БОГАЎСЛАЎЛЕННЕ МУЗЫКАЙ І СЛОВАМ

17 лютага ў актавай зале Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа адбыўся вечар духоўнай музыкі і паэзіі.

Мерапрыемства было прысвечана святкаванню міжнароднага дня роднай мовы. Таму ў імпрэзе бралі ўдзел гродзенскія паэты, якія ствараюць свае вершы на розных мовах — беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай. Чатыры мовы прагучалі ў вершах са сцэны музычнага каледжа. Чатыры шляхі ад сэрца да Бога пракладзены мастацкім словам. Але прагучала, зачаравала і ўзнясла прысутных яшчэ й пятая — мова музыкі.

Ініцыятарам правядзення канцэрта духоўнага мастацтва ўжоў трэці раз з’явіўся сапраўдны энтузіяст, гродзенскі кампазітар Аляксандр Маркелаў. Маэстра падарыў аўдыторыі з дзясятак пранікнёных лірычныхп’ес уласнага сачынення, якія па-майстэрску выканаў на электрааргане.

Гучанне музычных твораў у нетыповым для музыкі жанры малітвы чаргавалася з дэкламацыяй вершаў. Але ж і яны, духоўныя вершы, нейкай незямной высакамоўнай патэтыкай нагадвалі малітвы. А іх тэмы, балючыя і сёння, як ніколі актуальныя, падказала само жыццё.

Тэмай духоўнасці працята не толькі лірыка, але і ўся творчасць Людмілы Кебіч, беларускай пісьменніцы, вядомай не толькі на Гродзеншчыне, але і ў рэспубліцы. Філасофскім пошукам гармоніі ў сабе і ў навакольным свеце, поўным пакут ды вечных зямных жарсцяў,напоўненыяе вершы. Вобразам Маці Божай і Духа Святога, развагам пра жыццё вечнае, а таксама светлай памяці Яна Паўла ІІ прысвяціла духоўны раздзел сваёй творчасці польская паэтэса з Гродна Крыстына Шэматовіч. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтэса Ала Нікіпорчык выступіла з паэзіяй на беларускай і рускай мовах. Асобна хочацца адзначыць яе верлібры, якія заўсёды не толькі арыгінальныя па форме, але і сваёй медытатыўнай інтанацыяй аказваюць магічнае ўздзеянне на публіку.

Украінскі паэт Рыгор Гармаш распавёў пра цуд: у яго доме заміраточыла ікона. Усё, што з гэтым звязана, а таксама іншыя сюжэты з жыцця ўласнагаі жыцця ў веры Хрыстовайдапамагае асэнсаваць яго духоўная паэзія. Але галоўным матывам творчасцi паэта-ўкраінца па традыцыі застаецца малітва за лёс роднага народа, роднай Украіны.

Трэба дадаць, што вечар духоўнай музыкі і паэзіі атрымаў блаславенне праваслаўнай царквы ад архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. У доказ гэтаму сцэну ўпрыгожваў абраз найсвяцейшай Казанскай Божай Маці, адной з заступніц нашага горада,а побач сімвалам веры й надзеі гарэў вялікі царкоўны зніч.

Чароўныя гукі музыкі, мастацкае слова на чатырох мовах, малітва розных народаў, якія жывуць у спакоі, сталі мовай, да болю зразумелай сэрцам нашых землякоў, не залежна ад веравызнання і палітычных поглядаў. Музыкі ды паэты, творцы і просты люд — безабаронныя перад лёсам, адзіныя перад Богам у сваіх пошуках і марах, сёння мы ўсе —яго дзеці, разам славім і ўскладаем на боскую волю свае самыя запаветныя спадзяванні.

Прэс-служба СПБ-Гродна

На здымках:

 

1— заступніца Гродна, ікона найсвяцейшай Казанскай Божай маці.

2 — удзельнікі вечарыны злева направа: Ала Нікіпорчык, Крыстына Шэматовіч, Аляксандр 

 Маркелаў, Людміла Кебіч, Рыгор Гармаш.

3 — пад час вечару духоўнай музыкі і паэзіі. Гродна, 17 лютага 2015 года.