МАДЭЛЬ “МАЛАДОЙ БЕЛАРУСІ”

Ў ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ ЯНКІ КУПАЛЫ

(ДА 100-ГОДДЗЯ  АРТЫКУЛА  “МОЛАДЗЬ ІДЗЕ!” (1919))

 

Сто гадоў таму Янка Купала прагназаваў шляхі стварэння новага нацыянальнага мастацтва, якое ўвабрала б у сябе ідэю самастойнага гістарычнага шляху і культурна-духоўную кансалідацыю нацыі. Клопат прарока-месіі ўзяў на сябе беларускі класік, названы “прарокам беларускага Адраджэння” на пач. ХХ ст. (А. Луцкевіч) і напрыканцы ХХ ст – “бацькам нацыі” (В. Рагойша). Творчае, грамадзянскае крэда Купалы-мысляра (лірыка, эпіка, драматурга, публіцыста) ў пошуках Маладой Беларусі, нацыянальнага самавызначэння ўбірае ў сябе сінтэз сфармаваных мадэляў: “самасць” (1905-1907) à “больш самачыннасці” (1918) à “людзьмі звацца” (1905-1907) à “пачэсны пасад” (1912) à “вяселле-разлад” (1912, 1924) à “раскіданае гняздо” (1913) à “тутэйшыя” (1913, 1922) à “паязджане” (1918) à “безназоўнае” (1924) à “сны аб Беларусі” (1924).

 

Варта заўважыць відавочную колазваротнасць мадэляў. Знакавай падаецца і сімвалічная пераходнасць пэўных мадэляў з перыядычнасцю ў 12 гадоў (12=кола à сімвал безвыходнасці, тупіковасці ў Купалавых творах): гэта МАЖОРНА-СЦВЯРДЖАЛЬНАЯ ПАСТУПАЛЬНАСЦЬ (“самасць” (1905-1907) à “людзьмі звацца” (1905-1907) à “пачэсны пасад” (1912) à “больш самачыннасці” (1918)) ці, наадварот, МІНОРНА-ТРАГЕДЫЙНАЯ ПАСТУПАЛЬНАСЦЬ (“тутэйшыя” (1913, 1922) à “паязджане” (1918) à “безназоўнае” (1924) à “сны аб Беларусі” (1924)). Мае месца і ЗАМКНУТАЯ ЛІНЕЙНАСЦЬ (“вяселле-разлад” (1912-1924): напр., у камедыі “Паўлінка” (1912) і паэме “Безназоўнае” (1924) пераклікаюцца ідэйныя матывы “вясельніцы засмучанай з вясёлым жаніхом”). Так, аўтарскае трагедыйнае прадчуванне быцця (Сусветнае зло, Судны дзень) вызначала бунтарскі дух Янкі Купалы, інтэртэкстуальнасць ягонага мыслення (рамантык, сімваліст, мадэрніст), стракатасць кантэкстаў (сацыяльных, ідэалагічных, філасофскіх, этычных, эстэтычных).

 

Бясспрэчна, што вышэйзгаданыя мадэлі ў Купалавай творчасці “ўзрошчаны”, сілкуюцца скразнымі матывамі: матыў “сплачвання доўгу”; матыў самасці-еднасці (“людзьмі звацца”); матыў гаспадарання / валадарнага пасаду (“пачэсны пасад між народамі”); матыў красы (“непасціглай быту красы”, “песні і сілы” з в. “Песня і сіла”) і інш. Без эстэтычнага пачатку-начыння нацыянальная ідэя не бачылася Купалу-мысляру дзейснай, поўнай і споўненай. “Чалавечае вымярэнне” ўбірае ў Купалы і нашаніўскі культ Красы (матыў красы) як найвышэйшага крытэрыю мастацтва.

 

У Купалавым мысленні нацыянальная ідэя паступова пераўвасабляецца ў ідэю нацыянальнай дзяржаўнасці. Дадзеныя мадэлі падкрэслівалі місію Янкі Купалы быць Месіяй, прарокам, будзіцелем, вешчуном.

 

Мадэль гаспадарання, “пачэснага / валадарнага пасаду” Маладой Беларусі відавочна ў дзяржаўным мысленні Янкі Купалы. Большасць публіцыстычных артыкулаў Купалы         1919-20-х гадоў – праграмныя, з праблемамі “адбудовы Беларусі”, яе нацыянальнага і дзяржаўнага самавызначэння (пытанні дзяржаўнага суверэнітэту, эканамічнай і палітычнай незалежнасці, нацыянальнага войска, дзяржаўнага гімна і сцяга, будучыні).

Сярод іх – публіцыстычны артыкул  “Моладзь ідзе!” (1919, 15 лістапада, г. “Беларусь”). У артыкуле досыць характарыстычнымі, канцэптазнаўчымі выглядаюць выразы “светлае, вольнае, чыстае”, “вольнае слова”, “вялікая святая ідэя”, “жывое беларускае слова”, “нацыянальная самабытнасць”, “нацыянальнае беларускае жыццё”, “будаваць сваё роднае, светлае, народнае жыццё”, “беларуская незалежнасць”, “беларуская вёска”, “беларуская душа”, “наша/беларуская моладзь”, “наша справа”, “адбудаванне сваёй незалежнай бацькаўшчыны”, “адбудаванне незалежнасці Беларускай дзяржавы”, “стража беларушчыны” і інш. Нельга не заўважыць вялікай частотнасці ўжывання канцэпта “беларуская/наша/нацыянальная незалежнасць”.

 

Згаданы пералік нацыятворных паняццяў сведчыў пра дыялагічнасць Купалавай публіцыстыкі, дзе аўтар правакуе адрасата да роздуму, аргументацыі, імкнецца зрабіць яго сваім аднадумцам, таленавіта пераконвае чытача ў важнасці разглядаемай праблемы. Згаданае раскрываецца праз расшыфроўку гістарычных фактаў (“Тое, што рабілася ў нас адкрыта ў гады да рэвалюцыі 1917 года, вылілася шырокай хваляй пасля гэтае рэвалюцыі”), і чаканую дальнабачнасць перспектыў (“наша моладзь пачынае сама па сабебудаваць сваё роднае, светлае, народнае жыццё”).

 

Відавочна, для для Купалы-публіцыста не столькі важна было выказаць сябе, колькі пераважала жаданне актуалізаваць канкрэтнага адрасата – “нашу беларускую моладзь”, што акрэслівала супольнасць грамады. Таму так шырока выкарыстоўвае Купала-прамоўца разнастайныя рытарычныя фігуры. Напрыклад, рытарычныя сцвярджальныя звароты (“Чэсць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з-пад беларускай саломеннай стрэхі!”, “Так, сябры, гэта вялікая праява!”) ці рытарычныя паўторы са сцвярджальнымі сказамі: “Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!”, “Беларуская моладзь ідзе!”.

 

Купалаўскі адраджэнскі ідэал Маладой Беларусі, нацыянальнага самавызначэння агучаны праз кульмінацыйнае заключна-праграмнае сцвярджэнне “самасці”, “самачыннасці”: “Адбудаванне незалежнасці Беларускай дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. …Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і святлейшую будучыну”.

 

Майстэрства Купалы-публіцыста відавочна і ў паслядоўнай сістэме аргументаваных фактаў (“кожнае жывое беларускае слова расійскі ўрад лічыў праступствм”), аналітычнай напоўненасці (“беларуская газета “Наша ніва” – “гэта праца лепшых беларускіх людзей над падняццем свае роднае культуры”), экспрэсіўнай эмацыянальнасці аўтарскага маналога (“Беларуская душа, як бачым, – жывучая, творчая, як яе ні заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца”) і, безумоўна, яснасці аўтарскай пазіцыі (“Мы жывём і будзем жыць, бо з намі і беларуская вёска”, “Набок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу!” і інш.).

 

Дадзены артыкул Я. Купалы “Моладзь ідзе!” (1919) мае пераклічку і з ранейшым па часе напісання т.зв. “нашаніўскім” купалавым вершам “Моладзі” (1914), дзе ўскладзены пачэсны спадзеў на беларускую моладзь “адбудаваць… святлейшую будучыну”:

 

Схамянайся ж ты, моладзь арліна!

Ў бок другі віхры веяць прымусь,

Бяры светач, ідзі за судзьбінай,

Ідзі з словам святым: Беларусь!

 

Заўважым, “мілай моладзі, слаўнай моладзі / нашай бязмежнай краіны” Янка Купала прысвеціць верш “Наша моладзь” (1938), праўда, ужо іншай, пафасна-хвалебнай, танальнасці, чаго вымагаў сам фармат часу:

 

Вёсны прыходзяць, вёсны адходзяць,

Моладзь красуе заўсёды,

Слаўная вечна ў вечным народзе,

Славу будуе з народам.

 

Сваю славу заслугоўвае і наша, універсітэцкая студэнцкая моладзь, дзе кожны купалавец імкнецца апраўдаць вядомыя радкі з Гімна купалаўскай ALMA MATER:

 

Дык чакай нас, родная дзяржава!

Нам твой лёс ствараць і будаваць

І пад светлым іменем Купалы

Нам прэстыж навукі падымаць.

 

Бо доляй паслана Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту насіць імя Янкі Купалы – аднаго са шляхетных беларускіх паэтаў, а значыць сцвярджаць і памнажаць шляхетны дух самой Беларусі.

 

Такім чынам, мадэль Маладой Беларусі ў Купалавай публіцыстыцы выглядае культавай (з вектарным прагнозам на беларускую моладзь) і слугуе таму, каб сапраўды ацэньваць Беларусь-дзяржаву і яе нацынальную літаратуру “меркай еўрапейскай”.

 

А.Э.Сабуць,

кандыдат філалагічных навук,

дацэнт, дацэнт кафедры беларускай філалогіі

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі