцца крыху ў хвост. Наш паветраны шлях да Сінайскай паўвыспы ляжаў у аблёт Украіны, праз тры моры, з якіх самае вялікае – Міжземнае. А мэта падарожжа – егіпецкі курорт Шарм эль шэйх на ўзбярэжжы Чырвонага мора.

Карычневыя горы, карычневае мора, карычневы вярблюд…

У маім дзяцінстве па радыё часта трансліравалі песню пра “аранжавае сонца, аранжавую маму, аранжавую я”. Гэту песеньку і цяпер часта напяваю напярэдадні летняга адпачынку. Сёлета мы з мужам дазволілі сабе лета напрыканцы лютага. Але “аранжавая песня” настойліва гучала ў маёй галаве. Сінайскі паўвостраў з вышыні ўяўляў сабой самы насычаны і цёмны колер аранжу, больш блізкі да колеру выцвілай карыцы. Пазней, за тыдзень знаходжання ў гэтым кутку свету, я ўпэўнілася, што карычневы колер мае нават не паўсотні, а больш за сотню адценняў і паўтаноў. Неверагодная колькасць цёплых фарбаў існуе паміж бледнай охрай пясчаных рэчышчаў высахлых ў дагістарычны час рэк і насычанай скарынкі свежаспечанага аржанога хлеба горных хрыбтоў. Далёка ўнізе анідзе аніводнага зялёнага аазісу. Хіба што на самым ўзбярэжжы Чырвонага мора гарманічна спалучыліся ізумрудна-бірузовыя каралавыя водмелі з пальмавымі пасадкамі курортных гарадкоў.

Сінай – спрадвечная айчына бедуінаў. Большая частка тэрыторыі – пустэльня. Горы, пазбаўленыя хоць бы якой расліннасці, гарачае сонца за працяглы летні перыяд няшчадна спальвае ўсё жывое. Толькі бедуіны, ведаючы нейкі сакрэт або проста прыстасаваўшыся да экстрэмальных кліматычных умоў, нейкім чынам выжывалі тут на працягу стагоддзяў. Але час ад часу Сінай рабіўся прыцягальным для розных уладароў і суседніх народаў. Асабліва калі геолагі знайшлі тут нафту. Нездарма кажуць у народзе, што вайна пахне крывёй і нафтай. Вось і за гэтыя радовішчы вяліся войны паміж Ізраілем і Егіптам у другой палове мінулага стагоддзя. Пасля Кэмпт-Дэвідскага пагаднення яўрэі сышлі на свае “землі абетаваныя”, пакінуўшы арабам прыгожыя абжытыя прыбярэжныя курорты, многія з якіх сёння адбудоўваюцца, некаторыя часткова разбураюцца, а самыя найлепшыя былі перад зыходам зруйнаваныя з зямлёй. Не падумайце, што з помсты. Проста многія ізраільцяне не жадалі адсяляцца, а гэта магло справакаваць крывавыя разборкі паміж прадстаўнікамі розных культур і канфесій. Каб не было нагоды вяртацца ў зону адсялення, урадам Ізраіля было прынята такое рашэнне.

Карычнева-барвовыя колеры і адценні з рэдкімі ўкрапінамі охры і зеляніны валадарылі і ў афарбоўцы гатэля “Лагуна Віста”. І толькі багаты ландшафны дызайн унутранага падворка пакарыў сэрца невычарпальнасцю аўтарскай фантазіі, бязмежнасцю фарбаў, багаццем кветак. Прыцягвалі да сябе каскады блакітных басейнаў пад адкрытым небам, фантаны, вадаспады, штучныя рачулкі. Як добра проста ляжаць пад пяшчотнымі промнямі паўднёвага сонца і слухаць шум-журчанне вады! Не верылася, што гэта гатэль, а не шыкоўны палац якогась падзішаха.

Яшчэ адзін чароўны сюрпрыз штодзённа чакаў нас у нумары: прыбіральшчык (а тут працуюць імі выключна мужчыны) “ваяў” кожны раз новую скульптуру з ручніка. То скруціць з яго лебедзя, то паўліна, то кажана. Ды яшчэ ўпрыгожыць ложак пялёсткамі кветак і зялёнымі лісцейкамі вечназялёных раслін. Праўда, натхненне творцы ў вялікай ступені залежала ад памеру чаявых, якія мы кожную раніцу пакідалі яму на творы з ручніка. Чаявых чакаюць афіцыянт у рэстаране, шафёр аўтобуса, касір гіпер-маркета і інш…

Каля ўваходнай брамы гатэля на палянцы пад пальмамі заўжды чакаў “дзяжурны” вярблюд. Яго пагоншчык “вылаўліваў” нявопытных турыстаў і прапаноўваў пракаціцца і сфатаграфавацца за бясплатна. Тых, хто кляваў на дармаўшчыну чакала расчараванне, бо спуск з гэтай двухгорбай махнатай гары, як аказалася, платны, а саскочыць з двухметравай вышыні мала хто асмеліцца. А яшчэ на кожным кроку вас вылаўліваюць шматлікія гандляры і навязліва цягнуць у свой магазінчык ці лаўку. Большасць уладальнікаў крамаў – жыхары афрыканскай часткі Егіпта, тут у іх работа, а дом – найчасцей у адным з гарадоў, размешчаных у басейне Ніла. Ці не кожны другі носіць імя Мухамед, бо амаль 90 працэнтаў насельніцтва – мусульмане.

Каля 15 працэнтаў жыхароў краіны – хрысціяне-копты. Копты лічаць сябе нашчадкамі старажытных егіпцян і фараонаў. У Шарм эль шэйху ў 2010 годзе пабудаваны прыгожы і велічны хрысціянскі храм Ас Самаіюн (Усіх святых), які па сваіх памерах і прыгажосці не саступае мячэці Эль Мустафа. Царква мае пяць купалоў, якія сімвалізуюць Хрыста і чатырох евангелістаў, але на гэты візантыйскі стыль робіць ўплыў іслам - дзве званіцы, справа і злева ад ўваходу ў храм, пабудаваны ў выглядзе мінарэтаў. Ды і крыжы над купаламі маюць своеасаблівы выгляд, больш нагадваюць ні то сняжынкі, ні то пальвамыя галінкі.

Найлепшае мора тое, на якім ты яшчэ не быў

Вучылі ж мяне разумныя людзі: не мяркуй аб рэчах па іх знешняму выгляду! Сапраўды, пад яркай прыгожай упакоўкай можа быць такая дрэнь! А каштоўныя брыльянты ці апалы не сапсуюцца і ў кардонцы. Проста трэба ведаць, як адкрыць кардонку. А каб меркаваць пра вартасці Чырвонага мора, трэба для пачатку навучыцца плаваць з маскай і трубкай. А для аматараў дайвінгу – тут сапраўднае сховішча цудаў.

Але першае ўражанне, калі мы прыйшлі на марскі бераг, ды яшчэ падчас адліву, было, мякка кажучы, расчароўваючым. Пальмы, чысты пясчаны пляж, поўны шціль, глыбіня – па шчыкалаткі і толькі на адлегласці ў метраў 60 – па калена. Для мам з немаўлятамі гэта ідэальна. Але я аддаю перавагу мору неспакойнаму, з хвалямі і штормам. Варта было выправіцца ў марское падарожжа, каб зразумець, што Чырвонае мора, яно, як ісламская жанчына, што сарамліва хавае свае вартасці пад доўгую вопратку і паранджу. Пераканалася ў гэтым плаваючы каля рыфаў вострава Ціран. Нездарма ж сюды неаднойчы наведваўся славуты Жак Іў Кусто са сваёй камандай. Ім адкрываліся скарбы багатага падводнага свету, чароўная марскагая флора і фаўна каралавых рыфаў. Колькасць рыбак, чашуйчатых, розных іншых халоднакроўных і бясхвостых тут налічваецца мільёнамі.

Адразу прызнаюся, што ныраць і глыбока апускацца з аквалангам я не асмелілася. Але, надзеўшы маску з трубкай і ўбачыўшы падводны рай на фоне дэкарацый са шматлікіх каралавых губак, водарасцей, рыфаў, адчула непераможнае жаданне даць нырца. Захацелася апынуцца там, дзе дайверы, як малыя дзеці з мячыкамі, гулялі з марскімі вожыкамі, актыніямі, мядузамі, рыбамі, назвы якіх я так і не даведалася. Актыніі, або марскія анемоны, незвычайнай прыгажосці, прыцягвалі зрок, грацыёзна пагойдваючы сваімі “пялёсткамі”. Блакітныя, бірузовыя, залацістыя, аранжавыя рыбкі плавалі зусім побач, некаторыя, сабраўшчыся стайкамі, драмалі над “жывымі” і “мёртвымі” караламі-паліпамі. Прыцягальны, дзіўны, казачны падводны свет насычаў зрок новымі і новымі сваімі карцінамі, непаўторнымі фарбамі і сюжэтамі.

З неахвотай паднялася на борт яхты, якая ўзяла курс да новых рыфаў. Як толькі прышвартаваліся, без лішняга запрашэння сіганула ў ваду, пачуўшы дазвол. І зноў паўтарылася дзіва. Напэўна, з многіх яркіх уражанняў майго жыцця, самым цудоўным і запамінальным будзе гэта экскурсія па “залях” жывога марскога музея.

На палубе яхты нас чакаў смачны абед. Але запомніўся не ён, бо, пэўна ж, паплаваўшы больш за дзве гадзіны, будзеш рады любой ежы. Запомнілася наша інтэрнацыянальная каманда за адным сталом: грузін з жонкай армянкай, украінцы-кіяўляне, самбіст масквіч, які між іншым, дапамагаў падбіраць усім нам якасныя маскі для плавання, і мы – беларусы. Запомнілася атмасфера прыязнасці, дабрыні, спакою, узаемапавагі. Няхай бы і ў свеце яна была паўсюль такой. Бо, урэшце, усе мы пасажыры адной яхты пад назваю “Зямля”.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.