Год малой радзімы

 

Талент – быць Чалавекам

 

Яшчэ адным паэтычным фэстам паболела на Маладзечаншчыне. У суботу, 25 мая, прайшло свята паэзіі ў Ленкаўшчыне – на малой радзіме беларускага паэта, настаўніка, мастака Юльяна Сергіевіча. Памяць пра гэтага таленавітага і чыстага душой чалавека доўгі час захоўвалі хіба толькі самыя блізкія людзі ды аднавяскоўцы. А летась стараннямі краязнайцы і выдаўца Міхася Казлоўскага выйшла з друку кніга “За волю родных хат”, у якой вершы, успаміны, ліставанні Ю. Сергіевіча. Адкрылася яшчэ адна занядбаная старонка з гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры…

 

Сонечнага колеру бібліобус цэнтральнай Маладзечанскай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча вязе нашу творчую брыгаду ў Маркаўскі сельсавет. Вадзіцель Генадзь Аскірка добра ведае гэтыя шляхі-дарогі, як і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі маладзечанскай бібліятэкі Таццяна Закрэўская, бо не раз наведваліся сюды. Часцяком разам з краязнаўцам, пісьменнікам і выдаўцом Міхасём Казлоўскім, які быў і застаецца дбайным ахоўнікам багатай спадчыны малой радзімы, а таксама шчырым папулярызатам творчасці беларускіх пісьменнікаў. На якасць тутэйшых дарог увагі не звяртаем, бо зачараваныя маляўнічымі краявідамі зялёна-жоўтых узгоркаў ды букетамі квітнеючага бэзу амаль дя кожнай вясковай хаты.

За Ленкаўшчынай, у шырокім полі, асаблівы ўзгорак – вясковыя могілкі, на якіх знайшлі апошні спачын побач з аднавяскоўцамі Юльян Сергіевіч і яго жонка Агата. Спачатку наведваемся туды. Магіла прыбраная – паклапаціліся мясцовыя школьнікі начале з настаўніцамі Маркаўскай СШ Ларысай Сапач і Вольгай Капіца. Міхась Казлоўскі коратка распавядае пра біяграфію малавядомага, але такога таленавітага паэта і самадзейнага мастака, які сціпла пражыў на перыферыі, хоць у маладосць падаваў вялікія надзеі і заявіў аб сваім таленце найлепшым чынам. На жаль, развіцца таленту ў поўную моц не  дало кола рэпрэсійнай машыны, што падмяла пад сябе яго, як і многіх прадстаўнікоў нацыянальнай культуры. І ўсё роўна, талент і высокая духоўнасць, не падуладныя гвалту, рана ці позна прарастаюць на свет.

На невялічкай, упрыгожанай шыкоўнымі букетамі майскіх кветак, пляцоўцы якраз насупраць хаты, дзе жыў Юльян Сергіевіч сабраліся жыхары Ленкаўшчыны і бліжэйшых вёсак. Сярод прысутных пазнаю твары тых, хто і летась прысутнічаў тут падчас прэзентацыі кнігі Міхася Казлоўскага “За волю родных хат”. Тады і нарадзілася ідэя праводзіць паэтычныя фэсты ў гонар Юльяна Сергіевіча, каб адроджаная памяць захоўвалася ў душах нашчадкаў. Ідэю падтрымаў і старшыня маркаўскага сельсавета Іван Мацэвіч. Пра дызайн і аздабленне імправізаванай сцэны паклапацілася  настаўніцы мясцовай школы і бібліятэкар Маркаўскай сельскай бібліятэкі Марына Чарняўская.

Распачалося свята вершамі Юльяна Сергіевіча, якія чыталі загадчык літаратурнай часткі Мінскага абласнога драмтэатра Ала Клемянок, настаўнікі і вучні Маркаўскай СШ. З прамовай выступіў краязнаўца Міхась Казлоўскі, які вельмі эмацыйна і пераканаўча апавядаў пра трагічны лёс пакалення творцаў 20-30 гадоў мінулася стагоддзя, да якога належыў Ю. Сергіевіч. Уваходжанне ў беларускую літаратуру сціплага вясковага хлопца было шматабяцаючым, яго творы друкаваліся ў перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, найперш у часопісе «Маланка» і газеце «Шлях моладзі», у калектыўным зборніку «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928). Ён пісаў сцэнарыі для самадзейных калектываў. У 1939 павінен быў выйсці падрыхтаваны да друку зборнік паэзіі, але пачалася сусветная вайна. Толькі праз 60 гадоў выйшаў наступны калектыўны зборнік, у якім знайшлося месца для вершаў Ю. Сергіевіча.

Сваімі думкамі пра лёс роднай мовы і літаратуры, пра жыццё і творчасць Юльяна Іосіфавіча, а таксама вершамі, сугучнымі панаваўшаму настрою, падзяліліся паэты Віктар Шніп, Тамара Бярэзіна, Тамара Аўсянікава, Ала Клемянок, унучаты пляменнік Ю. Сергіевіча Аляксандр Канановіч, настаўніцы Ларыса Сапач і Вольга Капіца. Упрыгожылі свята сваімі спевамі народныя фальклорныя калектывы “Маркаўчанка” і “Крынічанька”.

Наступны год – юбілейны для Юльяна Сергіевіча, бо гэта год яго 110-годдзя з дня нараджэння. Вельмі хочацца спадзявацца, што распачатая справа па ўшанаванні літаратурнай спадчыны таленавітага творцы, духоўна багатага чалавека працягнецца і дасць натхненне новым пакаленням беларусаў для гонару за сваю спадчыну, за сваю малую радзіму.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

На фота

Выступае Міхась Казлоўскі.