Аліна САБУЦЬ

«Пераклады – што жанчыны...»: пра «прыгожыя»  і  «верныя»  пераклады

 

Пры перакладзе неабходна дабірацца да неперакладальнага,

толькі тады можна па-сапраўднаму пазнаць чужы  народ, чужую мову.

                                     Гётэ

 

У працэсе міжкультурнай камунікацыі адметная роля належыць менавіта мастацкаму перакладу. Да актуалізацыі праблемы перакладу як культуралагічнай з’явы вучоныя розных краін звярталіся не аднойчы. Кантэкстуальнае вывучэнне слова (сінтэз моўна-стылявых, культурна-эстэтычных адзінак) у мастацкім творы ўскладае пэўную адказнасць на перакладчыка. Так, на думку расійскіх даследчыкаў Л.К. Латышава і А.Л. Сямёнава, «пераклад – гэта не толькі замена мовы, але і функцыянальная замена элементаў культуры» [1, с. 108]. Паводле вядомага грузінскага вучонага-перакладчыка, паэта Г.Р. Гачэчыладзе, які яшчэ ў 70-я гады ХХ-га стагоддзя акцэнтаваў увагу на нацыянальнай спецыфіцы завершанага перакладу, у перакладзе выяўляецца нацыянальная адметнасць творчасці самога перакладчыка [2, с. 147]; праблема нацыянальнай спецыфікі мастацтва цесна судакранаецца з праблемай народнасці, апошняя ж – з фармаваннем нацыянальнай свядомасці народа [2, с. 149]. Мае рацыю балгарскі даследчык Г. Лілова, якая ў развагах пра дыялектыку нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў перакладзе заўважыла, што задача кожнага перакладчыка – «знайсці і асэнсаваць сутнасць нацыянальна адметнага і спецыфічнага; правільная перадача гэтых элементаў нацыянальнага адкрывае шлях і для выяўлення інтэрнацыянальнага ў творы; ва ўдалым перакладзе спецыфічная, самабытна-нацыянальная аснова твора не прападае, і іменна ў гэтым бачыцца адзін з асноўных прынцыпаў творчай перакладчыцкай дзейнасці» [3, с. 103-104]. Урэшце, трэба пагадзіцца са словамі нямецкага пісьменніка І.Р. Бехера: «Стварэнне высокай культуры перакладу садзейнічае росту нацыянальнай літаратуры і ўсведамленню ёю свайго нацыянальнага характару» [4, с. 93].

Такім чынам, мастацкі пераклад – найбольш рэпрэзентатыўны від кантакту (дыялогу, палілогу) паміж нацыянальнымі літаратурамі. Заўважым, толькі на пачатку 90-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў айчынным перакладазнаўстве пераклад пачынае разглядацца як дзейсны нацыяўтваральны фактар [5]. Сярод беларускіх даследчыкаў тэорыі і практыкі мастацкага перакладу адносна вышэйзгаданага пытання варта назваць працы М. Кенькі, В. Рагойшы, І. Чароты, Н. Дзянісавай, А. Таболіч, С. Скамарохавай, Г. Старасцінай і інш. У зведанай беларускай сітуацыі з ілюзорнай самаізаляванасцю, засяроджанасцю толькі на сабе дылема сваё/чужое (як замежнае) якраз слаба спрыяла ўстойліваму статусу беларускага нацыянальнага менталітэту, светааадчування, урэшце, збядняла яе ўнутраныя патэнцыі. Невыпадкова апошнім часам у беларускай кампаратывістыцы заявілі пра сябе праблемы інтэрпрэтацыі перакладчыка як сааўтара, праблема рэцэпцыі. У гэтай сувязі вядомы беларускі кампаратывіст, аўтар навуковых прац па славістыцы, чэшскай літаратуры, сусветнай літаратуры ХХ-га стагоддзя I. Шаблоўская справядліва адзначала: «Мусім прызнаць, што энергія літаратурнага ўзаемадзеяння на Беларусі ледзьве адчувальная. Мала перакладалася на беларускую мову твораў сусветнай класікі, фрагментарна прадстаўленыя на ёй літаратуры свету, як заходнія, так і ўсходнія, выключэннем з’яўляецца, бадай што, літаратура руская... Беларуская сітуацыя, такім чынам, сведчыць пра абмежаванасць успрыняцця літаратуры сусветнай» [6, с. 19].

Насамрэч, каб сцвердзіць, што беларуская літаратура – сапраўды нацыянальная еўрапейская з’ява, неабходна ўсвядоміць: якое ж месца адведзена беларусу ў пасадзе між еўрапейскімі народамі? Недарэмна і своечасова падчас нашаніўскай дыскусіі 1913 года ставілася праблема еўрапеізацыі-самабытнасці беларускай літаратуры. Невыпадкова ж паэт-эстэт М. Багдановіч дбаў, каб надаць беларускай паэзіі «больш еўрапейскага выгляду», але не сумняваўся ў тым, што і еўрапейская паэзія мае беларускае адгалінаванне. Сапраўды, разглядаючы літаратуры з рознымі генетычнымі, тыпалагічнымі і кантакталагічнымі адметнасцямі, варта згадаць пра непадробную паэтыку верленаўскага верша ў М. Багдановіча, дантаўскія алюзіі ў творах Я. Купалы, найдасканалейшыя дубоўкавы пераклады санетаў У. Шэкспіра, праметэізм М. Танка, беларускі варыянт постмадэрнізму. Адзін з заснавальнікаў беларускай школы мастацкага перакладу Я. Семяжон мае багаты творчы вопыт: пераклад твораў з літаратур на 34-х мовах свету. Сёння нашы суайчыннікі могуць хваліцца шыкоўнымі перакладамі з Байрана, Гётэ, Дантэ. Майстра-віртуоз, аўтар намінаванай на Нобелеўскую прэмію кнігі «Ксты»(2005), выдадзенай па-беларуску і па-ангельску, якую рэдагавалі эксперты з Велікабрытаніі і ЗША, Р. Барадулін перастварыў Святое Пісьмо, фактычна праілюстраваў новую школу перакладу. Разам з тым, Вера Рыч і Ўолтэр Мэй – стваральнікі паэтычных англамоўных анталогій, дзе самавіта выяўляецца «краса і сіла» беларускай паэзіі.

Пераклад набывае не толькі мастацка-эстэтычную, але і камунікатыўную ролю. Так, пры кантэкстуальным вывучэнні літаратуры (калі параўноўваць праўдзіва параўнальнае ў творы і ўмець бачыць «нацыянальнае» ў ім) мэтазгодна ўлічваць, што пэўная нацыянальная літаратура ўтрымлівае сваю ўнутраную стадыяльнасць развіцця, уласную спецыфіку светаадлюстравання. Кожная нацыя мае сваю развітую мастацкую сістэму, свой Нацыянальны Космас. Як і пераклад – сваю культуру творчасці (на мяжы мастацка-даследчыцкай). Праблема перадачы «нацыянальнага», ці т.зв. глыбокая нацыянальнасць перакладу абумоўлены, зразумела, канкрэтна-нацыянальным выяўленнем ці т.зв. нацыянальна-культурным кампанентам. Не апошнюю ролю маюць і сітуатыўныя рэаліі, якія вымагаюць дастатковага ведання народных звычаяў (прыкмет, правіл народнай этыкі), а таксама асаблівасцяў светаўспрымання тога ці іншага народа, ягонай эстэтычнай іерархіі каштоўнасцяў. Як вядома, ноч ва ўспрыманні еўрапейца – гэта пэўныя асацыяцыі са сном, холадам, цеменем, нават са смерцю; для ўсходніка ж ноч суладная са згарманізаваным супакоем, наталеннем, амаль што хараством. Згаданае абумоўлена розным укладзеным сэнсам эстэтычнага светаразумення кожнага народа, таму падобныя сітуатыўныя рэаліі вымагаюць ад перакладчыка пэўнага каментару. Так, пра рэаліі чужой культуры, нярэдка палярныя тыпы разумення жыццёвых каштоўнасцяў і адпаведнай ім сімволіцы даследчык І.С. Аляксеева пераканаўча канстатуе: «представители разных культур, за плечами которых разный исторический и социальный опыт, понимают свободу по-разному. Резко отличаются представления о свободе у американца, русского, немца и китайца. Например, для русского человека свобода – это в первую очередь отсутствие каких бы то ни было обязательств, возможность полностью распоряжаться собой и своим временем, отсутствие внешнего давления; для немца свобода – это прежде всего юридическая гарантированность его прав, чёткая отрегулированность правового механизма, материальная обеспеченность, а русскую «свободу» он считает разгулом. А вот в чукотском языке, как отмечает М.Л. Гаспаров, вообще нет слова «свободный», есть только «сорвавшийся с цепи» (Гаспаров М.Л. Записи и выписки. – М., 2000. – С. 57.). Такие случаи часто ведут к недоразумениям при контактах. Если эти контакты устные, то на переводчика, помимо перевода текста, возлагается функция консультанта по межкультурной коммуникации, если же переводится письменный текст, необходимы комментарии или примечания к тексту, инициатором которых выступает переводчик. Подобную проблему составляет особое символическое толкование некоторых обычаев разных народов. Например, обычай снимать обувь перед тем, как войти в дом на Востоке, скажем в Узбекистане, считается проявлением уважения к хозяину; у большинства европейских народов такого обычая нет, и вполне прилично пройти в дом в обуви. И здесь переводчик может помочь избежать недоразумений, пояснив своим подопечным смысл обычаев, если он гид-переводчик, или же предложив свой комментарий к письменному тексту, если описывается обычай, непонятный читателям переводного текста» [7, с. 11-12].

Безумоўна, нацыянальны каларыт твора перадаецца не толькі праз спецыфічнае бачанне народам тых ці іншых рэалій. Нацыянальна-культурны дух твора ўвасабляе панарамную нацыянальную прастору з адметнай моўнай рытміка-меладычнай кампазіцыяй. Так, англійскае паэтычнае слова надзвычай лірычнае, беларускае ж – эпічнае, «густое». Або, у беларускіх мастацкіх тэкстах як адметны знак нацыянальнай ландшафтнай прасторы – згарманізаванае спалучэнне зямнога і нябеснага, дзе, па-купалаўску кажучы, «лунае мой дух», ці па-барадулінску, «зямля гаворыць з небам курганамі». Спрадвечная беларуская існасць пануе ў адметных архетыпах балота, лесу, кургана са спецыфічнымі матывамі сумежнасці-пераходнасці, што аргументавана даследаваў у беларускай літаратуры ХХ-га стагоддзя праз працэсы нацыянальнага самавызначэння вучоны І.А. Чарота [8]. Своеасаблівае мастацкае ўсведамленне меланхалічным, рахмана-інтравертным Хомкам-беларусам праблемы чалавечага духу/характару стала беларускім феноменам двудушнасці (гарэцкаўскае адкрыццё), досыць складаным, а часам супярэчлівым у мастацкім досведзе небеларускага перакладчыка і айчыннага перакладчыка на іншую мову.

Пры перакладзе мастацка-творчы ўплыў жыватворны толькі пры ўмове адчування прыроды мыслення паэта. Безумоўна, не без уплыву сусветнай паэзіі беларускі творца М. Багдановіч піша свой верш па матывах арыгінала Верлена – паэта «млоснасці», «асенняй песні», а не перакладае гэты арыгінал з падрадкоўніка, таму што сам добра валодаў французскай мовай, таму што адчуваў П. Верлена як ні адзін славянскі паэт (слушна заўважыў І. Навуменка). Беларускі чытач пачуў «свайго» Верлена, каб праз гучанне, спеў плыннай, цякучай верленаўскай ліры дакрануцца да стомленай, адчужанай, спакутаванай душы французскага паэта. Увогуле ж, у паэтычным свеце М. Багдановіча чуецца рознагалосая музыка, увасобленая праз канцэпты «эмоцыі», «пачуцці», «душа», «сэрца» і інш. Так, словы-канцэпты «душа», «сэрца» у 22-х вершах-перакладах з П. Верлена часта ўжывальныя (каля 30 выпадкаў) для выяўлення-перадачы пачуццяў, бо сам М.Багдановіч спасцігаў боль і самоту спакутаванай душы Верлена: «Плач сэрца майго // Як над горадам дождж» [9, с. 174], «Душа твая – малюнак артыстычны» [9, с. 183], «Ў самотным сэрцы – зло, ў душы – нуда густая» [9, с. 189] і інш. Прынагодна згадаем вартую заўвагу беларускага літаратуразнаўцы В. Iвашына адносна дыялагічнасці мастацкага мыслення М. Багдановіча: «Паэт умеў глыбока суперажываць блізкае, роднае сабе ў іншых культурах, знайсці заўсёды там водгук для сваёй душы. Чуласць да «чужога» як свайго, дыялагічнасць – характэрная асаблівасць яго паэтыкі, мастацкага мыслення, творчага стымулу і спосабу ўспрымання традыцый» [10, с. 259]. I таму сама гармонія слова і музыкі праз своеасаблівую празрыстасць і вабную недагаворанасць пачуццяў у паэтыцы абодвух творцаў ёсць сапраўдная мастацкая з’ява. Больш за тое, беларускі паэт «выбудоўваў» сваю, нацыянальную мадэль паэтычнага імпрэсіянізму, сімвалізму – праўдзівую і непадробную. Прынцып «Прыгажосць – вышэй за ўсё!» слугаваў яму пры скрупулёзным адборы твораў-перакладаў. Тут Поль Верлен – адзін з самых улюбёных паэтаў, дзе дамінантнай, найвышэйшай бачыцца сама музыкальнасць верша. Насамрэч, паэзія абодвух творцаў грунтуецца на дапытлівым, шукальным сузіранні. Якраз яно – сузіранне – вымушае паэта адвярнуцца ад шэрай жорсткай паўсядзённай рэальнасці, падштурхоўвае знайсці-стварыць іншую рэальнасць, дзе пануе зладжаная гармонія, дзе ў малым, непрыглядным бачыцца велічнае, бясконцае; раскашуе надзвычайнае, учэпістае захапленне жыццём і гэткая кволая неабароненасць перад ім. I колькі разоў не перачытвай беларускага і французскага паэтаў, усё ж свядомае імкненне да эстэтызацыі, вытанчаная элегантнасць гукавога складу, унутраная гармонія і дасканаласць формы падкрэсліваюць адметнасць аўтарскіх стыляў, хоць, праўда, у кожнага ён свой. У паэтыцы абодвух мастакоў слова няма «лішніх» слоў, яны «берагуць» слова, вабнае сваёй экспрэсіяй. Пераклады М. Багдановіча з П. Верлена – узор прыгожага дыялогу двух арыгінальных творцаў, узор захавання свайго стылю, сваёй «песні», сваіх «зыкаў».

Зусім невыпадковыя творчыя перазовы «самага небеларускага» і разам з тым нацыянальна-самабытнага паэта А. Разанава з японскім паэтам Мацуа Басё. Хоку Мацуа Басё ні ў якім разе не «беглыя» экспромты, а найперш глыбокаёмістыя, самасузіральныя мініяцюры з пэўным арнаментальным ушчыльненнем. Паэтычнасць ягоных хоку – у прасвятленні, азарэнні Ісцінай. Гэта найперш кантэкстуальны перазоўны дыялог, праўда, пры ўдзеле маўклівых прысутных. Больш за тое, гэта спасціжэнне зусім іншай сістэмы вобразаў, ладу мыслення і ўяўленняў, эмацыянальнага напружання, паэтыкі – усяго нацыянальна-адметнага адпаведна кожнай літаратуры. Так, у адрозненне ад еўрапейскай літаратуры, японцы аддаюць даніну менавіта лірычнай паэзіі, у строгім сюжэце бачаць пячатку вульгарнасці, а імправізацыю расцэньваюць як само сабою зразумелае, а не нейкі асобны дар. Або, як прамаўляе старажытная японская прыказка: нявыказаныя словы гэта кветкі цішыні. Бо сузіранне прыгожага як нечага адзіна дадзенага, свяшчэннага і яго штрыхавая фіксацыя – святая справа японца. Мудрасць старажытнага Усходу патанае ў разанаўскіх перастварэннях-перакладах хоку японскага паэта Мацуа Басё.

Беларусь мяне збеларушвае, так пранікнёна сказаў аднойчы ўкраінскі паэт Мікола Братан. Так панавіта і вылучна па-беларуску мог бы сказаць пра сябе і неўтаймаваны беларускі паэт Рыгор Барадулін, які пераклаў творы 30-ці рознамоўных паэтаў пра Беларусь і сэнсава-змястоўна ўклаў словы любові ў кнігу пад слаўнай вокладкай «Беларусь мяне збеларушвае» [11]. Р. Барадулін – арыгінальны перакладчык-інтэрпрэтатар. Ягоныя творы перакладзеныя як не на 40 моў свету, сам пераклаў з 37 моў свету. Аднак наўрад ці зайздросная роля кожнага ахвярніка-перакладчыка барадулінскіх твораў. Бо самабытны барадулінскі талент ведае цвёрдую цану крэўнаму беларускаму слову, з паганскай багавейлівасцю вяртае яму спаконвечнае. Так, быць беларусам, пакуль вакол, па-барадулінску кажучы, азёрна, борна, гойна, пакуль над вачыма неба, ад жаўранкаў ажаўранелае. Але якім чынам перакладчыку можна эстэтычна поўна перадаць, а галоўнае – успрыняць іншамоўнаму чытачу перакладзеную барадулінскую квяцістую метафару?.. Цяжка ўявіць у эквівалентным перакладзе паэтаву ўстойлівую генітыўную метафару («сонцакрылы жаўранак кахання», «змяркання маразявае віно», «попел вякоў» і інш.). Для іншамоўнага перакладчыка ўнікальнымі выглядаюць і барадулінскія Псалмы, не ўпрыгожаныя ўрачыстай стараславянскай лексікай, а менавіта насычаныя беларускімі рэаліямі (удзячнасць за араллю і пушчу; шанаванне свайго Бога; гонар за славутую памяркоўнасць і інш.), дзе спалучаецца нацыянальнае і агульначалавечае, дзе палоняць выключна беларускія філасофска-лірычныя радкі з афарыстычнай падсветкай: «Чалавека Бог кінуў у гэтым свеце». Урэшце, метафара выступае ў самога «караля метафары» як нацыянальна-культурны кампанент.

Творчы крэўнік Р. Барадуліна У. Караткевіч пакінуў адзін з запаветаў пра сваю, Богам дадзеную беларусам зямлю, бо яна –«прыўкрасная». Заўважна, у разуменні Караткевіча Беларусь – гэта найперш зямля, край, што абцяжарвае спробу адэкватнага перакладу. Паслухаем, як надзвычай прадумана, асэнсавана Караткевіч-публіцыст раскрывае нацыянальную карціну свету праз канцэпт «зямля»: «…перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце …і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі» [12, с. 284], «Ён (вайдэлот. – С.А.) спяваў дзівосныя песні пра подзвігі продкаў, пра каханне і смеласць… апяваў прыгажосць сваёй зямлі» [12, с. 285], «Здалёку я асабліва палюбіў Беларусь і яе людзей. Яна ўяўлялася мне тады па незямному прыўкраснай. Уся зялёная, вільготная, з азёрамі, з народам, з яго пявучай і звонкай мовай, з легендамі і … курганамі…» [12, с. 9], «Бо вакол твая і мая зямля, зямля сяброў і людзей, наша зямля» [12, с. 331]. У сваёй публіцыстыцы У. Караткевіч адшукваў беларускі шлях, каб адрадзіць у суайчыннікаў нацыянальны дух, урэшце, каб ісці праз нацыянальнае да агульначалавечага.

Такім чынам, пераклад люструе тыпалагічнае вывучэнне культур, у прыватнасці, праблемнае, комплекснае вывучэнне сусветнай літаратуры (і – адпаведна – беларускага кантэксту). Нацыянальна-культурны кампанент у мастацкім перакладзе слугуе выяўленню нацыянальнай самасвядомасці, расшыфроўвае дылему сваё/чужое.

 

Спіс літаратуры

1.           Латышев, Л.К. Перевод: теория, практика и методика преподавания: учеб. пособие для студ. перевод. фак. высш. учеб. заведений / Л.К. Латышев, А.Л. Семёнов. – М., 2003.

2.           Гачечиладзе, Г. Художественный перевод и литературные взаимосвязи / Г. Гачечиладзе. – М., 1980.

3.           Лилова, А. Введение в общую теорию перевода: моногр.; перевод с болг. Л.П. Лихачёвой / А. Лилова. – М., 1985.

4.           Бехер, И.Р. О литературе и искусстве / И.Р. Бехер. – М., 1981.

5.           Рагойша, В. Пераклад як нацыяўтваральны фактар / В. Рагойша // Беларусіка = Albaruthenika: Кн. 1 / Рэд. А.Мальдзіс і інш. – Мінск, 1993. – С. 225-230.

6.           Шаблоўская, I.В. Сусветная літаратура ў беларускай прасторы: Рэцэпцыя. Тыпалогія. Кантакты / I.В. Шаблоўская. – Мінск, 2007.

7.           Алексеева И.С. Введение в переводоведение: учеб. пособие для студ. филол. и лингвист. фак. высш. уч. заведений. – СПб.; М., 2004.

8.           Чарота, І. Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння / І. Чарота. – Мінск, 1995.

9.           Багдановіч, М. Поўны збор твораў: у 3 т. / М. Багдановіч. Мінск, 1991. – Т. 1: Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды.

10.      Iвашын, В.У. У кантэксце мастацкіх культур / В.У. Iвашын // Полымя. – 1998. – № 12.

11.      Беларусь мяне збеларушвае. Словы любові: Вершы / Пер. з розных моў Р. Барадуліна. – Мінск, 1993.

12.      Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т. / У. Караткевіч. – Мінск, 1991. – Т. 8. Кн. 2: З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці.