Cеминар

 

«Литературная критика на современном этапе: социокультурная функция».

 

Гродно. 25-26 февраля 2016 года.

______________________________________________________________________

 

І.В. САВЕРЧАНКА


ЗДАБЫТКІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

Для беларускага прыгожага пісьменства апошняга часу характэрны ўніверсальны сінтэз разнастайных філасофска-эстэтычных плыняў, максімальна шырокі ідэйна-тэматычны дыяпазон, паглыбленае асэнсаванне шматлікіх праблем – лакальных, нацыянальных і глабальных.

Літаратура ўступіла ў якасна новы перыяд развіцця – эпоху мастацкага Сінкрэтызму, галоўныя парадыгмальныя ўстаноўкі якога – глабалізм, імкненне ацэньваць з’явы і працэсы з агульнацывілізацыйных пазіцый; значнае пераасэнсаванне нацыянальнай гісторыі; актыўны пошук новага героя.

Буйной падзеяй літаратурна-духоўнага жыцця стала з’яўленне рамана Алеся Савіцкага «Пісьмо ў Рай».  Твор таленавітага майстра слова красамоўна засведчыў, што ў новую эпоху нацыянальны эпас не толькі не знік, як прагназавалі скептыкі, але і набыў якасна новыя мадыфікацыі, адпаведныя часу і новым эстэтычным запатрабаванням.

На старонках рамана-споведзі А. Савіцкі глыбока і ўсебакова асэнсаваў трагічны лёс беларускай нацыі падчас вайны і ў пасляваенны перыяд. Пісьменнік асвятліў супярэчлівую і драматычную эпоху, агледзіў ўласнае пражытае жыццё, паказаў лёсы блізкіх яму людзей.

Раман-споведзь «Пісьмо ў Рай» адрозніваецца выключным псіхалагізмам. Ён незвычайна эмацыйянальны, напоўнены людской боллю, роспаччу і невымернай тугой. Пісьменнік шчыра клапоціцца пра лёс новых пакаленняў, імкнецца данесці да іх галоўныя ўрокі, здабытыя ўласнай крывёю. Выдатны майстар слова шчодра дзеліцца з чытачом жыцёвым досведам і набатымі ведамі. Найперш, ён слушна адзначыў, што важнейшы стымул у дзейнасці кожнага чалавека і невычэрпная крыніца яго стваральнай энергіі – вера ў светлы пачатак, духоўныя ідэалы, без якіх чалавек і грамадства не могуць жыць.

Пісьменнік-інтэлектуал разважае над складанасцямі чалавечага лёсу і, урэшце, праходзіць да высновы пра неабходнасць даравання, прымірэння, нават паміж заклятымі ворагамі. Ён выступае супраць фальшу і падману ва ўсіх сферах жыцця – у палітыцы,  у адносінах паміж народамі, паміж сябрамі і каханымі.

Для А. Савіцкага вельмі важна сцвердзіць думку аб тым, што ўрокі трагічнага мінулага ніхто і ніколі не павінен забывацца. Ён спасылаецца на далёкую і найноўшую гісторыю, заклікае людзей быць пільнымі і адказнымі: «Адзін з найгалоўнейшых і горкіх урокаў блізкага і далёкага мінулага знітаваны ў выснове простай і неабвержнай: удзень і ўночы, кожны раз, заўжды, дарагі чалавеча, калі твае рукі цягнуцца да зброі з мэтаю прыдбаць, захапіць, – яны цягнуцца да бяды, якая няўмольна ўзнікае і туліцца ў цябе за плячыма».

Пісьменнік-інтэлектуал прыйшоў да высновы, што галоўная місія людзей на зямлі – рабіць дабро, займацца стваральнай працай, дбаць пра выхаванне дзяцей, клапаціцца пра будучыню. Герой рамана Андрэй Смоліч упэўнена кажа: «На зямлі для чалавека няма нічога найлепшага, як будаваць дамы, сеяць хлеб, гадаваць дзяцей і штодня сустракаць святло новага дня, бачыць сонца ў блакітнай прасторы неба».

Аўтар рамана-споведзі цвёрда верыў у глыбінную мудрасць народа, здольнасць нацыі да мабілізацыі і кансалідавання ў крытычны момант, асабліва ў моманты, калі трэба бараніць краіну і пераадольваць знешнія пагрозы. Пісьменнік пры гэтым цалкам справядліва абураўся тым, што дзяржава не заўсёды абараняе годнасць чалавека, гарантуе законныя правы людзей і эфектыўна вырашае канкрэтныя праблемы, у прыватнасці, такія як выкараненне злачыннасці і крыміналу, усталяванне законнасці і неабходнага грамадскага парадку. А. Савіцкі слушна мяркуе, што бяздзейнасць улады і дзяржавы  пазбаўляюць чалавека галоўнага – веры ў справядлівасць і чалавечнасць, а гэта непазбежна вядзе краіну да дэградацыі і заняпаду.

Пісьменнік стварае  культ сумленнай працы, якая з’яўляецца зарукай поспеху і сапраўднага шчасця. Ён узнёсла піша: «Толькі праца робіць чалавека моцным, загартоўвае, дае сілы ствараць і радавацца, пераконвае ў тым, што небам наканавана яму дарога творцы, а не разбуральніка і знішчальніка». А. Савіцкі клапоціцца аб тым, каб моладзь засвоіла гэтую аксіёму і накіроўвала ўсю сваю энергію на стваральную працу.

Майстар слова выказаў уласную мару пра наступленне шчаслівых дзён на Беларусі, выразна акрэсліў галоўныя ўмовы заможнага і годнага жыцця грамадства і краіны. Паводле яго справядлівага меркавання, надзвычай важна, каб людзі шанавалі родную зямлю, аберагалі ўласную мову, былі верныя запаветам прашчураў: «Дзяржава і людзі шчаслівыя ў ёй толькі тады, калі жыццё іх ідзе пад знакам любові да роднай зямлі, пад знакам людской памяці і вернасці запаветам дзядоў і бацькоў, калі песні матчыны таямнічай крынічкай звіняць над калыскай, калі святыя паняцці – Народ, Вернасць, Бацькаўшчына – не проста гучаць у святочныя дні на вуліцах і плошчах, а штодня жывуць у душы кожнага сумленнага чалавека, і не проста патрэбны, а неабходны яму, як паветра, як вада і сонца».

Мудрасць, веды і досвед продкаў, на думку А. Савіцкага – асноўны стрыжань паўнавартаснага працягу жыцця. Пісьменнік своечасова гаворыць пра неабходнасць шанавання народных святыняў, зберажэння запаветаў бацькоў і дзядоў, павагі да зробленага і створанага імі: «Цяпер ведаю дакладна: калі чалавек не моліцца памяці бацькоў і дзядоў, калі не ахоўвае святыні свайго народа, дык на ягонай дарозе ружы не зацвітуць аніколі». А.Савіцкі ўпэўнены, што чалавек прыходзіць на зямлю з місіяй памножыць прыгажосць гэтага свету, «каб нязводная на зямлі была толькі радасць».

Раман-споведзь Алеся Савіцкага «Пісьмо ў Рай» – вынік шматгадовага роздуму пісьменніка над жыццём, яго духоўны запавет новым пакаленням – зберагаць мір і грамадскі спакой, пры любых абставінах змагацца за праўду і справядлівасць, самааддана служыць Бацькаўшчыне, клапаціцца пра шчасце дзяцей, заўжды заставацца верным свайму народу і роднай зямлі.

Значным мастацкім здабыткам беларускай літаратуры апошняга часу з’яўляецца раман Віктара Праўдзіна «Танцавальны марафон» (2001).  Падзеі твора адбываюцца ў другой палове 90-х мінулага стагоддзя, у надзвычай супярэчлівы і драматычны час. Майстар слова бліскуча выбудаваў дэдэктыўны сюжэт, які дапамог яму аб’ёмна асэнсаваць чалавека і грамадскія працэсы на крутым павароце гісторыі.  Аўтар прадэманстраваў глыбокае веданне жыццёвых рэалій. Ён пры гэтым асэнсоўвае вытокі паводзінаў герояў, выяўляе глыбінныя матывы іх жыццёвай філасофіі і ўчынкаў.

Мастацкімі сродкамі В. Праўдзін паказаў антрапалагічны крызіс, імкненне людзей любым коштам узняцца па сацыяльнай лесвіцы. Вынішчэнне ідэалаў, на думку аўтара, культ грошаў і багацця, непазбежна прывялі да росту злачыннасці, наркаманіі, алкагалізму і іншых антысацыяльных з’яў.

Сцэны рамана напісаны па-майстэрску, з умелым выкарыстаннем мноства мастацкіх дэталяў і віртуознай літаратурнай тэхнікі. Вельмі дакладна і па-мастацку праўдзіва перададзены гутаркі следчых са сведкамі. Асабліва ўражвае бліскуча намаляваная сцэна балю, якой адкрываецца твор.

Выключнае майстэрства аўтар дэманструе пры стварэнні партрэтаў галоўных  герояў. Бізнесовец-міліянер Сідоркін Сцяпан Кузьміч і яго каханка Галіна Віктараўна Александровіч – выключна каларытныя вобразы, тыповыя характары нашага часу.

Заключныя сцэны рамана – выразна сімвалічныя. Пісьменнік праводзіць думку аб тым, што злачынствы ніколі не застануцца не раскрытымі, зло заўсёды будзе пакарана. Аўтар застаецца аптымістам у поглядах на чалавека. Мастацкімі вобразамі ён даводзіць, што гуманістычны пачатак перамагае звярыныя інстынкты. Аўтар верыць у стваральную моц кахання, якое здольна змяніць чалавека да лепшага. На думку майстра слова, настойлівасць і працавітасць заўжды будуць узнагароджаны належным чынам. Мастацкім словам Віктар Праўдзін змагаецца са злом, імкнецца сцвердзіць гуманістычныя ідэалы, абараняе дабро і праўду.

Як бачна, багаты жыццёвы досвед, абазнанасць у побыце людзей розных сацыяльных станаў і рэдкае пісьменніцкае майстэрства дазволілі В.Праўдзіну стварыць буйны сацыяльны раман, які мае выключную грамадскую і эстэтычную каштоўнасць.

Выдатны сучасны празаік Леанід Левановіч парадаваў чытачоў раманам-хронікай «Палыновы вецер» (2009). Упершыню ў нацыянальнай прозе майстар слова мастацкімі сродкамі аб’ёмна паказаў трагічны перыяд жыцця беларускага народа пасля Чарнобыльскай аварыі. Як пісьменнік-рэаліст ён раскрыў маштабы бяды, якая абрынулася на Беларусь разам з Чарнобыльскай катастрофай. Паводле слушнай высновы аўтара, найвялікшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная аварыя парушыла адвечны лад жыцця людзей, нібы страшэнны смерч, прагнала вяскоўцаў з абжытых месцаў.

Дамінантная рыса рамана «Палыновы вецер» – глыбокае мастацкае асэнсаванне важнейшых грамадска-палітычных падзей пераломнага часу. Л. Левановіч уважліва і ўсебакова прааналізаваў часы перабудовы, дэталёва разгледзеў абставіны і акалічнасці абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Вуснамі герояў пісьменнік даў ацэнку розным з’явам і грамадскім дзеячам, выказаў уласнае разуменне складанай логікі гістарычных працэсаў.

Да несумненных заслуг Л. Левановіча належыць мастацкае ўзнаўленне атмасферы грамадскіх дыскусій, якія сталіся сімвалам перабудовы і галоснасці. Ён з гумарам піша пра бясконцыя мітынгі, спрэчкі і сваркі, якія, на яго думку, прыносілі не вельмі шмат карысці. Вуснамі герояў рамана аўтар даў трапныя ацэнкі дзейнасці дэпутатаў-дэмагогаў, якія прагнулі таннай папулярнасці.

Л. Левановіч імкнецца быць гістарычна дакладным. Ён бліскуча выкарыстаў прыём мастацкай паліфініі, які якраз дазволіў яму на старонках твора раскрыць максімальна шырокі спектр меркаванняў і поглядаў, паказаць ўвесь дыяпазон грамадскіх думак, прадставіць розныя жыцёвыя філасофіі і палітычныя меркаванні.

У рамане-хроніцы шмат разважанняў і падагульненняў. Вельмі трапна Л. Левановіч сфармуляваў сутнасць нацыянальнай ідэі, якая, на яго думку, павінна прадугледжваць – дзяржаўны сувернітэт, захаванне духоўна-культурнай самабытнасці і развіццё эканомікі дзеля паляпшэння дабрабыту людзей. Аўтар піша пра нязменнасць прыроды чалавека, яго спрадвечны інстынкт мець сваю гаспадарку, прыватную ўласнасць.

На старонках рамана Л. Левановіч бліскуча асвятліў працэс вяртання гістарычнай памяці і нацыянальнай свядомасці беларусаў. Праз вобраз Пятра Махавікова ён паказаў, як паступова ў сэрцах беларусаў ажывалі патрыятычныя пачуцці і як яны, пасля знаёмства з гістарычнымі працамі і выдатнымі помнікамі нацыянальнай культуры, станавіліся змагарамі за вольную і незалежную Беларусь. Патрыятычныя пачуцці, паводле слушнага меркавання аўтара, натуральная рыса культурнага і адукаванага чалавека.

Раману «Палыновы вецер» ўласцівы глыбокі псіхалагізм. Мастацкімі сродкамі пісьменнік не толькі распавёў пра лёсы людзей, але і паказаў іх унутраныя памкненні, жаданні, трывогі і радасці. Аўтар часта вытлумачвае глыбінныя матывы паводзінаў і ўчынкаў герояў. Вельмі пераканаўча Л. Левановіч змог перадаць душэўны стан людзей, якія засталіся ў Чарнобыльскай зоне.  Героі яго твора – Марына Сахута і яе муж Уладзімір Бравусаў, Пятро Мамута і яго жонка Юзя – насупраць бядзе працягваюць жыць, не губляюць аптымізму, працуюць і радуюцца кожнаму сонечнаму дню. Пісьменнік падкрэсліў асаблівую асалоду позняга кахання. Ён паказаў, як шчырае каханне змяніла Марыну Сахуту, якая ўжо ні на што не спадзявалася, мяркуючы дажываць свой жаночы век у бацькоўскай хаце.

Раман-хроніка «Палыновы вецер» – несумненна буйная з’ява ў літаратурным жыцці краіны. Мастацка-эстэтычныя і ідэйна-філасофскія вартасці твора несумненныя, а яго гісторыка-пазнаваўчае значэнне з часам будзе толькі ўзрастаць.

Надзвычай хуткімі тэмпамі ў наш час развіваюцца малыя жанры –аповесць, навела і апавяданне. Яны належаць да класічных жанраў сусветнай літаратуры з уласнай эстэтыкай і аўтарскай стратэгіяй, накіраванай на канцэнтраваны выклад мастацкай ідэі.

Цыкл яркіх апавяданняў з моцным публіцыстычным пачаткам стварыў Зіновій Прыгодзіч. У творы «Бультэр’еры» пісьменнік выкрывае безгустоўнасць і дзікія норавы, якія пануюць у асяроддзі сучасных «бізнесменаў». Галоўная гераіня апавядання Ірына, якая марыць пра сапраўднае каханне, сутыкаецца з амаральнасцю і пошласцю новых гаспадароў жыцця. Яна не згаджаецца з жывёльным стаўленнем да жанчыны, адкрыта пратэстуе супраць знявагі яе годнасці.

У апавяданні «Грошы» З. Прыгодзіч паказвае адмоўнае ўздзеянне дармовых грошаў на чалавека.  Празмернай меркантыльнасць і прагнасць, на думку пісьменніка, непазбежна вядуць да маральнай дэградацыі і разбурэння асобы.

Апавяданне З. Прыгодзіча «А там будзе бачна…» – гімн чалавеку працы. Станоўчы герой твора – каваль Мікалай Максімавіч Занкавец – настолькі звыкся з любімай справай, што не ўяўляе жыцця без кузні, без штодзённай дапамогі людзям. 

Важны здабытак нацыянальнай літаратуры – аповесць Анатоля Казлова «Паразумецца з ветрам». Мастацкімі сродкамі пісьменнік імкнецца спасцігнуць неспазнаныя грані душы чалавека, вытлумачыць прыроду людскіх жаданняў і памкненняў. Твор напісаны ў форме дыялогаў лірычнага героя з уласным сэрцам, а таксама спрэчак з міфалагічнай жабай-тарцілай. Удала выкарыстаны прыём дыялагізму дазволіў А .Казлову агучыць розныя погляды на чалавека, сфармуляваць супрацьлеглыя ацэнкі паводзінаў і ўчынкаў людзей. Разам з героямі твора аўтар шукае ісціну, нязменна палемізуе, выказвае ўласны погляд на падзеі, што, урэшце, дапамагае яму паўней акрэсліць і глыбей зразумець паводзіны і ўчынкі чалавека ў сучасных жыццёвых рэаліях.

А. Казлоў спрабуе адказаць на спрадвечнае пытанне філасофіі і літаратуры аб вытоках Божага і д’ябальскага ў чалавеку, шчыра імкнецца знайсці сродкі ачышчэння і ўзвышэння асобы: «Ты лепш пакажы, дай зразумець, дзе ў кожнага з нас змяшчаецца часціна Боскага, а дзе пралягае дадзенае Д’яблам. І якія ў іх вагавыя суадносіны?».

Пісьменнік слушна звяртае ўвагу на складанасць чалавечай натуры, нязменнае імкненне чалавека да духоўнага жыцця. Лірычны герой аповесці ўскліквае: «Не жыць эмоцыямі? А як жыць, падкажыце, разумнікі-ўсёведы? Па-скоцку?»  З болем у сэрцы А.Казлоў адзначае зніжэнне градуса духоўнасці ў грамадстве, дамінаванне матэрыяльнага над духоўным, панаванне культу грошаў і багацця. 

Разам з тым, А. Казлоў верыць у перамогу дабра над злом, праўды над хлуснёй. Яго словы часам набываць рысы ўзнесла-гнеўнай пропаведзі: «Хлусня, здрада, падман рана ці позна, а выпаўзаюць на паверхню, на самую макаўку і ў самы нязручны для цябе момант. І ўжо анічога нельга зрабіць, як кажуць, перагуляць па-новаму, бо шахматная партыя скончана, кароль звергнуты, а пешкі з жахам разбегліся… Мо таму і не варта прыпадабняцца бальшыні. Ідзі сваёй дарогай, жыві сваім розумам, не адмаўляйся ад свайго бога, нават калі ён карослівы, пляшывы і са злямчынай барадою. Усё роўна не здраджвай!»

Вельмі дарэчы і па-народнаму мудра ўспрымаюцца словы пісьменніка пра неабходнасць захоўваць спакой у розных жыццёвых абставінах. Яго меркванні і пажаданні карысныя кожнаму: «Трэба спакайней успрымаць усё, што ні робіцца ў жыцці. Падзенні і паразы, удачы і шанцункі, расчараванні і неверагодныя ды нечаканыя здарэнні. Бо жыццё нельга спланаваць, выбудаваць так, каб на ягоным прасцягу не сустракалася ні калдобін з кочкамі, ні заступаў, аб якія абавязкова разаб’еш макаўку». А. Казлоў зусім слушна кажа пра неабходнасць больш уважлівага стаўлення да запаветаў продкаў.

Вуснамі персанажаў аўтар аповесці заклікае чытача смела крочыць па жыцці, ніколі не прыніжацца і нічога не баяцца. З усіх чалавечых заганаў і грахоў А. Казлоў найбольш асуджае хлусню, якая атручвае чалавечую істоту: «Наконт жа хлусні – усё проста. Яна, ваша людская хлусня мае свой пах. Яго не зблытаеш ні з чым, ніводная парфума не згладзіць і не прыхавае пах хлусні».

Пісьменнік справядліва лічыць, што кожны чалавек мусіць часцей зазіраць у сябе, аналізаваць уласныя ўчынкі,  сумленна ацэньваць іх, каб не нарабіць памылак.

Асаблівае месца ў сучаснай нацыянальнай літаратуры займаюць інтэлектуальныя аповесці і апавяданні Андрэя Федарэнкі. У мастацкай форме аўтар асэнсоўвае фундаментальныя пытанні быцця, ключавыя сацыяльныя і грамадскія праблемы нашага часу. У апавяданні «Пеля» мастацка-вобразнымі сродкамі А. Федарэнка даводзіць, што паміж чалавекам і яго роднымі мясцінамі існуе таямнічая, да канца неразгаданая сувязь. Чалавек перажывае і сумуе, калі пакідае месца, дзе ён нарадзіўся.

Пеля (багна) – гэта сімвал радзімы, не надта прывабнай, напоўненай гадзюкамі і смуродам. Але, як аказалася, на справе толькі яна з’яўляецца трывалым шчытом і надзейнай абаронай. Герой апавядання не загінуў, бо яго затрымала Пеля. Ён не змог у час выбрацца з багны, спазніўся на той аўтобус, які трапіў у страшную аўтакатастрофу. Паводле пісьменніка, родная зямля не толькі вабіць і прыцягвае чалавека, але і абараняе яго праз усё жыццё, выратоўвае ад выпадковай згубы, служыць зарукай выжывання.

Такім чынам, кожны выдатны літаратурны твор, створаны таленавітым майстрам мастацкага слова,  утрымлівае велізарную духоўную энергію, якая выключна неабходна чалавеку і ўсяму грамадству для стваральнай працы і руху наперад.