ДА 10-ГОДДЗЯ САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

                    НАПЕРАДЗЕ – ЧАС  СТАЛЕННЯ

Кожны юбілей – гэта падзея, дзякуючы якой хочацца асэнсаваць тое, што за плячыма, усвядоміць здабыткі і хібы, падвынікаваць пэўны часавы адцінак. Дзесяць год прайшло з дня пераўтварэння Саюза пісьменнікаў як творчай арганізацыі. Ці шмат гэта? Можна меркаваць па-рознаму. Але  дзесяць гадоў – гэта першая круглая дата ў жыццядзейнасці нашага Саюза. І  гэта  першая двухзначная лічба, напоўненая штодзённай карпатлівай творчай працай аднадумцаў.

Што паклалі пісьменнікі Гродзенскага абласнога аддзялення ў літаратурную скарбонку Беларусі за гэты час? Чым кіраваліся, і якім прыярытэтам аддавалі перавагу? Сёння накірункі працы нашай арганізацыі дакладныя і ясныя.  Галоўная ўвага заўсёды аддавалася людзям. Магчыма таму сёння многіх гродзенскіх творцаў ведаюць у твар, пазнаюць па стылю, рады бачыць у любой чытацкай аўдыторыі. Самыя патаемныя струны душы кранае паэзія паэтэс Тамары Мазур, Алы Клемянок, Алы Нікіпорчык, Мар’яна Дуксы, Галіны Самойла, Марыі Шаўчонак. Рускамоўных паэтаў  Георгія Кісялёва, Мікалая Сярова, Людмілы Шаўчэнка. У прозе дасягнулі пэўнага майстэрства Ніна Рыбік, Ліна Багданава, Іван Пяшко, Ірына Фамянкова. Вызначыліся ў жанравых і тэматычных накірунках пісьменнікі малодшага пакалення Марыя Цітарчук і Антон Янкоўскі.  Словы мае маюць падставу: творы вышэй названых гродзенскіх мастакоў неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі на абласных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсах. Мы ганарымся тым, што з 2005 года сябры Гродзенскага абласнога аддзялення кожны год атрымліваюць прэстыжную абласную прэмію імя Аляксандра Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года”(12). Шэсць пісьменнікаў аддзялення сталі пераможцамі абласнога конкурса рукаісаў імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Адзинаццаць пісьменнікаў атрымалі дыпломы рэспубліканскага конкурса “Лепшы твор года”, у тым ліку  “Залатога Купідона”. Гонарам з’яўляецца дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая, якая сёлета атрымала Нацыянальную прэмію Рэспублікі Беларусь. Творы Віктара Кудлачова, Таццяны Сучковай, Аліны Сабуць, Ірыны Войтка і іншых уключаны ў беларускія падручнікі. Алена Руцкая і Ірына Фамянкова самі з’яўляюцца аўтарамі метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, студэнтаў і школьнікаў.

Калі аналізаваць больш дасціпна пройдзеныя дзесяць гадоў, дык першыя тры-чатыры з іх былі арганізацыйнымі – гадамі станаўлення. Зараз мы можам гаварыць пра стабільнасць у нашай працы, прыкметы якой у ясным усведамленні задач і мэтаў, напрамкаў дзейнасці арганізацыі, індывідуальны падыход да творчасці кожнага аўтара, свядомая рэалізацыя ідэі саюзнасці і рэгіянальнай адметнасці.

Шмат што адбылося ў нашай літаратурна-творчай і культурна-грамадскай дзейнасці ўпершыню. Адбылося і замацавалася, стала традыцыяй. Так, упершыню за існаванне на Гродзеншчыне пісьменніцкай арганізацыі, мы заснавалі абласны літаратурны конкурс рукапісаў, адрадзілі выданне літаратурных альманахаў і ўжо рыхтуем да выдання №5. Упершыню ініцыявалі і правялі канцэрт твораў гродзенскіх кампазітараў на словы гродзенскіх паэтаў, і ён з’явіўся сапраўднай падзеяй у культурным жыцці горада над Нёманам. У 2011 годзе адбылася першая нарада маладых літаратараў Беларусі і Расіі, падчас якой праводзіліся семінары, круглыя сталы, экскурсіі, майстар-класы з удзелам Сяргея Трахімёнка, Алеся Бадака, Валерыя Казакова, Валянціны Паліканінай. Менавіта наша аддзяленне выйшла з прапановай  да гарадскіх уладаў, устаноў адукацыі і культуры, іншых устаноў горада і правяло ў 2012 годзе акцыю “Вялікае чытанне: чытаем разам паэму Якуба Коласа “Новая зямля.” І прачыталі ўсім горадам, пасля чаго адбыўся вялікі адкрыты ўрок, на якім літаратуразнаўцы падвынікавалі набытыя веды і пачуцці, а ўрыўкі з паэмы былі прачытаны на трох мовах. Упершыню ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці занесена імя пісьменніка – Віктара Кудлачова, імя гэтага вядомага дзіцячага пісьменніка прысвоена  бібліятэцы Гродзенскага гуманітарнага каледжа. У гарадской СШ №3 адкрыты літаратурны пакой-музей “Гродзеншчына літаратурная”, у Лойкаўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна – літаратурны куточак, прысвечаны творчасці Ганны Скаржынскай-Савіцкай.

Папулярызацыі творчасці спрыяюць свядома запланаваныя мерапрыемствы і сустрэчы з чытачамі. У лічбах гэта выглядае прыблізна так: праведзена каля 3000 сустрэч; болш за 2000 публікацый; выдадзена 165 кніг; творы пісьменнікаў надрукаваны ў 18 калектыўных зборніках; адбылося 72 прэзентацыі творчасці і новых кніг; дадзена каля пяцісот кансультацый пачынаючым аўтарам; каля 200 публікацый на розных сайтах; праведзена больш за 30 конкурсаў.  

Прыемна, што з кожным годам месцаў, дзе могуць сустракацца аднадумцы, аматары паэзіі стала больш – у мінулым годзе ў Гродна адкрылася літаратурная кавярня “Тры свечкі”, а са студзеня 2015 года на абласным тэлебачанні стартавалі адразу два праекты: праграма “ЛітАратар” – гэта дакументальныя фільмы пра пісьменнікаў, і “Вершаваныя  імгненні” – невялікія паэтычныя замалёўкі на  вершы гродзенскіх паэтаў. Ноў-хаў з’яўляецца адкрыццё пры аддзяленні дыскусійнага клуба “Словадром”, першае пасяджэнне якога адбудзецца 26 лістапада. Шмат цікавых ідэй рэалізаваліся з прыходам на працу ў штат аддзялення Дзмітрыя Радзівончыка, цікавага паэта, публіцыста, крытыка, які з’яўляецца аўтарам многіх прапаноў і праектаў, артыкулаў на сайце аддзялення. Гэта з яго падачы мы надалі асобую ўвагу незаслужана забытаму жанру грамадзянскай паэзіі, правялі тэматычны вечар “Пад мірным небам Беларусі” і тур па трох раёнах вобласці, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі.  

 Адзін з найвялікшых клопатаў арганізацыі – творчая моладзь. Сёння Раман Жытко, Аліна Паўлоўская, Вікторыя Смолка, Наталля Цвірко выдалі свае першыя кніжкі паэзіі, друкаваліся ў некалькіх часопісах і калектыўных зборніках, перамаглі ў конкурсах рускай паэзіі ў Брэсце і шматлікіх мясцовых. Кірыл Котаў уразіў сваім паэтычным мысленнем нават Лонданскую публіку. А яшчэ наша моладзь з задавальненнем брала ўдзел у закладцы алеі гродзенскіх пісьменнікаў: 28 кастрычніка ў Каложскім парку былі пасаджаны дзесяць сібірскіх кедраў – у гонар 10-годдзя Саюза пісьменнікаў. Спадзяёмся, што моцныя, вынослівыя дрэвы дапамогуць і нам годна прайсці любыя выпрабаванні часу.

Шмат можна расказваць пра набыткі аддзялення, але самае галоўнае, што мы сёння разам робім важную і цікавую справу па ўмацаванні ролі пісьменніка ў грамадстве і ўсведамленні яе нашым грамадствам. Мы відавочна разварушылі  культурную прастору вобласці, разам з абласным аддзяленнем беларускага Саюза мастакоў і мясцовымі кампазітарамі прыцягнулі ўвагу да сучаснай беларускай літаратуры, стваральнікамі якой з’яўляемся, а таксама выяўленчага мастацтва і музыкі. Зразумела, не ўсё прыме і ацэніць прынцыповая спадарыня Кліо,  але ўпэўнена, што варты голас пісьменніка, памножаны рэхам, застанецца.

Нарэшце: гэтае першае дзесяцігоддзе я б параўнала з уверцюрай – уступам да вялікага музычнага твора (оперы, напрыклад) – за якой распачынаецца галоўнае і самае важнае дзейства. А вось ці важкім і значным будзе гэтае дзейства, у нашым выпадку – літаратурнае дзеянне, залежыць ад кожнага з беларускіх пісьменнікаў, ад усведамлення таго, што  гады чароўнага  дзяцінства мінулі, наперадзе – час сталення.   

 

Людміла  КЕБІЧ

ЛіМ № 46 (4846) 20 лістапада 2015 г.