М.М. Пракопчык,

 настаўнік рускай мовы і літаратуры

ДУА “Сярэдняя школа №28 г. Гродна”,

С.М. Рошчын, вучань 10 “А” класа

 

ФУНКЦЫІ АДЗЕННЯ Ў МАСТАЦКІМ СВЕЦЕ

АПАВЯДАННЯЎ ВЯЧАСЛАВА АДАМЧЫКА

(на пракладзе зб. «Дзікі голуб», «Дзень ранняй восені»)

 

Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык (1933-2001) – адзін з выдатных  пісьменнікаў Беларусі ХХ стагоддзя, увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як удумлівы і тонкі празаік. Ён належыць да пісьменніцкага пакалення   «шасцідзясятнікаў». Яшчэ ў  самым пачатку свайго творчага шляху пад час дыскусіі пра шляхі развіцця беларускай літаратуры малады аўтар сфармуляваў сваё творчае крэда: «Паказаць жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці і шматпланавасці». Вернасць традыцыям рэалізму, адданасць сваім караням, шчырая павага да  «сялянскай цывілізацыі», глыбокае адчуванне трагічнасці і незваротнасці часу вызначылі мастацка-эстэтычныя пошукі В. Адамчыка на ўсё жыццё [3].

Творчасць Вячаслава Адамчыка актыўна даследавалася і даследуецца беларускімі літаратуразнаўцамі (Я. Лецка, Т. Грамадчанка, М.Тычына,  Н. Дамброўская і інш.), дзе ўвага засяроджвалася на вытоках творчасці празаіка, асаблівасцях яго творчай  манеры, адзначалася розніца ў  мастацкім бачанні свету ў ранняй творчасці  і  ў сталыя гады. Аднак мала ўвагі ўдзялялася майстэрству пісьменніка ў паказе побытавага фону, які выяўляецца праз інтэр’ер, адзенне і інш. На жаль, цэласны аналіз ролі касцюма ў мастацкім свеце твораў Вячаслава Адамчыка не праводзіўся, таму шматлікія аспекты семантыкі касцюма як знакавай сістэмы ў творчасці пісьменніка застаюцца нявывучанымі.

Вывучэнне крытычнай літаратуры [5] па праблеме функцыявання адзення ў мастацкім творы дазволіла нам скласці наступную класіфікацыю: культуралагічная (стварэнне каларыту эпохі), характаралагічная (спосаб характарыстыкі персанажаў), сімвалічная.

Вызначаныя функцыі  далёка не вычэрпваюць магчымасці дадзенай мастацкай дэталі, а дыктуюцца матэрыялам разгледжаных намі твораў.

Найчасцей у творах пісьменніка выяўляецца характаралагічная функцыя адзення. Апісанне адзення напрамую звязана з вобразам чалавека. Па знешнім выглядзе можна меркаваць пра яго дабрабыт, род заняткаў, пра яго выхаванне, непасрэдныя густы і звычкі. Кожная згаданая аўтарам дэталь адзення дапаўняе псіхалагічны партрэт героя, дапамагае глыбей зразумець яго.

Часта апісанне знешняга выгляду герояў у апавяданнях Вячаслава Адамчыка падаецца з мэтай ахарактарызаваць адпаведны час і месца дзеяння. Такім чынам пісьменнік, сам ураджэнец Заходняй Беларусі,  перадае каларыт жыцця менавіта гэтай часткі нашай радзімы, указвае на сацыяльныя праблемы, якім  поўнілася жыццё яго суайчыннікаў сярэдзіны  ХХ ст. Праз апісанне  дэталяў касцюма, характэрнага менавіта для жыхароў Заходняй Беларусі, дакладна перадаецца сацыяльны статус герояў, характарызуюцца традыцыі, якіх трымаецца беларускі народ. Так адзенне выконвае культуралагічную функцыю ў мастацкім творы.

         Як паведамляюць этнаграфічныя даведнікі, летам амаль усе сяляне хадзілі басанож. Ніхто не выходзіў на вуліцу без галаўнога ўбору і без пояса, баючыся стаць пасмешышчам для ўсёй вёскі, у той час як прайсці басанож было звычайнай справай. Сяляне  маглі несці абутак на палцы за плячыма, а пры падыходзе да храму пераабуцца [4].

         Пацверджанне гэтаму знаходзім у многіх апавяданнях В. Адамчыка, напрыклад, «Два злоты»: «Бабы ідуць босыя, несучы ў руках туфлі, чаравікі з доўгімі халяўкамі, каб перад самым мястэчкам, сеўшы дзе-небудзь у цяньку пераабуцца» [2, с. 149].

         Вось як апісваецца вечарына, якая заканчваецца танцамі, у апавядані «Кароль Нябожа»: «Але ў хаце не чуліПабраўшыся ў пары, бабы шоргалі босымі нагамі па чорствым гліняным таку; па жоўтых сухаватых лытках матляліся чорныя паркалёвыя спадніцы» [2, с. 35].

         Чалавек застаецца без галаўнога ўбору толькі ў моманты максімальнага ўнутранага ўсхвалявання, узрушанасці, страху: «Туды, пад хату, бегла і Дзікуцёва дачка – вецер сарваў з яе галавы і панёс па полі белую хустку» («Белы голуб», [2, с. 10]). «Марцін быў без шапкі, валасы зліпліся, мусіць, ад крыві, і яна цякла чорнымі рагамі, заліваючы вока» («Белы голуб»,  [2, с. 24]). «Яна не помніць, як асунулася на зямлю і колькі ляжала. Астатняе мільгаціць як у сне: бегла жытам, маладымі картоплямі, згубіўшы недзе хустку, бегла наўпраста ў мястэчка, дзе якраз на грудку на шашы, там яшчэ і цяперака расце бярэзіна, ляжаў ённіцма, раскінуўшы ручкі і яшчэ ўсё трымаючы ў адной тую нямецкую лапатку з кароткім чаранком» («Пагарэльцы», [2, с. 35]).

         Галоўны герой апавядання «Дзікі голуб»Марцін Дзікуць, дзівак, які робіць людзям толькі дабро. Ён любіць сабак, ратуе ад пагібелі дзікага голуба. Але разам з тым ён быў апусклівым чалавекам, гультаём і злодзеем, і гэта прасочваецца ў яго знешнім вобліку: «Едзе на возе, звесіў ногі праз драбінкіадна абута ў хадак, а другая ў бот» [2, с. 30]. «У Марціна не было ні гумна, ні хлява, а толькі хата. І каля хаты ніводнай прысадзіны, толькі гусценькія хвоечкі, што, пэўна, выраслі самі па сабеадтуль кожны раз, падцягваючы порткі, выходзіў Марцін Дзікуць» [2, с. 7]. У вопратцы Марцінавыху дзяцейкідкая беднасць: «Марцінава дачка – мая равесніцатонкае, няспелае дзяўчо, помню, кожан дзень у адной з чырвонымі вылінялымі кветкамі сукенцы. Меншы Марцінаў хлопчык у кароткіх портачках на шлейцы вазіў па сценцы нейкую старую, пагібаную, у белай вапне тачку – аб днішча церлася і вішчала кола» [2, с. 8].

Тэме  дзяцінства, апаленага вайной і страхам, прысвечана апавяданне «Раяль з адламаным вечкам». Пісьменнік досыць выразна размяжоўвае адзенне сялян і інтэлігентаў, жыхароў вёскі і горада.  Таму простых сялянскіх дзяцей вельмі ўразіла настаўніца«высокая пані ў чорным капялюшыку з вуалькаю на вочы, з чорным сакваяжыкам у руцэ, з напудраным носам» [1, с. 118]. Апавядальнік і яго сябар Лёнік у школу пайшлі «абое падстрыжаныя пад нажніцы ў рад, абое босыя, абое ў зрэбных портках, што ламаліся і трашчалі, як бляха» [1, с. 118-119]. «Местачковыя дзеці» выглядалі лепей: «былі сярод іх далікатна прыбраныя, прычасаныя і прыгожыя, як анёлы» [1, с. 119]. Зімой дзеці хадзілі ў лапцях, і над гэтым здзекліва смяяўся цёпла апрануты немец: «Немец у доўгім белым кажусе, у плеценых саламяных чунях на ботах, смеючыся, паказваў на мае і Лёнікавы лапці і клікаў некага фатаграфаваць нас» [1, с. 120].

У аснове апавядання  «Зоня»  трагічны лёс маладога хлопца, гісторыя яго няўдалага кахання, светлага і чыстага, але разбуранага на самым пачатку. Апавяданне вядзецца ад першай асобы, і апісанне знешняга выгляду каханай дзяўчыны прасякнута шчырым захапленнем, пяшчотай, што падкрэсліваецца ўжываннем у намінантах адзення суфіксаў з памяншальна-ласкальным значэннем: «На ёй была чорная спаднічка, чырвоная кофтачка з кароткімі рукавамі, з белымі канцікамі, з белым каўнерыкам. І гэты не надта модны ўбор, простая паркалёвая кофтачка, так прылягала да яе стану!..» [2, с. 11].

Да Зоні заляцаецца Васіль, які амаль удвая старэйшы за яе. Недарэчнасць гэтай сітуацыі падкрэсліваецца праз неадпаведнасці ў партрэце багатага кавалера: «Я прыгледзеўся да яго носа. Праўду кажуць: каб зачапіўся за парог ды на нос не абапёрся, то пэўна ўпаў бы. Да кавалера не прыставаў дарагі касцюм, на галаве высыпаліся валасы» [2, с. 10]. Неадпаведнасць адзення і аблічча спрыяе ўзмацненню матыву недарэчнасці і разам з тым агрэсіўнасці гэтага персанажа, які быў асабліва непрымальны для аўтара.

         Некаторыя дэталі-рэчы, згаданыя ў змесце апавяданняў В. Адамчыка, часам набываюць сімвалічны сэнс, і вакол іх можа будавацца сюжэт. Валодаючы даволі шырокім дыяпазонам змястоўных функцый, рэчы ўключаюцца ў мастацкія тэксты па-рознаму. Часцей за ўсё яны эпізадычныя, прысутнічаюць у не надта шматлікіх эпізодах тэксту, нярэдка даюцца мімаходзь, як бы паміж іншым. Але часам вобразы рэчаў вылучаюцца на авансцэну і становяцца цэнтральным звяном слоўнай тканіны твора. Так выяўляецца сімвалічная функцыя адзення ў апавяданнях В. Адамчыка.

Важным і сімвалічным знакам жорсткасці Клемуса Войны («Дзікі голуб») з’яўляецца бізун  – найбольш частотная дэталь яго вобраза.

«Аднаго разу, калі мая карова сцягнула з яго мэндля сноп-шапку, невядома адкуль узяўся гаспадар, трымаючы ў руцэ бізун з чорным плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі. Я гэта ўбачыў потым, а спярша ўчуў, як нешта раптоўна, нібы лінулі кіпятку, апякло маю шыю, потым плячо – на ім нешта з тыдзень не сходзіла» [2, с. 9]. «На калодзе сярод хаты сядзеў Клемус Война – сагнуўшыся, раскарачыўшы высокія калені… У яго апечанай, з белымі лішаямі руцэ я ўбачыў бізун – той самы, з плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі» [2, с. 11-12]. 

Бізун робіццца часткаю «ролі» героя, надае Клемусу вагу ва ўласных вачах, але нездарма «Клемуса Войну недалюблівалі ўсе» [2, с. 9], баяўся хлопчык-апавядальнік: пазней менавіта Клемус, западозрыўшы суседа ў крадзяжы, нанёс яму смяротныя ўдары па галаве жалезным прэнтам, і той сканаў дома, сцякаючы крывёю. Без бацькі засталіся малалетнія хлопчык і дзяўчынка. Разам са смерцю Дзікуця ў памяці героя-апавядальніка ўсплывае і крыху пазнейшае, тое, як згаладнелы без гаспадара Марцінаў сабака разарваў ягнё, а яго дошкай па галаве біў раз’юшаны Клемус Война, які вырастае да сімвала жыццененавісніка, знішчальніка ўсяго жывога, у чым ён бачыць небяспеку для сябе і набытага праўдай і няпраўдай багацця.

Асобую сюжэтастваральную функцыю выконвае адзенне ў апавяданні «Маці». У аснове выявы касцюма гераіні знаходзіцца прынцып неадпаведнасці: знешні выгляд жанчыны спачатку выклікае ў апавядальніка непрыемныя эмоцыі, але потым яны змяняюцца на супрацьлеглыя. «На кабеце сядзеў трохі выцвілы сіні бушлат з жоўтымі бляшанымі гузікамі, а на галаве была суконная хустка, закручаная тоўстым рагом кругом шыі… Палец адзін у яе быў заверчаны белым лапікам, усё роўна як парэзаны сярпом на жніве… Я, узіраючыся на гэты твар, думаў, што яна многа і даўно п’е, пэўна, брыдка лаецца» [2, с. 188].

Вакол апісання адзення і знешняга выгляду жанчыны будуецца сюжэт апавядання і робіцца ідэяй, канцэпцыяй. Апавядальнік думаў, што на прапанову кантралёра паказаць талон за праезд, кабета пачне лаяцца, але «голас у кабеты быў маладжавы, мяккі, сакаўны, і было нешта ласкавае, зычлівае ў гэтым голасе. І ён быў таксама падобны да голасу маёй мацеры» [2, с. 189]. І вось «узіраючыся на кабету ў выцвілым сінім бушлаце з жоўтымі бляшанымі гузікамі, на яе твар, мне пачало здавацца, што гэты непрыгожы, трохі пляскаты твар раптам змяніўся, бо мне помніўся ўсё яе голас, мяккі, ціхі, як голас у мае маці». Неўзабаве гэта кабета ў недарэчным адзенні з «заверчаным у белы лапік, як парэзаным на жніве, пальцам»  пачынае асацыявацца не толькі з уласнай маці апавядальніка, але і з усімі тымі жанчынамі, у якіх «з вайны не вярнуліся дзеці: іх даўно няма на свеце, а яна ўсё жыве, просячы ў бога смерці» [2, с. 190].

         У апавяданні «На крыжавых дарогах» шапка набывае функцыю самавызначэння героя.  У Дойлы яна часта насоўваецца на вочы і тым самым сімвалізуе яго адыход ад людскіх маральна-этычных нормаў.

«Аблавухая шапка, якую ён, швэндыючыся пры доме, усю зіму не падвязваў, збівалася на вочы, на шыі замест шаліка палатняны ручнік, шэрае суконнае галіфэ на сцёгнах, як у пана войта, падлаплена хромам» [2, с. 53].

         Такія негатыўныя характарыстыкі ў вопратцы персанажа з'яўляюцца знакам недабрабыту не толькі сацыяльнага, але і душэўнага. Герой апантаны ірацыянальным запалам прынесці бліжняму зло і пакуты, і таму данёс паліцыі на сваяка Рыгора Падліпскага і яго паплечніка Алеся Макарчыка, якіх затым «кінулі ў навагрудскую турму» [2, с. 58].

Праведзеныя назіранні дазволілі зрабіць вывад пра тое, што Вячаславу Адамчыку дапамагае стварыць дакладны малюнак жыцця апісанне знешняга выгляду герояў, іх убрання, дастатковую ўвагу ўдзяляе пісьменнік нават асобным дэталям адзення. Так ствараецца адмысловы партрэт героя свайго часу і сваёй эпохі.

Найчасцей у творах  выяўляецца характаралагічная функцыя адзення. Апісанне адзення напрамую звязана з вобразам чалавека. Па знешнім выглядзе можна меркаваць пра яго дабрабыт, род заняткаў, пра яго выхаванне, непасрэдныя густы і звычкі. Кожная згаданая аўтарам дэталь адзення дапаўняе псіхалагічны партрэт героя, дапамагае глыбей зразумець яго.

Часта апісанне знешняга выгляду герояў у апавяданнях Вячаслава Адамчыка падаецца з мэтай ахарактарызаваць адпаведны час і месца дзеяння. Такім чынам пісьменнік, сам ураджэнец Заходняй Беларусі,  перадае каларыт жыцця менавіта гэтай часткі нашай радзімы, указвае на сацыяльныя праблемы, якім  поўнілася жыццё яго суайчыннікаў сярэдзіны  ХХ ст. Праз апісанне  дэталяў касцюма, характэрнага менавіта для жыхароў Заходняй Беларусі, дакладна перадаецца сацыяльны статус герояў, характарызуюцца традыцыі, якіх трымаецца беларускі народ. Так адзенне выконвае культуралагічную функцыю ў мастацкім творы.

Некаторыя дэталі-рэчы, згаданыя ў змесце апавяданняў В.Адамчыка, часам набываюць сімвалічны сэнс, і вакол іх можа будавацца сюжэт. Валодаючы даволі шырокім дыяпазонам змястоўных функцый, рэчы ўключаюцца ў мастацкія тэксты па-рознаму. Часцей за ўсё яны эпізадычныя, прысутнічаюць у не надта шматлікіх эпізодах тэксту, нярэдка даюцца мімаходзь, як бы паміж іншым. Але часам вобразы рэчаў вылучаюцца на авансцэну і становяцца цэнтральным звяном слоўнай тканіны твора. Так выяўляецца сімвалічная функцыя адзення ў апавяданнях В.Адамчыка.

Такім чынам, можна канстатаваць, што багаты фактычны матэрыял,які выкарыстаў В.Адамчык у сваіх творах, «не проста спрыяў стварэнню сапраўды рэалістычнага малюнка вясковага жыцця,  а дапамог аўтару дасягнуць эфекту поўнага пагружэння» ва ўздзеянні на чытача, дазволіў стварыць «магчымасць абагульнення самога тыпу беларускай свядомасці на пэўным этапе гістарычнага існавання народа» [3, с. 355].

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. Адамчык, В. Дзень ранняй восені. Выбраныя апавяданні / В. Адамчык. – Мінск :  Мастацкая літаратура, 1974. – 322 с.

2.  Адамчык, В. Дзікі голуб / В. Адамчык. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1972. – 192 с.

3. Апанасовіч, Н. Г.  Гісторыка-культурныя рэаліі ў рамане В. Адамчыка  «Чужая бацькаўшчына»: [Электронны рэсурс] // http://elib.psu.by/bitstream/ 123456789/19527/1/ Апанасовіч_с354-361.pdf (Дата звароту 12.05.2019).

4. Бялявіна, В. М., Ракава, Л. В. Мужчынскі касцюм на Беларусі / В.М. Бялявіна, Л.В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 303 с.

5. Яцухна, В. І. Тэорыя літаратуры : дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В. І. Яцухна. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2006. — 279 с.

Слоўнік

 дэталяў касцюма і тканіны

Назва

Азначэнне

Апавяданне

В. Адамчыка

буркі

Зімовым абуткам служылі валёнкі з галёшамі, часам самаробныя буркі, пашытыя з праштабнаванага сукна з ватнай пракладкай. Іх насілі з галёшамі або самаробнымі бахіламі з аўтамабільных камер [4, с. 234]. 

«Прыкрасць»

Бурнос

(бурка)

Доўгая мужчынская верхняя вопратка з башлыком, шытая з даматканага валенага сукна, часцей без падкладкі, мела назву «бурка», або «бурнос», і была мадыфікацыяй армяка. Доўгая, амаль да пят вопратка з шырокімі рукавамі ўратоўвала ў халоднае ці дажджлівае надвор’е. На грудзях і па баках рабіліся праразныя кішэні, на спінехлясцік. Селянін апранаў бурку на іншыя адзенні (світку, кажух, паўкажух), каб яны не прамакалі і каб было цяплей. [4, с. 175,].

«Свой чалавек», «Раяль з адламаным вечкам»

 

ватоўка

Кароткая суконная мужчынская або жаночая вопратка прамога крою з клінамі на ваце [4, с. 177]. 

«Прыкрасць»

галіфэ

Шырокія ў бёдрах і вузкія ў каленках штаны [4, с. 137]. 

«Урок арыфметыкі»

камізэлька

Безрукаўка, жылетка, спанцэрка, чулейка [4, с. 134]. 

«Пагарэльцы»

кірзавыя боты

Пашытыя з кірзы; кірзазаменнік скуры: насычаная спецыяльным хімічным рэчывам шматслойная баваўняная тканіна з кручаных нітак [4, с. 228]. 

«Пагарэльцы»

кіцель

Форменная аднабортная куртка са стаячым каўняром [4, с. 137]. 

«Урок арыфметыкі»

марынарка

Тып мужчынскага суконнага пінжака прамога крою, двубортны, з вялікімі накладнымі кішэнямі (часам з праразнымі) [4, с. 178]. 

«Прыкрасць»

паркалёвая кофтачка, паркалёвыя спадніцы, паркалёвая сукенка, хустка

Паркалёвыякі мае адносіны да паркалю; паркальбаваўнянае палатно [4, с. 132]. 

«Зоня»,

«Ліповы цвет», «Там, на хутары»

порткі

Абазначэнне верхніх і ніжніх штаноў [4, с. 111]. 

«Дзікі голуб», «Раяль з адламаным вечкам»

сподняе

Ніжнія мужчынскія штаны і бялізна [4, с. 111]. 

«Зоня»

фрэнч

Суконная куртка ваеннага ўзору з чатырма вялікімі накладнымі кішэнямі [4, с. 137].   

«Прыкрасць»

фуфайка

   У пасляваенны час шырока распаўсюдзілася фуфайка («куфайка», «кухвайка»), якую набывалі ў крамах і якую паўсюдна выкарыстоўвала не толькі сялянскае насельніцтва, але і рабочыя (рамонтнікі, будаўнікі і інш.), не толькі мужчыны, але і жанчыны. Гэта вопратка трымалася ў быце вяскоўцаў да канца XX ст. У цяперашні час яе выцесніла куртка [4, с. 183].

«Млечны шлях»

хадак

Скураныя лапці ў Віленскай і Гродзенскай губерніях называліся «хадакі»; боты, у якіх адрэзаны халявы [4, с. 228]. 

«Дзікі голуб»

чуні

Пяньковыя вяровачныя лапці або драўляны абутак [4, с. 228, 231]. 

«Раяль з адламаным вечкам»